Частка расейскай палітычнай эліты можа заахвочваць зьяўленьне антыбеларускіх публікацыяў у СМІ, бо лічыць Беларусь штучным дзяржаўным утварэньнем.
Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.
«Доўгія гады расейскія ўлады казалі пра тое, што рана ці позна адбудзецца поўная інтэграцыя Беларусі і Расеі. Цяпер зразумела, што такая інтэграцыя наўрад ці магчымая негвалтоўным шляхам. І відавочна, што значная частка нашай патрыятычнай грамадзкасьці, якая ў свой час узгадала пра акалічнасьці пераходу Крыму пад юрысдыкцыю Ўкраіны, гэтак жа памятае пра Віцебск і Гомель — бо, як вядома, значная частка Беларусі раней уваходзіла ў склад РСФСР. Цяпер пра гэта асабліва не гавораць, але, думаю, так ці інакш, калі ёсьць запыт на імпэрскую ідэю, калі ёсьць запыт на пашырэньне тэрыторыі, калі ёсьць запыт на адраджэньне Расейскай імпэрыі ў больш-менш аўтэнтычным выглядзе, Беларусь нейкай часткай расейскіх нацыяналістаў успрымаецца як штучнае дзяржаўнае ўтварэньне, якое ня мае гісторыі і каранёў. І наагул, лічаць яны, беларусы і расейцы — гэта адзін народ, гэтак жа як расейцы і ўкраінцы», — кажа расейскі палітоляг.
Між тым Калачоў заклікае аддзяляць прапаганду і рыторыку ад канкрэтных дзеяньняў. На ягоную думку, сёньня сувэрэнітэту Беларусі нічога не пагражае. Але беларусам трэба разумець, што на ўзроўні рыторыкі, калі размова будзе заходзіць пра адраджэньне Расейскай імпэрыі, «Беларусь там так ці інакш будзе ўспрымацца як неад’емная частка гістарычнай Расеі».
На думку Калачова, падобныя антыбеларускія публікацыі ў расейскіх СМІ могуць быць вынікам ініцыятывы на месцах або рабіцца з падачы прадстаўнікоў улады.
«З аднаго боку, асобныя нацыяналістычныя групы спрабуюць падладжвацца пад мэйнстрым. Зь іншага боку, я ня думаю, што на сёньня кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі зацікаўленае ў тым, каб сапсаваць адносіны зь Беларусьсю. Але я мяркую, што наша партыя ўлады складаецца з мноства фракцыяў — ёсьць левыя і правыя, ёсьць лібэралы і імпэрцы. Таму нейкая частка расейскай палітычнай эліты можа заахвочваць падобныя публікацыі, зьвязаныя з балючымі для Беларусі пытаньнямі гістарычнасьці вашай дзяржаўнасьці, пытаньнямі адрозьненьняў паміж беларусамі і расейцамі.
У цэлым жа трэба адкрываць канкрэтныя рэсурсы, якія пішуць пра Беларусь як гістарычную частку Расеі, і глядзець, кім яны створаныя і кім фінансуюцца», — дадае расейскі экспэрт.