Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч хоча заблякаваць сайты Tuzin.fm, Радыё Рацыя і АГП


Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

У лісьце зь Міністэрства інфармацыі Беларусі за подпісам міністаркі Ананіч вядзецца пра тое, што ўладальніку сайта Tuzin. fm вынесена папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

«Ліст прыйшоў на рэдакцыйную скрыню нашага парталу з афіцыйнай электроннай скрыні Міністэрства інфармацыі, — піша сайт Tuzin. fm. — У ім даводзіцца са спасылкаю на падпункт 1.2 пункта 1 артыкула 49 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», што ўладальніку рэсурсу Tuzin. fm выносіцца пісьмовае папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

У лісьце таксама зазначана, што за вынясеньне цягам году двух і больш папярэджаньняў, а таксама за невыкананьне патрабаваньняў дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэньняў доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны. За якія канкрэтна парушэньні вынесена папярэджаньне, не пазначана.

Ліст ад Міністэрства інфармацыі Беларусі напісаны па-расейску.

Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

У адказ на гэты ліст кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін даслаў у Міністэрства інфармацыі ўсе зьвесткі, якія просіць прадставіць Лілія Ананіч.

«Наш партал працуе ўжо 12 год і за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасьць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзесяткі грамадзка значных праектаў, сярод якіх „Перазагрузка“, „Апошні золак“, „Тузін. Немаўля“, „Засьпявай. by“. І гэта проста неймаверна — пачуць пасьля гэтага ад чыноўнікаў, што мы шкодзім дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Мы вельмі спадзяемся, што з боку Міністэрства выйшла недарэчнасьць і яна будзе папраўлена ў хуткім часе», — заяўляе з гэтай нагоды Сяргей Будкін.

Аналягічныя лісты ад Міністэрства інфармацыі атрымалі сайты Радыё Рацыя, «Свабодны рэгіён» і АГП.

Усім ім прапануецца прадставіць у ведамства зьвесткі, якія тычацца ўладальніка дадзенага інфармацыйнага рэсурсу, у прыватнасьці назву юрыдычнай асобы альбо прозьвішча, імя, імя па бацьку асобы ўладальніка, а таксама юрыдычны адрас альбо адрас месцажыхарства.

Уладальнікі сайту Tuzin.fm зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай даць канкрэтныя тлумачэньні наконт вынесенага папярэджаньня.

Як паведамілі Эўрарадыё ў прававым адзьдзеле Мінінфармацыі, лісты, якія атрымалі сайты Радыё Рацыя, «Свабодны рэгіён», Tuzin.fm і Аб’яднаная грамадзянская партыя, зьвязаныя з тым, што чыноўнікі складаюць базы ўладальнікаў сайтаў:

«Дакумэнты, атрыманыя сайтамі, не зьяўляюцца папярэджаньнямі. Гэта інфармацыйныя лісты аб недапушчальнасьці парушэньняў заканадаўства. Мы ня можам пакуль назваць вам прычыны таго, чаму іх вырашылі даслаць менавіта ў такія рэдакцыі. Міністэрства інфармацыі цяпер займаецца складаннем базы ўладальнікаў сайтаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG