Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў сустаршыню БХД Паўла Севярынца на 50 базавых велічыняў (10,5 мільёна рублёў) за ўдзел у прадпрымальніцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 22 лютага.
«Ёсьць толькі два словы, якія апісваюць гэты судовы канвэер, — кажа Павал Севярынец, — гэта беззаконьне і абсурд. Пратаколы афармляюць завочна, суд прысылае эсэмэску і лупіць шалёныя грошы за тое, што людзі мірна, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй выходзяць выявіць салідарнасьць з абрабаванымі прадпрымальнікамі. Ну няхай штраф мне як выступоўцу — але за што штрафуюць тых, хто проста прыйшоў пастаяць? А тых, хто ўвогуле ня быў на плошчы — іх за што?!», — сказаў Севярынец у камэнтары прэс-службе БХД.
22 лютага сотні прадпрымальнікаў пратэставалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, абараняючы свае правы. Павал Севярынец стаў адным са стваральнікаў Камітэту выратаваньня прадпрымальніцтва.