Вуліцы патрулююць вайскоўцы, увечары забаронена шпацыраваць без дакумэнтаў, а на ўезьдзе ў райцэнтар стаяць блёкпасты, на якіх пільна даглядаюць кожнае аўто. Гэта — не панарама «гарачай кропкі», гэта — Беларусь у мірны час. Карэспандэнт Радыё Свабода наведала мястэчка Вялікая Бераставіца, дзе ў панядзелак пачаліся вучэньні па адпрацоўцы тактыкі антыпартызанскай вайны.
З 13 па 16 чэрвеня ў Бераставіцы адбываецца плянавае камандна-штабное вучэньне сіламі тэрытарыяльнай абароны Гарадзенскай вобласьці пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні Генштаба Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь генэрал-маёра Сяргея Дудко. Пра гэта паведамляе мясцовая «Бераставіцкая газэта». Паводле крыніцы, «галоўнай мэтай вучэньняў зьяўляецца падвышэньне ўзроўню гатоўнасьці і здольнасьці органаў упраўленьня і сілаў тэрытарыяльнай абароны да выкананьня задачаў ва ўмовах абстаноўкі, якая імкліва зьмяняецца». Таксама мясцовае СМІ адзначае: у рамках практычных мерапрыемстваў плянуецца, сярод іншага, адпрацаваць «пытаньне ліквідацыі бандфармаваньняў». Свабода паспрабавала высьветліць, што стаіць за сухімі фармулёўкамі і як адчуваюць сябе беларусы падчас камэнданцкай гадзіны.
«Закон прачытаеце пазьней»
У некалькіх кілямэтрах ад мяжы з Польшчай на трасе заўважаем паварот на Бераставіцу. Яшчэ здалёк можна прыкмеціць бэтонныя блёкпасты з байніцамі, умацаваныя мяшкамі зь пяском. Ля шлягбаўму міліцыянты гутараць з групай вайскоўцаў. Нас спыняе міліцыянт у бронекамізэльцы і загадвае выйсьці з машыны для дагляду, а таксама паказаць пашпарты. На просьбу прадставіць пісьмовы дакумэнт, паводле якога грамадзяне Беларусі ўнутры краіны мусяць праходзіць блёкпост, праваахоўнікі рэагуюць гэтак:
«Міліцыя можа патрабаваць ад вас паказаць пашпарт незалежна ад наяўнасьці блёкпастоў. А цяпер у горадзе вучэньні. Усю заканадаўчую базу пазьней самі прачытаеце ў газэце».
Ніякай пастановы на руках у паставога не аказалася, уласнае пасьведчаньне ён не паказаў. Міліцыянт праверыў багажнік, адчыніў капот і салён машыны, перапісаў зьвесткі і толькі пасьля гэтай працэдуры дазволіў працягнуць шлях. Удзень людзей на галоўнай плошчы было дастаткова шмат. Праўда, большасьць адмаўлялася размаўляць з журналістамі.
«Так, нешта гавораць пра вучэньні, але нас гэта ня тычыцца, мы ня ў курсе», — сьціпла і крыху спужана адказваюць мясцовыя бабулі. Нарэшце сустракаем мужчыну, ад якога і пачулі пра камэнданцкую гадзіну:
«А дзясятай вечара лепей сядзець у хаце — кажуць, могуць штраф даць. Навошта такое робяць — ня ведаю. Мабыць, так трэба? Але вайны баяцца дакладна ня трэба, пакуль за намі Расея... Не фатаграфуйце, калі ласка, а то мяне яшчэ пасадзяць!»
Забароны для насельніцтва выяўляюцца ня толькі ў выглядзе камэнданцкай гадзіны. На дзьвярах кожнай крамы ў Бераставіцы вісіць аб’ява: продаж алькаголю 13-15 чэрвеня абмежаваны з 8 да 24 гадзін.
Насамрэч, купіць любы алькагольны напой амаль немагчыма: у прыватных крамах катэгарычна адмаўляюцца прадаваць нават піва, маўляў, «мы на ваенным становішчы». А ў дзяржаўнай краме прадавачка ўсё ж пагаджаецца, азіраючыся па баках.
Сцэнар для дывэрсантаў
Ля Бераставіцкага райвыканкама — помнік Леніну, пад ім на лавачцы сядзіць дзяўчына. Яна таксама чула пра камэнданцкую гадзіну і нават атрымала адпаведную інструкцыю на працы.
«Нам сказалі шчыльна зачыняць усе вокны, бо чалавек можа ісьці па вуліцы і ўкінуць туды торбу, гэта адбудзецца нечакана, таму мы заўжды мусім быць напагатове».
Такі магчымы сцэнар дзеяньняў умоўных «бандфармаваньняў» прадбачыць вайсковае кіраўніцтва.
У адзіным у Бераставіцы рэстаране афіцыянтка, жонка супрацоўніка РУУС, распавядае:
«Насельніцтву да апошняга моманту не паведамлялі пра вучэньні цэнтралізавана. Я даведалася таму, што муж зьвязаны зь сілавой сфэрай, а да астатніх супрацоўніцаў кавярні даходзілі ўжо нейкія чуткі. Могуць, напрыклад, быццам бы замінаваць будынак».
Сапраўды, падрабязная інфармацыя пра вучэньні зьявілася на сайце «Бераставіцкай газэты» толькі ў дзень іх пачатку. Пра новыя правілы для жыхароў мястэчка там не напісана аніводнага слова.
«Стойце там, дзе вам сказалі»
«Маё стаўленьне — адмоўнае!» — абураецца жанчына ля крамы. Яна ўзгадвае: «Раніцай ехалі праз гэты блёкпост — машыну спыняюць, кажуць выходзіць. Ну я падумала збочыць з дарогі, каб не замінаць руху, а міліцыянт як гаркне:
„Думаць ня трэба, стойце там, дзе вам загадваюць!“ За мной ехаў знаёмы, дык яму перад машынай расьцягнулі стужку з шыпамі, колы праткнулі...»
Іншы жыхар Бераставіцы, мужчына сярэдняга ўзросту, дадае:
«Падаецца, войску няма куды грошы падзець. Дый ад каго абараняцца, хто нападае, якія партызаны? На мой погляд, гэта робіцца, каб не дапусьціць украінскага сцэнару. Ад свайго ж народу абараняюцца. Бо людзі незадаволеныя. Вось я працаваў на хлебакамбінаце, атрымліваў яшчэ пару гадоў таму больш за тры мільёны, а сёлета спачатку плацілі мільён васемсот, а нядаўна ўвогуле скарацілі. Сайт цэнтру занятасьці літаральна ломіцца ад аб’яваў, а прыйдзеш працаўладкоўвацца, яны кажуць, што ім ніхто не патрэбны. Па Бераставіцы хадзілі чуткі, нібыта ў красавіку ў выканкаме сабралі ўсіх дырэктараў прадпрыемстваў і сказалі нікога ня браць на працу».
Пабачыўшы камэру, мужчына хавае твар, адмаўляючыся ад фатаздымку.
«Усё ідзе паводле пляну»
Дзяжурны не прапускае ў Бераставіцкі РУУС, кажа прыходзіць, калі кіроўны склад вернецца з блёкпастоў. Вяртаемся праз хвілінаў сорак, ён у чарговы раз перапісвае пашпартныя зьвесткі і просіць пачакаць, пакуль дамовіцца з кіраўніцтвам на камэнтар. Яшчэ праз хвілінаў дваццаць ён жа тлумачыць:
«На жаль, ніякіх камэнтароў ня будзе. Камандна-штабныя вучэньні праходзяць згодна з плянам, усё ў норме. Больш не магу нічога дадаць».
Такім чынам, афіцыйны камэнтар атрымаць не ўдалося.
Пад вечар людзі на вуліцах пачынаюць сьпяшацца дахаты, а іншыя, наадварот, выходзяць, каб «пабачыць камэнданцкую гадзіну». Некаторыя кажуць, што акрамя праваахоўнікаў, мястэчка патрулююць дружыньнікі, якія маюць права праверыць дакумэнты ці даставіць мінака ў аддзяленьне.
На выезьдзе машыну зноў спыняюць, каб перапісаць прозьвішчы. Мы пакідаем Бераставіцу зь яе трывожнымі блёкпастамі, патрулём і «тактыкай антыпартызанскай вайны».