Сытуацыю ў ахопленым узброеным супрацьстаяньнем Данбасе перад пачаткам перамоваў, якія сёньня пачынаюцца ў Менску, у інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.
Ва ўмовах складанага зьнешнепалітычнага і ўнутрыэканамічнага становішча Расеі Ўладзімер Пуцін будзе спрабаваць стварыць уражаньне стабілізацыі сытуацыі ў Данбасе, каб дабіцца адмены заходніх санкцыяў. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.
Спадар Тымчук кажа, што сёньняшнія перамовы ў Менску — гэта фактычна паўтор менскіх перамоваў, якія адбываліся ў верасьні, таму сэнс новых сустрэч проста незразумелы:
«Галоўныя пытаньні — гэта захаваньне рэжыму прыпыненьня агню, стварэньне буфэрнай зоны і адвод цяжкіх узбраеньняў ад лініі судакрананьня, а таксама абмен ваеннапалоннымі. Найбольш актуальныя пытаньні, якія выносяцца цяпер на разгляд, яны разглядаліся і раней. І нібыта былі дасягнутыя нейкія дамоўленасьці, але яны не выконваліся. У мяне няма падставаў спадзявацца на тое, што цяперашнія дамоўленасьці будуць выкананыя. Я наогул не разумею сэнсу гэтых перамоваў. У нас ёсьць падпісаныя менскія дамоўленасьці ўзору верасьня, ніхто іх не адмяняў, не заяўляў, што яны несапраўдныя — наадварот Расея заўсёды кажа, што гэта вельмі важны фактар у стабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне. Але з боку расейска-тэрарыстычных войскаў яны якраз не выконваюцца. Хто і з чаго ўзяў, што цяперашнія перамовы, якія цалкам дублююць папярэднія, будуць выконвацца?» — задаецца пытаньнем Тымчук.
Але галоўная праблема, на думку Тымчука, у тым, хто будзе гарантаваць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў. Расея адмаўляецца браць на сябе адказнасьць за падзеі ў Данбасе.
«У сытуацыі, калі ўсе выдатна разумеюць, што ўсе рашэньні кіраўніцтва ДНР і ЛНР насамрэч прымаюцца ў Маскве, гэта пазбаўляе менскія дамоўленасьці ўсялякіх гарантыяў выкананьня. У адказ на гэта Ўкраіна, не жадаючы легітымізаваць сэпаратыстаў ДНР і ЛНР, адпраўляе на перамовы людзей зь незразумелымі паўнамоцтвамі — напрыклад, былы прэзыдэнт Леанід Кучма, які не займае ніякіх афіцыйных пасадаў».
Тымчук перакананы, што сёньняшняя сустрэча ў Менску — гэта хутчэй гульня ў перамовы, чым нейкі юрыдычны фармат.
У сытуацыі, калі ўсе выдатна разумеюць, што ўсе рашэньні кіраўніцтва ДНР і ЛНР насамрэч прымаюцца ў Маскве, гэта пазбаўляе менскія дамоўленасьці ўсялякіх гарантыяў выкананьня
«Адзінае, што цяпер можа паўплываць на сытуацыю — гэта двухсэнсоўнае становішча Пуціна ў сувязі з падзеямі ў Данбасе, санкцыямі і агульнай эканамічнай сытуацыяй. То бок, ён цяпер будзе гуляць у нейкае падабенства замірэньня (а мы сёньня сапраўды бачым зьніжэньне колькасьці абстрэлаў, зьніжэньне наступальнай актыўнасьці баевікоў і расейскіх падразьдзяленьняў). Але на мой погляд, гэта робіцца толькі дзеля таго, каб стварыць уражаньне стабілізацыі сытуацыі для Захаду, каб далей лабіраваць адмену ці хаця б зьмякчэньне санкцыяў», — кажа дэпутат Вярхоўнай Рады.
Кажучы ў цэлым пра сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны, Тымчук адзначае, што расейскія жаўнеры сёньня застаюцца ў Данбасе, а расейскае кіраўніцтва адначасова спрабуе стварыць так званую «армію Наваросіі».
«Мы ўжо ня першы тыдзень назіраем, як расейскае кіраўніцтва сутаргава спрабуе паставіць пад адзінае камандаваньне прарасейскія групоўкі ДНР і ЛНР. Калі раней гэта адбывалася пад пагрозай спыненьня забесьпячэньня з Расеі (а ўсім зразумела, што ні адно бандфармаваньне на гэтых тэрыторыях ня можа функцыянаваць без пастаяннай падтрымкі з боку Расейскай Фэдэрацыі), то цяпер мы фіксуем выпадкі, калі ажыцьцяўляецца ціск на асобных верхаводаў гэтых бандфармаваньняў, якія не жадаюць падпарадкоўвацца адзінаму кіраўніцтву, ужо пад пагрозай фізычнага ўзьдзеяньня ажно да ліквідацыі. Але мы не падзяляем аптымізму расейскага кіраўніцтва наконт стварэньня так званай „арміі Наваросіі“, таму што нават калі кіраўнікі гэтых тэрарыстычных груп згаджаюцца працаваць у агульнай абойме, то пачынаецца незадаволенасьць сярод шараговых баевікоў, якія проста не прывыклі да дысцыпліны», — распавядае ён.
Ты ня менш, паводле словаў Тымчука, расейскія падразьдзяленьні спрабуюць наводзіць парадак на гэтых тэрыторыях, спыняць выпадкі марадэрства баевікоў і гвалту ў адносінах да мясцовага насельніцтва.
«Атрымліваецца не заўсёды эфэктыўна. У некаторых населеных пунктах — напрыклад, Антрацыт і Красны Луч — мы назіраем фактычна двоеўладзьдзе. У гэтых населеных пунктах паралельна прэтэндуюць на кантроль над тэрыторыяй расейскія казакі і мясцовыя бандфармаваньні ЛНР. Там прысутнічаюць і расейскія вайскоўцы, але яны ў гэтыя разборкі ня ўмешваюцца — яны прымаюць меры толькі калі пачынаецца фармат узброенага супрацьстаяньня. Магчыма, на фоне гэтых намаганьняў расейцаў ідзе нейкае зьніжэньне таго бязьмежжа, які дзеялася ўсе гэтыя месяцы, але сказаць, што сытуацыя там аптымістычная, нельга», — кажа каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў».
Паводле зьвестак «Інфармацыйнага супраціву», агульная колькасьць расейскіх наёмнікаў і расейскіх вайскоўцаў у Данбасе — прыкладна 15 тысяч чалавек. Зь іх ад 6 да 8 тысяч —рэгулярная армія Расеі. Але дакладна вызначыць, дзе наёмнік, а дзе расейскі вайсковец, не заўсёды атрымліваецца: і тыя, і іншыя экіпіраваныя як мясцовыя байцы ДНР і ЛНР.