Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль нагадвае Менску: базавыя каштоўнасьці існуюць ня толькі ў эканоміцы


«Мы цалкам усьведамляем, што глеба для „Ўсходняга партнэрства“ — ня толькі сфэра супольных інтарэсаў, якія мы, безумоўна, маем і хочам рэалізоўваць у галіне эканомікі. Мы маем і прастору каштоўнасьцяў, такіх як дэмакратыя, вяршэнства закону і поўная павага да правоў чалавека», — заявіла сёньня на відэабрыфінгу высокапастаўленая асоба з Эўразьвязу.

Гэты чыноўнік знаходзіўся ў брусэльскай студыі. А журналісты шасьці краін (Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны), што ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства», маглі задаваць яму пытаньні са сваіх сталіц празь відэасувязь.

Пытаньне пра суадносіны паміж эканамічнымі і агульначалавечымі каштоўнасьцямі прагучала зь Менску. Было згадана, як міністар замежных спраў Уладзімер Макей у лютым казаў, што Беларусь зацікаўленая ўдзельнічаць у эканамічных праектах «Усходняга партнэрства», але пры гэтым не сьпяшаецца пачынаць працэсы дэмакратызацыі і свабоды ў Беларусі. Журналісты цікавіліся: ці згодны Брусэль, што дзяржава можа ўдзельнічаць у эканамічных праектах, але адмаўляць пры гэтым эўрапейскія стандарты правоў чалавека?

Поўны адказ з Брусэлю гучаў так:

«Шчыра кажучы, я ня бачыў гэтай цытаты, на якую вы спасылаецеся. Я быў бы рад яе пабачыць.

Але пакуль што мы бачым і ў супрацоўніцтве, ва „Ўсходнім партнэрстве“, і ў нашых непасрэдных размовах з прадстаўнікамі Беларусі выразны намер беларускага ўраду распачаць значную колькасьць розных рэформаў.

Пры гэтым мы цалкам усьведамляем, што глеба для „Ўсходняга партнэрства“ — ня толькі сфэра супольных інтарэсаў, якія мы, безумоўна, маем і хочам рэалізоўваць у галіне эканомікі. Мы маем і прастору каштоўнасьцяў, такіх як дэмакратыя, вяршэнства закону і поўная павага да правоў чалавека».

Гэты ж чыноўнік сёньня заявіў, што Эўразьвяз будзе працягваць супрацоўніцтва з краінамі «Ўсходняга партнэрства», якія ўвайшлі ў Эўразійскі эканамічны саюз. Прычым, паводле ягоных словаў, «Эўразьвяз пастараецца супрацоўнічаць з такімі краінамі ў тых сфэрах, якія яшчэ не ахоплены Эўразійскім эканамічным саюзам, у тым ліку ў галіне інвэстыцыяў».

У якасьці прыкладу суразмоўца журналістаў прывёў Армэнію і паведаміў, што Эўрапейская камісія вырашыла падрыхтаваць рамачнае пагадненьне з Армэніяй, якое ня будзе тычыцца «палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі».

Саміт «Усходняга партнэрства», які пачынаецца ў Рызе, будзе ўжо чацьвёртым па ліку. Дагэтуль улады Беларусі ня кажуць, хто ачоліць афіцыйную дэлегацыю на гэтай імпрэзе.

На першым саміце ў Празе Беларусь прадстаўляў Уладзімер Сямашка, які меў тады статус першага віцэ-прэм’ера ўраду. На другім саміце ў Варшаве Беларусь абмежавалася прадстаўніцтвам тагачаснага амбасадара ў Польшчы Віктара Гайсёнка. На трэцім саміце ў Вільні беларускую дэлегацыю ачольваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG