Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост беспрацоўя як прыкмета крызісу беларускай мадэлі


Апошнім часам у Беларусі адбываецца значнае павелічэньне колькасьці беспрацоўных. У чым прычыны такой зьявы? Ці гатовыя ўлады і грамадзтва да вырашэньня гэтай праблемы? Навошта ў такой сытуацыі ўлады змагаюцца з «дармаедамі» і індывідуальнымі прадпрымальнікамі?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканаміст Сяргей Чалы.

Чаму расьце беспрацоўе?

Валер Карбалевіч: «Беларускія афіцыйныя асобы ўвесь час ганарыліся нізкім беспрацоўем у Беларусі, што павінна было сьведчыць пра перавагу беларускай сацыяльнай мадэлі. Але апошнім часам гэтая сытуацыя мяняецца. Заўважны рост беспрацоўя — новая зьява для Беларусі. За два месяцы новага году колькасьць беспрацоўных вырасла амаль на 12 тысяч чалавек. Гэта толькі афіцыйныя лічбы, то бок гэта колькасьць тых, хто зарэгістраваўся ў службе занятасьці. За год іх колькасьць павялічылася на 54%.

На 1 сакавіка афіцыйна ў Беларусі налічваецца 36 тысяч беспрацоўных. Але гэта вяршыня айсбэрга. І Лукашэнка, і іншыя афіцыйныя асобы, калі абгрунтоўвалі неабходнасьць барацьбы з „дармаедамі“, называлі лічбу 400–500 тысяч тых, хто не працуе. Чаму расьце беспрацоўе?»

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Барыс Жаліба: «Прычына росту беспрацоўя — крызіс, які пачаўся ў Расеі, потым перакінуўся на Беларусь. Пачаліся звальненьні на буйных дзяржпрадпрыемствах. Шмат дзе перайшлі на 3—4-дзённы працоўны тыдзень. Працаўнікоў вымушаюць браць неаплатны адпачынак».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Сяргей Чалы: «Зарэгістраванае беспрацоўе расьце і з прычыны скарачэньняў на шмат якіх прадпрыемствах. І таксама з той прычыны, што шмат грамадзян, якія не працуюць, пачалі рэгістравацца ў службе занятасьці, каб іх не прылічылі да „дармаедаў“.

А ўвогуле беспрацоўе расьце таму, што ўлады дзеля захаваньня макраэканамічнай стабільнасьці ахвяруюць эканамічным ростам. І цяперашняя раўнавага на валютным і грашовым рынках забясьпечваецца тым, што не даюць працаваць імпартэрам, бо тыя павялічваюць попыт на валюту. І ў бізнэсе, які займаецца імпартам, адбываюцца вялікія скарачэньні».

Ці гатовыя ўлады і грамадзтва да вырашэньня праблемы беспрацоўя?

Карбалевіч: «Раней улады забаранялі звальняць працоўных зь дзяржпрадпрыемстваў. Цяпер гэтая забарона зьнятая. За дзевяць месяцаў мінулага году колькасьць работнікаў МАЗа зьменшылася на 10% — гэта 2000 чалавек. З „Гродна-Азоту“ звольнілі 2,4 тысячы работнікаў — пятую частку ўсіх занятых. На 15% — на 1 тысячу працоўных — скараціўся пэрсанал „Магілёўхімвалакна“.

Падаецца, да гэтай новай зьявы не гатовыя ні грамадзтва, ні ўлада. Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі мізэрная. Сыстэма перакваліфікацыі — слабая. Беларускае сацыялістычнае па сьветапоглядзе грамадзтва псыхалягічна не гатовае да гэтай зьявы капіталізму».

Жаліба: «У значнай ступені наша беспрацоўе структурнае. Каля 60% вакансіяў — на малакваліфікаваную рабочую сілу, у асноўным у будаўніцтве. А звальняецца цяпер шмат спэцыялістаў, інжынэраў, эканамістаў, бухгальтараў. Таксама сярод іх шмат жанчын. У зьвязку з крызісам у Расеі адтуль вяртаецца шмат беларускіх гастарбайтэраў.

У сьвеце, акрамя Расеі, сёньня няма эканамічнага крызісу

У гэтай сытуацыі менавіта дробны бізнэс мог бы паглынуць працоўную сілу. Але ўрад праводзіць палітыку ціску на бізнэс. Таксама трэба праводзіць палітыку прыцягненьня замежнага капіталу, які стварыў бы новыя працоўныя месцы. Трэба пазбаўляцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі, шукаць новых партнэраў. Бо ў сьвеце, акрамя Расеі, сёньня няма эканамічнага крызісу».

Чалы: «Не сказаў бы, што гэтая сытуацыя такая ўжо новая. Былі моманты, калі, паводле незалежных ацэнак, беспрацоўе дасягала ў Беларусі 8–9%. З гледзішча пэрспэктываў было б правільна пазбавіцца ад лішняй працоўнай сілы на буйных дзяржпрадпрыемствах. Паводле ацэнак Усясьветнага банку, там да 30% лішніх рабочых рук. І трэба было б садзейнічаць ператоку іх у прыватны сэктар. А ў рэальнасьці адбываецца якраз наадварот. Пад сьцягам сацыяльнай абароны ўлады спрабуюць захаваць занятасьць на тых 106 буйных дзяржпрадпрыемствах, якія ўрад вызначыў як галоўныя для эканомікі. А самыя вялікія звальненьні якраз ідуць у прыватным сэктары».

Карбалевіч: «На буйных дзяржпрадпрыемствах якраз працуе электарат Лукашэнкі. Таму яго і падтрымліваюць. На прыватных прадпрыемствах электарату Лукашэнкі мала, таму можна не шкадаваць».

Навошта ў такой сытуацыі ўлады змагаюцца з «дармаедамі» і індывідуальнымі прадпрымальнікамі?

Карбалевіч: «Што варта было б рабіць уладам у такой няпростай сытуацыі? Найперш — не пагаршаць, не абвастраць праблему. Насамрэч жа ўсё робіцца з дакладнасьцю да наадварот. Напрыклад, кампанія барацьбы з „дармаедамі“ магла б мець хоць нейкі эканамічны сэнс, калі б у краіне быў дэфіцыт рабочых рук. Калі ж расьце беспрацоўе, спроба прымусіць працаваць незанятае насельніцтва ператвараецца ў абсурд.

Ці вось барацьба ўлады з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП). Гэтыя людзі ня толькі забясьпечваюць сябе працай, але трымаюць і найманых работнікаў. А прэзыдэнцкі ўказ № 222 фактычна пазбаўляе іх магчымасьці працаваць, разбурае іхні бізнэс. У выніку ІП папоўняць шэрагі беспрацоўных. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч людзей. Навошта гэта робіцца?»

Жаліба: «Увядзеньне гэтых новых тэхрэглямэнтаў, сэртыфікатаў, якія вядуць да разарэньня ІП, — не да часу. Наадварот, ім трэба даць поўную свабоду. Урад дзейнічае як сьляпы.

Што тычыцца барацьбы з дармаедамі. Большасьць тых, каго залічылі ў дармаеды, насамрэч працуе за мяжой. Эканамічны эфэкт ад гэтай кампаніі будзе мізэрны».

Барацьба з дармаедамі — гэта прыклад максымальнага маразму

Чалы: «Барацьба з дармаедамі — гэта прыклад максымальнага маразму. Мы назіраем, як нібыта „сацыяльна арыентаваная дзяржава“ ператвараецца ў сваю процілегласьць. Сэнс гэтай кампаніі ня ў тым, каб прымусіць непрацуючых працаваць, а ў тым, каб прымусіць гэтых людзей плаціць дзяржаве падушны падатак, як пры фэадалізьме.

Праблема абвастраецца тым, што крызіс у Расеі закрывае беларусам магчымасьць шукаць працу там. Таму трэба рэзка павышаць дапамогу па беспрацоўі, якая сёньня складае сьмешныя прыблізна 10 эўра. Трэба стварыць сыстэму перападрыхтоўкі людзей. Інакш мы можам атрымаць сытуацыю, калі вялікая колькасьць працоўных выпадзе з катэгорыі эканамічна актыўнага насельніцтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG