Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белавус: На «Пагоні» можна зарабляць


Белавус: На «Пагоні» можна зарабляць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:16 0:00
Наўпроставы лінк

Белавус: На «Пагоні» можна зарабляць

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік «Арт-сядзібы» Павал Белавус. Ён адказвае на пытаньне, куды пойдуць 5 кілямэтраў бел-чырвона-белай стужкі, як улады ставяцца да беларускай нацыянальнай сымболікі і як БТ рабіла здымкі ў памяшканьні «Арт-сядзібы».

— Гэтымі днямі тэма нацыянальнай сымболікі стала з розных нагодаў галоўнай у СМІ і сацыяльных сетках. Нядаўна да вас на «Арт-Сядзібу» прывезьлі 5 км бел-чырвона-белай стужкі. Давайце пачнём з гэтага.

— 20 кастрычніка, учора, мы забралі са складу дзяржаўнай фабрыкі ў Магілёве гэтую стужку. І так супала, што нядаўна мы пачалі акцыю «Пагоня побач», і адначасова нам прывезьлі стужку. Паводле дамовы, якую мы падпісалі яшчэ 18 жніўня, яны нам павінны былі яе адгрузіць цягам месяца. Бо мы адразу заплацілі за ўсю партыю. Але за некалькі дзён да таго, як сканчалася дамова, яны кажуць — «прабачце, у нас праблемы з сыравінай, зробім толькі пры канцы кастрычніка». Але як толькі скончыліся выбары, нам патэлефанавалі і сказалі — «мы ўжо запусьцілі ў вытворчасьць, хутка будзе».

— То бок вы намякаеце, што праблема была не ў сыравіне?

— Мне так падалося. Быў яшчэ цікавы выпадак. Некалькі дзён таму на сайце «рускай моладзі» зьявілася інфармацыя, што яны патэлефанавалі на фабрыку «Стужка», і ім намесьнік па ідэалёгіі нібыта сказаў, што ўсё гэта паклёп і ніякай такой замовы няма. Таму ў нас было адчуваньне, што яны спалохаюцца і нашай замовы ня зробяць.

— Як можна здабыць, купіць, атрымаць гэтую стужку?

— Першая наша задача была — стварыць прэцэдэнт, спраўдзіць самім, ці пагодзіцца дзяржаўная фабрыка зрабіць бел-чырвона-белую стужку. І мы хацелі гэтым паказаць, што ня трэба баяцца, трэба ісьці нават на дзяржаўныя прадпрыемствы. Што калі захацець, гэта можна зрабіць.

У нас адпачатку не было такой сумы на гэтую стужку. Я тады даў абвестку ў сацыяльных сетках. Адгукнулася Партыя БНФ, Алесь Мазанік — уладальнік крамы Imbryk.by, яшчэ некалькі людзей. У выніку мы за некалькі дзён сабралі патрэбную суму. Цяпер кожны ўладальнік сваёй долі стужкі будзе яе выкарыстоўваць па-свойму.

Мы ўчора запусьці інтэрнэт-акцыю, напісалі падрабязна пра стужку і паведамілі, што даём стужку за кожны перапост гэтай інфармацыі ў сацыяльных сетках. І толькі сёньня за раніцу да нас прыйшло чалавек 30 школьнікаў.

Стужкі, на жаль, ня так шмат. Калі мы будзем яе бясплатна раздаваць — яна разыдзецца за дзень. Але мы так ня можам, бо гэта нашы грошы. Таму частку мы прадаём, а таксама прапаноўваем людзям стаць спонсарамі, каб мы зрабілі гэтую акцыю раздачы стужкі яшчэ больш шырокай і маштабнай.

— За гэтыя гады вы ня раз кантактавалі з уладамі наконт іхняга стаўленьня да нацыянальных сымбаляў. Ці можаце вы сфармуляваць, як прадстаўнікі ўлады ставяцца да «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга? Бо падзеі здараюцца вельмі розныя і часам супярэчлівыя.

— З тых заяваў, якія рабіў прэсавы сакратар міліцыі, а потым і сам міністар унутраных спраў, можна зрабіць выснову, што «Пагоня» і сьцяг — гэта не забароненыя сымбалі. Пагоня ўнесеная ў рэестар гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, у сьцяга ніякай юрыдычнай падтрымкі няма. Ён не забаронены і не дазволены — ён ніяк не зарэгістраваны.

Мы сваімі дзеяньнямі якраз хочам паказаць, што гэта не апазыцыйны, а нацыянальны сымбаль, пад якім Беларусь атрымала незалежнасьць, які ўсе павінны паважаць і ганарыцца

Тое, што часам адбываецца — і з фанатамі, і з кадэтамі — гэта ўнутранае стаўленьне таго ж канкрэтнага міліцыянта, кіраўніка вучэльні. У іх за апошнія гады склалася перакананьне, што гэта апазыцыйны сымбаль, гэта рэвалюцыя. Мы сваімі дзеяньнямі якраз хочам паказаць, што гэта не апазыцыйны, а нацыянальны сымбаль, пад якім Беларусь атрымала незалежнасьць, які ўсе павінны паважаць і ганарыцца.

Наша задача на сёньня — ня тое, каб гэта адразу стала дзяржаўнымі сымбалямі, бо пакуль гэтага мы ня можам зрабіць. Наша задача — зрабіць так, каб усе выпадкі з рэпрэсіямі і самаўпраўствам чыноўнікаў спыніліся.

— Як улады адказвалі на вашы запыты і лісты? Якія найбольш паказальныя прыклады вашага ўзаемадзеяньня з чыноўнікамі?

— Дзякуй Богу, нас ужо каля году не чапаюць. Хоць гэта наша шостае памяшканьне — але апошні год мы робім што хочам. Быў выпадак, калі да нас прыйшоў міліцыянт — але толькі для таго, каб спраўдзіць, ці мы сапраўды легальна прадаём бел-чырвона-белыя сьцягі.

Апошнім часам, калі мы запусьцілі крамы і пачалі прадаваць сувэніры, да нас пачалі хадзіць дзяржаўныя СМІ, асабліва калі пачаўся бум з вышымайкамі. Прыходзіць БТ, у нас «Пагоня», сьцягі. Пытаемся — вы будзеце ўсё гэта здымаць? — Ну, мы здымем тое, што нам трэба.

Пачалі нас запрашаць і на дзяржаўныя мерапрыемствы, гарадзкую масьленіцу, розныя фэстывалі. Знайсьці памяшканьне апошні год для сваіх акцыяў нам таксама ня цяжка.

— Так, адбыўся відавочны паварот за апошні год. Чым вы гэта тлумачыце?

Так сталася, што апошнім часам мы сваёй дзейнасьцю пачалі «працаваць на сыстэму»

— Мы са свайго боку нічога не мянялі — чым займаліся, тым і займаемся. Ні ў кога не пытаемся дазволу. Але так сталася, што апошнім часам мы сваёй дзейнасьцю пачалі «працаваць на сыстэму». Бо мы выступаем за незалежнасьць, патрыятызм, у нас адна з акцыяў — «пазнач сябе беларусам». Мы ня ворагі сваёй краіны, мы тыя, хто хоча, каб Беларусь была незалежнай, свабоднай і прыгожай. Нашы акцыі нават пераймае ўжо БРСМ, яны пачалі раздаваць стужкі з арнамэнтам.

— Але калі затрымлівалі заўзятараў з шалікамі з «Пагоняй», то міліцыянты казалі ім і пра фашысцкія сымбалі, і пра бандэраўцаў, якія дзяцей ядуць.

— Трэба канкрэтна зь імі працаваць. Вярхі думаюць адно, нізы робяць іншае. Я думаю, што менавіта гэты міліцыянт ці ягоны начальнік так думае. Але, я спадзяюся, міністар ім не казаў затрымліваць за «Пагоню». Мы сваёй дзейнасьцю хочам, у тым ліку, і данесьці гэтым міліцыянтам, што ня трэба так рабіць. Кіраўнік дзяржавы ў свой час даваў прысягу, паклаўшы руку на Канстытуцыю з Пагоняй.

— А ці не гучыць крытыка на ваш адрас зь іншага боку — апазыцыйнага? Маўляў, пайшлі на супрацу з уладай, зарабляеце на сьвятынях?

— Па-першае, мы з уладай не супрацоўнічаем. Мы ніколі не выконвалі загадаў улады, не рабілі таго, што яна нас папрасіла. Мы рабілі сваё, а яны прымалі ці не прымалі тое, што мы робім. Мы ніколі не выконвалі нейкіх загадаў Міністэрства культуры ці там выканкаму.

Другое, наконт «гандлюеце сьвятым». Шмат такога гучыць, асабліва апошнія дні, нібыта мы ўжо ў золаце купаемся, зарабіўшы на сьцягах і «Пагонях». Хачу сказаць, што на сёньня ўсё больш людзей пачынае гандляваць рознай прадукцыяй з «Пагонямі». Мы, мабыць, адзіныя, хто сумяшчае грамадзкую дзейнасьць і камэрцыйную. І мы ў тым ліку хочам данесьці астатнім, што Пагоня, арнамэнт, вышыванка можа быць прыбытковай, на ёй можна зарабляць. Гэта трэнд, і людзі будуць купляць.

Мы зрабілі адмысловую базу «Пагоні» ў вэктары. Бярыце, друкуйце, распаўсюджвайце, вырабляйце больш прадукцыі, маек. Мы ня хочам адны гэтым займацца, хай гэтым займаецца як мага больш людзей і арганізацыяў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG