Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» профіль спэцпрадстаўніцы Літвы ў беларускіх справах у сацсетцы Х


Аста Андрыяўскене з партрэтам беларускага палітвязьня Яўгена Меркіса на акцыі салідарнасьці ў Вільні
Аста Андрыяўскене з партрэтам беларускага палітвязьня Яўгена Меркіса на акцыі салідарнасьці ў Вільні

Рэжым Лукашэнкі зноў пашырыў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Цяпер дзейныя ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» асабістую старонку Асты Андрыяўскене ў сацыяльнай сетцы Х (колішні Twitter). Андрыяўскене — спэцыяльная прадстаўніца Літвы ў беларускіх справах, пасол у асаблівых даручэньнях МЗС Літвы.

Палітык супрацоўнічае з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, у тым ліку з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Андрыяўскене працуе на адлегласьці, зь Вільні.

У кастрычніку часовая павераная Літвы ў справах Беларусі пісала пра візыт групы эўрапейскіх дыпляматаў у месца масавых расстрэлаў грамадзян савецкім НКВД. У Курапатах дыпляматы ўсклалі кветкі да крыжоў.

Таксама ўлады ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-акаўнт артысткі Сьвятланы Бень (sveta.ben), YouTube-канал «BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS», старонкі ў Х пад назвамі «Шыба», «sandra baby potato», «Treci Dotyk» і старонку «МХД — Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты» ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі».

Намесьнік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч раней адказаў на пытаньне, колькі пазыцый цяпер у Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«На сёньня ў гэты сьпіс уключана 6565 матэрыялаў, прычым хачу падкрэсьліць, што траціна з гэтай колькасьці (каля 2000) у гэты сьпіс былі ўключаны ўжо ў 2024 годзе, за няпоўны год», — сказаў ён.

Цяпер Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў налічвае амаль 1400 старонак. Матэрыялы ў яго дадаюць на падставе судовых рашэньняў і на прапанову розных дзяржаўных органаў. Гэта і зьмесьціва асобных старонак у сеціве, і музыкальныя кампазыцыі, і лёзунгі, і выявы, і іншыя матэрыялы.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG