Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікам прапануюць адкупіцца ад сэртыфікатаў падваеньнем падаткаў


У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася сустрэча чыноўнікаў з прадпрымальнікамі. На ёй бізнэсоўцам паведамілі, што Аляксандар Лукашэнка на гэтым тыдні зьбіраецца падпісаць указ № 222 «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі», у які нібыта ўнесеныя зьмены. Тычацца яны сэртыфікацыі замежных тавараў лёгкай прамысловасьці. Гандляры даводзяць, што дакумэнтаў для сэртыфікацыі ім няма дзе ўзяць.

Ва ўказе нібыта сэртыфікацыю прапануецца замяніць грашовай нагрузкай на прадпрымальнікаў. Яе падвысяць у два разы ад цяперашніх выплат. Бізнэсоўцам давядзецца выкласьці ад 5 мільёнаў рублёў і вышэй за права гандляваць без сэртыфікатаў якасьці:

«Плянуецца, што прадпрымальнікі будуць плаціць падвоены адзіны падатак і чатырохкротны падатак на дададзеную вартасьць. Прадпрымальнікі на сустрэчы сказалі, што яны ня супраць гэтага», — паведаміла адна з удзельніц сустрэчы.

Паводле суразмоўніцы, у сустрэчы ўдзельнічалі каля двух дзясяткаў прадпрымальнікаў. У адрозьненьне ад папярэдніх дзьвюх, гэтая сустрэча была больш прыязная.

Гандляры з рынкаў тым часам не сьпяшаюцца радавацца прапанаваным зьменам. Кажуць, што трэба дачакацца спачатку ўказу. Тое, што сэртыфікацыю замяняць грашыма, для прадпрымальнікаў ня стала неспадзяванкай. Кажуць, падобнага чакалі. Гандляры зазначаюць: «Пытаньне — дзе ўзяць грошы на тыя падаткі».

«Калі б добры быў гандаль, то ў гэтым не было б праблемы. Цяпер жа пакупніцкая здольнасьць у людзей упала ў разы. Многія прадпрымальнікі і так зьбіраліся зачыняцца і бяз тых патрабаваньняў. Будуць скарачацца гандлёвыя пункты», — даводзіць адзін з прадпрымальнікаў.

«Плаціць жа трэба ня толькі гэтыя падаткі, але і іншыя, якія пастаянна растуць. Дзе на гэта грошы ўзяць? Там жа такія паборы. Гэта будзе непасільная ноша. Баюся, што папоўніцца армія беспрацоўных. Многія зьбіраюцца адмаўляцца ад прадаўцоў і скарачацца. Тыя, хто прыдумаў гэтую сэртыфікацыю, пра людзей ня думалі».

Да першага сакавіка прадпрымальнікам дазвалялася прадаваць лішкі тавараў без сэртыфікатаў. Напярэдадні значная частка гандляроў ня выйшла на працу, такім чынам выказаўшы пратэст супраць увядзеньня ўказу № 222. Прадпрымальнікі заяўлялі, што выканаць патрабаваньні ўказу ня могуць. Яго ўвядзеньне адтэрмінавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG