Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пархоменка: Тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, — гэта таталітарызм


Сяргей Пархоменка
Сяргей Пархоменка

Забойства Барыса Нямцова і нежаданьне ўладаў пакараць злачынцаў стала доказам таго, пуцінская Расея — таталітарная дзяржава, — такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў маскоўскі журналіст і выдавец Сяргей Пархоменка.

Былы віцэ-прэм’ер, адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыс Нямцоў быў забіты на Вялікім Маскварэцкім мосьце ля Крамля амаль год таму — 27 лютага 2015 году. Заказчыкаў злачынства не знайшлі. На думку паплечнікаў палітыка, сьледзтва мэтанакіравана адводзіць ад удару сапраўдных заказчыкаў забойства, якія ўваходзяць у блізкае кола кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

Разважаючы пра тое, як паўплывала на Расею гэтае злачынства, Сяргей Пархоменка перш за ўсё зьвяртае ўвагу на тое, што большасьць насельніцтва краіны ўспрыняла гэтае забойства абыякава.

«Гэтае злачынства стала важным фактам жыцьця не для ўсёй Расеі, а толькі для невялікай яе часткі. На жаль, сёньняшняя Расея — гэта такая краіна, у якой велізарнай колькасьці людзей, дзясяткам мільёнаў, гэтая падзея зусім абыякавая і нават часам невядомая. Само па сабе гэта, пэўна ж, важная характарыстыка сёньняшняй Расеі. Гэта значыць, у сёньняшняй Расеі можна за сто мэтраў ад сымбаля расейскай дзяржаўнасьці расстраляць чалавека, можна пакінуць гэтае злачынства беспакараным, можна дэманстратыўна весьці сьледзтва так, каб не знайсьці заказчыка, каб адразу было відаць, што яго ніхто не шукае — і гэтая падзея ня стала найважнейшым фактарам грамадзкага жыцьця. Вось такая сёньня Расея, і само па сабе гэта важна», — кажа ён.

Што тычыцца неабыякавай часткі расейскага грамадзтва, то для іх гэта стала доказам неэфэктыўнасьці пуцінскай дзяржавы і яе таталітарнай сутнасьці, мяркуе Пархоменка:

Расейскую дзяржаву трэба замяніць на эфэктыўную, бо сёньняшняя расейская дзяржава ня можа і ня хоча выконваць сваю працу

«Гэтае забойства стала доказам таго, што расейская дзяржава ня можа і ня хоча абараняць сёньня ня толькі правы людзей, але і жыцьцё людзей. Для кагосьці гэта стала адкрыцьцём, для кагосьці гэта стала важным пацьвярджэньнем таго, што ён і так ужо падазраваў. Для людзей, якія думаюць пра краіну і яе сёньняшні стан, гэта стала вельмі важным аргумэнтам, важным доказам таго, што яны маюць рацыю. Рацыя заключаецца ў тым, што такую расейскую дзяржаву трэба замяніць на эфэктыўную, бо сёньняшняя расейская дзяржава ня можа і ня хоча выконваць сваю працу», — кажа ён.

Таксама за гэты год у расейскім грамадзтве значна вырасла адчуваньне неабароненасьці чалавечага жыцьця.

«Бо, урэшце, што такое таталітарызм? Таталітарызм — гэта такі лад, для якога чалавечае жыцьцё нічога ня вартае. У гэтага ладу ёсьць шмат розных ідэй, задач і праблем, але пра чалавека ён ня думае, жыцьцё ён не шануе і не захоўвае. Менавіта таму мы называем тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, таталітарызмам. Для мяне гэта відавочны доказ. У гэтым і ёсьць палітычнае значэньне забойства Барыса Нямцова», — кажа журналіст.

Не забойства Нямцова прывяло да ўзмацненьня пазыцый Кадырава, а ўсьведамленьне беспакаранасьці

Існуе меркаваньне, што пасьля забойства Барыса Нямцова ў расейскай дзяржаве значна вырасла палітычная вага кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Але Сяргей Пархоменка лічыць, што тут няма прамой прычынна-выніковай сувязі:

«Не забойства Нямцова прывяло да ўзмацненьня пазыцый Кадырава, а ўсьведамленьне беспакаранасьці і агульнае ўсьведамленьне слабасьці расейскай праваахоўнай сыстэмы. Яе слабасьці і сэрвільнасьці — то бок яе гатоўнасьці служыць начальніку, выконваць указаньні начальніка. У гэтых абставінах любы чалавек са зброяй у руках, любы агрэсар, любы чалавек, які ставіць вышэй за ўсё грубую сілу, апынаецца ў выйгрышным становішчы. Яго акцыі растуць, яго аўтарытэт расьце, бо ўсім вакол зразумела, што гэтай агрэсіі нішто не супрацьстаіць. Сярод такіх людзей быў і Кадыраў. Так што гэта ня нейкая яго спэцыяльная заслуга — гэта канчатковае падзеньне аўтарытэту расейскай дзяржавы, расейскіх спэцслужбаў. Вось гэта сапраўды фактар. А Кадыраў гэтым фактарам проста скарыстаўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG