Польшча ўспрымае вайсковыя вучэньня ў Гарадзенскай вобласьці выключна як абарончыя. Аб гэтым на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.
Мы сыходзім з таго, што гэта вучэньні выключна абарончага характару
«Для нас гэтыя вучэньні маюць характар выключна абарончы. Мы верым, што ў нашых суседзяў менавіта такі падыход. Вядома, тыя выклікі, перад якімі мы ўсталі ў апошнія гады, — я думаю, што Польшча і Беларусь іх лепш за ўсіх разумеюць, бо і вы, і мы маем агульную мяжу і з Украінай, і з Расеяй.
Мы неяк павінны адказаць на гэтыя выклікі. Ня толькі ў пляне таго, каб стабілізаваць сытуацыю, але і быць гатовымі да рознага разьвіцьця падзей. Таму гэта абсалютна зразумела, што адбываюцца вучэньні. Мы абсалютна спакойна ставімся да гэтага. Мы сыходзім з таго, што гэта вучэньні выключна абарончага характару», – заявіў амбасадар Польшчы.
Конрад Паўлік нагадаў, што ў Польшчы ў сваю чаргу адбываюцца вучэньні НАТО Anakonda-2016. Ён падкрэсьліў, што Польшча запрасіла на вучэньні назіральнікаў – у тым ліку з Расеі і Беларусі.
«Мы праводзім гэта ў поўнай адкрытасьці і празрыстасьці. Мы таксама выказваем надзею, што аналягічныя вучэньні ў іншых краінах таксама будуць праводзіцца з захаваньнем такіх стандартаў», – падкрэсьліў ён.
Пра складаныя пытаньні ў двухбаковых адносінах
Кажучы пра праблемныя моманты ў двухбаковых адносінах Беларусі і Польшчы Паўлік адзначыў, што працэс вырашэньня гэтых праблем ня будзе лёгкім:
«Канешне, ня ўсе пытаньні нам верагодна атрымаецца нам вырашыць. Але ўсё роўна мы павінны паспрабаваць хаця ў частцы зь іх знайсьці нейкі кампраміс. Мне здаецца ёсьць некалькі сфэр, у якіх складаных нюансаў больш і рашэньне не будзе выпрацавана адразу. Гэта той жа гістарычных дыялёг, гэта пытаньні польскай нацыянальнай меншасьці, гэта пытаньні зьвязаныя з малым памежным рухам, зь якім мы затрымаліся ўжо 6 гадоў», – заявіў ён.
Паводле слоў амбасадара, вырашэньне гэтых вялікіх пытаньняў зьвязанае з вырашэньнем таксама і шэрагу маленькіх пытаньняў, зь якіх і трэба пачынаць.
«Я лічу, што трэба пачынаць з дэталяў, каб дайсьці да вырашэньня фундамэнтальных пытаньняў», – кажа Паўлік.
Паводле слоў Конрада Паўліка, у пляне ўвядзеньне ў дзеяньне малага памежнага руху Польшча зрабіла ўсё, што была павінна.
«Зь беларускага боку працэс ратыфікацыі прайшоў усе этапы і адзінага чаго нам не хапае – гэта абмену дыпляматычнымі нотамі. Гэта ліст з аднаго і другога боку, і малы памежны рух можа ўступаць у жыцьцё», – адзначыў ён.
Пра «карту паляка»
Конрад Паўлік паведаміў, што апошнія 9 гадоў Польшча выдала грамадзянам Беларусі 75 тысяч «карт палякаў». Прыкладна 13 % уладальнікаў «карты палякаў» фактычна не карыстаюцца ёй. Астатнія пераважна карыстаюцца «картай паляку» з мэтай атрыманьня бесплатных візаў.
«Ня трэба перабольшваць пытаньне «карту палякаў». Гэта быў наш маральны доўг для ўсіх палякаў, якія пражываць на постсавецкай прасторы», – дадаў ён.
Пра будаўніцтва польскай амбасады
«У нас ёсьць участак, ужо пэўныя працы мы зрабілі. Працэдура пабудовы заўсёды складаная», – кажа Паўлік.
Паводле слоў Конрада Паўліка, пабудова новага будынку польскай амбасады – гэта адна з асноўных яго задач на пасадзе амбасадара Польшчы.
«Спадзяюся, што да 2020 года атрымаецца пабудаваць новы будынак амбасады. Гэта, вядома амбыцыёзны плян, таму не лавіце мяне на слове. Але я зраблю ўсё каб у гэтай пэрспэктыве завершыць гэтыя работы», – падкрэсьліў ён.
Пра візы
«З сакавіка пачалі працаваць польскія візавыя цэнтры, якія значна спрасьцілі доступ грамадзян Беларусі да польскіх візаў. Цяпер за польскімі візамі можна зьвяртацца ў 8 візавых цэнтраў. У 2015 годзе было выдадзена амаль 400 тысяч віз. Спадзяюся, што гэтая колькасьць будзе толькі расьці», – сказаў кіраўнік польскай дыпляматычнай місіі.