На чарговы матч Кантынэнтальнай хакейнай лігі — «Дынама-Менск» супраць «Слована-Браціславы» — група заўзятараў прыйшла ў цішотках з «Пагоняй», нягледзячы на ранейшыя затрыманьні, магчыма, зьвязаныя з нацыянальнай сымболікай.
Здымак пяцёх хлопцаў у цішотках з «Пагоняй» выклаў у сваім твітэры блогер Арцём Данільчык, вядомы ў сацсетцы пад нікам «Хлопец у шортах». Да фота ён падпісаў:
«Так, вы не памыліліся. Так людзі прыйшлі на Мінск-Арэну. І ніхто іх ня зьбіў. І яны нават не мацюкаліся».
Іншым здымкам падзяліўся ў Instagram Дзяніс Бажаткін: на ягоным фота бачныя ўжо прынамсі дзевяць чалавек з «Пагоняй» — і, хоць фота таго не паказвае, цішотка з «Пагоняй» была і на аўтары фота.
Перашкодаў з боку міліцыі ці адміністрацыі стадыёну не было, распавёў Свабодзе Дзяніс, аўтар другога здымка:
«Нічога асаблівага з боку міліцыі на арэне не было. Ні падчас дагляду пры праходзе на арэну, ні на сэктары арэны, ні ў перапынках у хакейным матчы.
На самой справе, мы ўбачылі словы старшыні назіральнай рады ХК „Дынама-Менск“ пра тое, што не існуе ніякай адказнасьці за нашэньне нацыянальных сымбаляў, яшчэ бачылі адказ начальніка міліцыі Менску, што герб „Пагоня“ не забаронены на тэрыторыі Беларусі. Таму і вырашылі нарэшце надзець „Пагоню“ і ў нас у краіне».
На пытаньне пра боязь магчымых наступстваў на працы Дзяніс перапытаў, з чаго яны павінны быць:
«Страх у першую чаргу нараджаецца ад невядомасьці. Нам жа ясна далі зразумець, што за нашэньне цішоткі з выявай „Пагоні“ ніякай адказнасьці няма. Гэтая сымболіка — частка нашай культуры, гэтак жа як і арнамэнт, які вы можаце ўбачыць і на афіцыйным сьцягу, і ў нас на сэктары на сьцягах, на вышыванках, якіх цяпер тысячы».
Дзяніс не захацеў ацэньваць колькасьць прыхільнікаў нацыянальнай сымболікі сярод хакейных заўзятараў — маўляў, трэба казаць не пра фанатаў, а пра беларусаў наагул:
«Усе гэтыя людзі паказваюць сваю павагу да гісторыі і культуры. Заўзятары — такія ж людзі, і ня варта іх неяк вылучаць, а ўжо тым больш дзяліць па відах спорту».