Толькі за апошні год у Менску гучна зачынілася кнігарня выдавецтва «Галіяфы», а на ўратаваньне кнігарні «Логвінаў» зьбіралі грошы па ўсім сьвеце. Але жыхары сотняў беларускіх мястэчак ужо даўно страцілі магчымасьць купляць кнігі ў сваіх гарадах і вёсках.
На сто тысяч беларусаў Міністэрства інфармацыі пакінула адну кнігарню. У Латвіі на адну кнігарню прыпадае 9,3 тысячы чалавек, у Чэхіі — 13 тысяч, у Нямеччыне — 17 тысяч.
Радыё Свабода пагаварыла з тымі, каму па беларускую кнігу трэба ехаць у абласныя цэнтры ці ў Менск. Інакш застаецца толькі чытаць расейскія дэтэктывы і жаночыя раманы ў пасялковых бібліятэках.
Калі зачынілі кнігарні ў мястэчках, ніхто нават не ўзгадаў
На пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, у пераважнай большасьці мястэчак на Гарадзеншчыне яшчэ былі свае кнігарні, — паведамляе карэспандэнт Міхал Карневіч.
Сетка кнігарняў належала да аддзелу гандлю абласной спажывецкай каапэрацыі і была створаная яшчэ ў савецкія часы. Але зь цягам часу кнігарні сталі зачыняцца ў сілу эканамічных прычын — як, зрэшты, і шмат якія іншыя крамы.
Жыхар мястэчка Лунна Мастоўскага раёну спадар Лявон добра памятае кнігарню, якая ў іх была. Памятае нават, што прадавачка была вельмі дасьведчаная. А цяпер у памяшканьнях кнігарні месьціцца гаспадарчая крама, якую, магчыма, таксама неўзабаве перанясуць у іншы будынак.
Спадар Лявон згадвае, што добрыя кнігі былі ў дэфіцыце, але заўсёды можна было туды зайсьці, пагартаць іх і нешта набыць. А вось калі дакладна зачынілася кнігарня — суразмоўца ня памятае. Цяпер, паводле спадара Лявона, вяскоўцы вельмі рэдка набываюць кнігі.
— Я ўжо ня памятаю, калі апошні раз набываў кнігу, хоць вельмі люблю іх набываць. Па-першае, кнігі сталі вельмі дарагія, а па-другое, калі я раней шукаў нейкі цікавы для сябе ў кнігах матэрыял, цяпер гляджу гэта ўсё ў інтэрнэце.
А вось спадарыня Валянціна, жыхарка Лунна, распавядае, што хоць кніг у крамах цяпер не набывае, але карыстаецца пасялковай бібліятэкай. Кажа, што наведнікаў там даволі шмат. Прычым, паводле яе, у бібліятэцы нямала ня толькі школьнікаў, але і сталых людзей.
Але справа ў тым, што беларускіх навінак, таго, што пішуць нашы беларускія пісьменьнікі, там не бывае. І нашых сучасных беларускіх пісьменьнікаў там наагул ня ведаюць
— Мястэчка Лунна заўсёды было даволі інтэлігентнае, таму і пэнсіянэры такія, і цяпер ходзяць у бібліятэку. Але справа ў тым, што беларускіх навінак, таго, што пішуць нашы беларускія пісьменьнікі, там не бывае. І нашых сучасных беларускіх пісьменьнікаў там наагул ня ведаюць. Вось і чытаюць гэтую «расейскую папсу» — жаночыя раманы, дэтэктывы. Ну бо што рабіць — во зімою няма працы, а тэлевізар глядзець убрыдне, то сядзяць і чытаюць.
У мястэчку Парэчча Гарадзенскага раёну таксама была кнігарня. Мясцовая бібліятэкарка, спадарыня Алена, кажа, што хадзіла туды па кніжкі яшчэ ў школьным веку, але ўжо ня памятае, калі зачынілі тую краму. Ня памятаюць пра гэта ў Парэччы і больш сталыя аматары кнігі. Цяпер у будынку кнігарні іншая крама.
Праўда, спадарыня Алена кажа, што чытачоў у Парэччы таксама досыць шмат, і гэта ня толькі вучні мясцовай школы. Любяць кнігу і старыя. А вось людзі сярэдняга веку, паводле спадарыні Алены, ня частыя госьці ў бібліятэцы.
— Хоць цяпер і кажуць, што ў нас інтэрнэт і іншае, а ў нас у бібліятэцы таксама ёсьць і інтэрнэт, і дыскі, але ўсё роўна кніга застаецца кнігай. Дарослыя чытаюць хто што, але чамусьці апошнім часам пачалі чытаць расейскія жаночыя раманы кшталту Батраковай, Шылавай. Нават не глядзяць, што гэта ў нас платная літаратура — 300 рублёў за суткі, усё роўна бяруць нядрэнна. Цікавяцца энцыкляпэдычнымі выданьнямі, пра мэдыцыну. Мы таксама атрымліваем пэрыёдыку — 22 часопісы і газэты. І нават даем дахаты іх чытаць.
Замест кнігарні — «Эўраопт» і прадпрымальнік з расейскім «асартымэнтам»
У гарадку Барань — спадарожніку Воршы — 11 тысяч мясцовых жыхароў засталіся без магчымасьці набыць беларускую кнігу.
Як так сталася, апавядае былы дэпутат Бараньскага гарсавету Віктар Міхасёў:
«Калісьці ў нас была выдатная кнігарня! Яе стварэньне ініцыяваў тагачасны дырэктар нашага заводу „Чырвоны Кастрычнік“, наш ганаровы грамадзянін гораду Багданаў, які сам шмат чытаў і любіў кнігі. Быў інтэлектуал, інтэлігент, для яго адмыслова прывозілі кнігі па мастацтве..Сьпярша гэта была звычайная драўляная хата па Першамайскай вуліцы. Потым, калі будавалі ў Барані новы мікрараён, гэта было каля 1983 году, то адчынілі і новую кнігарню. Годзе ў 2009–10 яе добра адрамантавалі, уклалі ў гэта вялікія грошы. Аднак гэтая кнігарня знаходзілася ў адным будынку з „Эўраоптам“. І памяшканьне выкупілі. Гаспадар „Эўраопта“ здае гандлёвыя плошчы, і тэрытарыяльна там цяпер месьціцца „эўраоптаўская“ аптэка».
Віктар Міхасёў кажа, што жыхары Барані абураліся, патрабавалі, каб адчынілі кнігарню. Бо там можна было набыць і кнігі, і канцылярскія тавары. Аднак да іхнай думкі не прыслухаліся. Быўшы дэпутатам гарсавету, спадар Міхасёў таксама спрабаваў вырашыць пытаньне з кнігарняй. У яго таксама нічога ня выйшла:
«Я ўздымаў гэтае пытаньне на сэсіі. Бо кнігарня была папулярная ў горадзе. Аднак мне адказалі з Аршанскага гарсавету, што ў нас ёсьць прыватны прадпрымальнік, які гандлюе кнігамі, і мы яму даручым.. Такое ўражаньне, што нашы чыноўнікі ў кнігарнях не бываюць і адрозьненьня ня бачаць. Гэта ж розьніца вялікая — калі прадпрымальнік прывозіць кнігі расейскіх выдавецтваў, танныя, ці сшыткі, — а патрабуецца ж і спэцыяльная літаратура, і беларускія выдавецтвы ня маюць магчымасьці рэалізаваць тое, што выдаецца ў Беларусі, беларускія кнігі... Літаратуры па мастацтве няма, гістарычнай літаратуры няма, па яе ў Воршу трэба ехаць, а ў Барані кнігарні няма».
Літаратуры па мастацтве няма, гістарычнай літаратуры няма, па яе ў Воршу трэба ехаць, а ў Барані кнігарні няма
Віктар Міхасёў распавёў і яшчэ адну гісторыю зьнікненьня кнігарні — у суседнім Балбасаве, былым вайсковым гарадку пад Воршай:
«Была кнігарня, яшчэ з савецкіх часоў. Прычым гэта была „Ваенкніга“ — там і мастацкая літаратура прадавалася, і спэцыяльныя выданьні „Воениздата“. Яна існавала да пачатку 2000-х, цяпер там харчовая крама. Пасьля сыходу вайскоўцаў вызвалілася шмат памяшканьняў, паадчыняліся розныя крамы, у тым ліку віцебскіх і аршанскіх прадпрыемстваў. Была кнігарня, а цяпер яе няма».
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Марыя Баравік жыве ў мястэчку Падсьвільле Глыбоцкага раёну. Там таксама няма кнігарні. Як даўно, спадарыня Марыя нават ня можа сказаць дакладна:
«Няма кнігарні. Яна была побач з тэрыторыяй вінзаводу. Ці зьнесьлі яе, ці адгарадзілі, але няма! Ужо колькі гадоў, не зьлічу: калі ня 20, дык больш за 10 пэўна! Тады былі адчынілі нейкі аддзельчык ва ўнівэрмагу. Але там, бывае, і нармальны стрыжань ня купіш! Во мне быў патрэбны чорны, скажам, каб графічнае нешта намаляваць. Дык не было, і давялося ў Глыбокае ехаць. У Глыбокім хоць нешта ёсьць, а тут, у Падсьвільлі, нічога няма!
Марыя Баравік піша вершы. І добра ведае, як праз адсутнасьць кнігарняў літаратурныя творы беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў зь вялікімі цяжкасьцямі трапляюць да чытачоў:
«Хто пачытае тваю кніжку? Ня ведаеш, як яе прэзэнтаваць... Вось у нас ёсьць чалавек, дык ён мяне просіць, калі дзе бываю, каб прывозіла яму кнігі. Сьпісы складае, любіць і беларускую літаратуру, і гістарычную, і фантастыку. А я не заўжды маю, як дапамагчы. У Менску бываю рэдка. У Глыбокае і то цяжка стала трапіць: аўтобусы ходзяць нязручна, маршруты паскарачалі. Дык я тады бягу 2 ці 3 кілямэтры на цягнік. Бывае, што бруд, і цёмна, затое гадзінка — і ўжо ў Глыбокім. А тут, у Падсьвільлі, зусім няма дзе кніжку набыць!»
Так спадарыня Марыя ў свае гады зрабілася кніганошай. Кнігарні няма, а цікаўнасьць да кнігі ў людзей застаецца. Але і яе могуць вынішчыць, як пазачынялі і зруйнавалі кнігарні.
Як жа Міністэрства інфармацыі прапагандуе беларускую кнігу?
Лілія Ананіч у лютым заявіла, што распаўсюдам друкаванай прадукцыі займаюцца 750 установаў.
Тым ня менш «Белкніга», дзякуючы свайму прывілеяванаму статусу, па-ранейшаму застаецца фактычна манапалістам. Цяпер на ўсю краіну яна мае 76 кнігарняў. На беларускую сталіцу прыпадае зь іх 19.
У Віцебскай вобласьці крамаў «Белкнігі» няма ў 17 з 21 раёна. З 14 дзейных кнігарняў палова — у самім Віцебску.
На Гарадзеншчыне з 17 раёнаў у 13 «Белкніга» ня мае кнігарняў.
У Гомельскай вобласьці з насельніцтвам паўтара мільёна чалавек «Белкніга» мае 12 крамаў, зь якіх 9 — у Гомелі. У Берасьцейскай вобласьці (тыя ж амаль паўтара мільёна чалавек) яе кнігарні ёсьць толькі ў трох гарадах — Берасьці, Пінску і Баранавічах.