Праграма «Ўсходняе партнэрства» была заснаваная ў 2009 годзе на ўстаноўчым саміце ў Празе. У 2013 годзе на саміце Партнэрства ў Вільні Грузія і Малдова падпісалі з ЭЗ пагадненьне аб асацыяцыі. Пасьля рэвалюцыі 2013-2014 гадоў аналягічнае пагадненьне падпісала і Ўкраіна.
Армэнія выказвае намер падпісаць пагадненьне аб супрацоўніцтве, хаця і зьяўляецца сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу на чале з Расеяй. Азэрбайджан і Беларусь не выказваюць намераў заключыць з ЭЗ падобныя пагадненьні.
Сяброўства ва «Ўсходнім партнэрстве» і пагадненьне аб асацыяцыі не надае краіне статусу кандыдата і нават патэнцыйнага кандыдата на сяброўства ў ЭЗ. Грузія, Малдова і Ўкраіна дамагаюцца, каб у дэклярацыі Рыскага саміту Партнэрства 2015 году быў уключаны пункт аб пэрспэктыве ўступленьня ў ЭЗ для краін-удзельніц Партнэрства.
Турэччына стала кандыдатам у чальцы Эўразьвязу ў 1999 годзе, з 2005 году яна вядзе перамовы аб ўступленьні. Сэрбія набыла статус кандыдата ў 2012 годзе, перамовы пачала ў 2014 годзе, Чарнагорыя стала кандыдатам у 2010 годзе, вядзе перамовы з 2012 году. Макэдонія стала кандыдатам у 2005 годзе, Альбанія — у 2014 годзе, аднак пакуль гэтыя краіны яшчэ не пачалі перамовы з ЭЗ аб уступленьні ў Зьвяз. У студзені 2015 году прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што яго краіну больш не цікавіць пытаньне ўступленьня ў Эўразьвяз.
Босьнія і Герцагавіна, а таксама Косава прызнаюцца патэнцыйнымі кандыдатамі ў ЭЗ. Сёлета Босьнія падпісала з Эўразьвязам пагадненьне аб стабілізацыі і асацыяцыі, якое адкрывае шлях да ўступленьня ў Зьвяз. Такія пагадненьні раней былі заключаныя зь іншымі балканскімі краінамі, 4 зь іх сталі кандыдатамі на ўступленьне (Альбанія, Макэдонія, Сэрбія, Чарнагорыя), Харватыя стала чальцом Зьвязу ў 2013 годзе. Краінам—удзельніцам «Усходняга партнэрства» падпісаньне пагадненьняў аб стабілізацыі і асацыяцыі не прапаноўвалася.
Эўразьвяз мае пагадненьні аб партнэрстве і супрацоўніцтве з Расеяй і цэнтральнаазіяцкімі краінамі — Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркмэністанам і Ўзбэкістанам. Ратыфікацыя аналягічнага пагадненьня зь Беларусьсю была спыненая пасьля правядзеньня ў Беларусі ў 1996 годзе канстытуцыйнага рэфэрэндуму, скрытыкаванага Эўразьвязам. Адсутнасьць базавага пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве зьяўляецца адной з прычынаў адсутнасьці спрошчанага візавага абмену паміж Беларусьсю і ЭЗ.
Напярэдадні саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе публікуем мапу Эўропы, на якой можна бачыць узаемаадносіны краінаў з Эўразьвязам.
Самае папулярнае
1