Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагражалі страйкаваць месяц — выйшлі на працу праз тыдзень


Гандаль на Цэнтральным рынку
Гандаль на Цэнтральным рынку

Пратэставаць на працягу месяца пагражалі індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі, спыніўшы працу на пачатку сакавіка. Аднак ужо цяпер многія зь іх выйшлі на працу, так і не дачакаўшыся зьменаў ва ўказе № 222, які патрабуе мець сэртыфікаты якасьці ды транспартныя дакумэнты на ўсе віды тавараў.

Гандляры найбуйнейшых рынкаў Гомеля спынілі стыхійны страйк празь пяць дзён пасьля яго пачатку. Працавала большасьць прадпрымальнікаў на Прудкоўскім, Цэнтральным, Давыдаўскім і Прывакзальным рынках і сёньня, 11 сакавіка. Выглядае, што дробныя бізнэсоўцы зьмірыліся зь дзеяньнямі ўлады.

Гаворыць прадпрымальніца Алена, якая сёньня таксама працавала на Прудкоўскім рынку:

«Не, не зьмірыліся, бо з гэтым зьмірыцца немагчыма. Выйшлі пакуль да красавіка. Чакаем зьменаў».

Гандляры ўсё яшчэ спадзяюцца на памяркоўнае падвышэньне і адзінага падатку, і падатку на дададзеную вартасьць, якія сёлета й без таго вырасьлі. У іншым разе, кажуць, ня здолеюць прадаць рэшту тавараў:

«Калі нічога ня зьменіцца, ня ведаем, як выжываць: ці то закрывацца, ці то працаваць. Калі ўвядуць яшчэ нейкія падвышальныя каэфіцыенты, то зусім незразумела, як пасьля гэтага жыць. Цяпер чакаем адмены абавязковых сэртыфікатаў, бо іх ня ўсюды можна ўзяць. Дый не на ўсе тавары яны існуюць. Людзі ўжо й так зачыняюцца, багата ўжо вольных месцаў. Пакідалі. Месцаў вольных цяпер мора».

На Прудкоўскім рынку
На Прудкоўскім рынку

Сапраўды, насупраць ралета Алены тры гэткія ж гандлёвыя месцы — зачыненыя. І так у кожнай галерэі. Уладальнікі гэтых пунктаў ад пачатку сакавіка тут не зьяўляліся.

Спадарыня Натальля, у сваю чаргу, кажа, што прадпрымальнікі адважыліся выйсьці на працу, даўшы веры запэўніваньням падаткоўцаў: чапаць іх нібыта ня будуць да ўнясеньня паправак ва ўказ № 222. Гандляры, зрэшты, і бяз новага падвышэньня падаткаў працуюць пераважна на дзяржаву:

«Абяцалі, што нас чапаць ня будуць: маўляў, працуйце пакуль на ранейшых умовах. Падатак сёлета паднялі ўжо на 20 адсоткаў. Цяпер у мяне адзіны падатак і падатак на дададзеную вартасьць — 2 мільёны 600 тысяч. Арэнда — мільён 800 тысяч, фонд сацабароны — яшчэ 800 тысяч. Агулам за месяц набягае 5 мільёнаў 200 тысяч. Пакуль стаім на гэтых умовах. Калі выставяць нейкія новыя ўмовы, таксама пакідаем і сыдзем. Бо нават на хлеб не заробім — працаваць давядзецца толькі на дзяржаву».

Прадпрымальніца Іна з Цэнтральнага рынку заявіла, што на працу многія выйшлі ад безвыходнасьці, на свой страх і рызыку:

«Чакаем, спадзяёмся. Працы ж няма — куды нам ісьці? Можа, месяц гэты яшчэ патрапечамся, а далей — будзе бачна. Дома сядзець не выпадае. На біржу ісьці — там нічога ня сьвеціць. На свой страх і рызыку выйшлі і працуем».

Пустыя месцы на Цэнтральным рынку
Пустыя месцы на Цэнтральным рынку

У размову нечакана ўмешваецца прадпрымальніца зь Пінску. Кажа, што прыехала наведаць унука і адмыслова зайшла на рынак пацікавіцца, што робяць гомельскія прадпрымальнікі пасьля тыднёвага страйку:

«Я прадпрымальніца зь Пінску. Прыехала ў Гомель да ўнука — ён тут вучыцца. Мы ня выйшлі працаваць. У нас на рынку толькі пяць чалавек працуе. І чамусьці на рынку перапісваюць тых, хто працуе. Знаёмая патлумачыла так: указ жа № 222 не адмянілі. А падаткоўцы заклікаюць нас працаваць. Будзе праверка — і прыйдуць там падаткоўцы, фінансавая міліцыя ці АБЭЗ. Новая рэдакцыя закону будзе, напрыклад, 25 сакавіка. А да гэтага чаму мы працуем без дакумэнтаў? Учыняем эканамічнае злачынства! І за гэта будзем адказваць. А падатковай напляваць: мы выйшлі, заплацілі падаткі — і дзякуй богу».

Гандляры на беларускіх рынках і сапраўды трапілі ў няпростую сытуацыю. Указ ніхто не адмяняў, паправак да яго няма. Рэшткі тавараў прадпрымальнікі не рэалізавалі. Ім кажуць пра магчымую даплату падаткаў. Якія яны будуць, ніхто пакуль дакладна ня ведае. Дый ад штрафаў і канфіскацыяў дробныя бізнэсоўцы не застрахаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG