Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў незалежнасьці па сцэнары Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка на першай інаўгурацыі
Аляксандар Лукашэнка на першай інаўгурацыі

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім рэглямэнтуецца парадак падрыхтоўкі і выпуску навукова-папулярнага выданьня «Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэньня і зьдзяйсьненьняў». Адпаведны дакумэнт зьмешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як вынікае з указу, мэта будучай кнігі, якая мае стаць настольнай для рознаўзроўневых ідэолягаў — адлюстраваць этапы фармаваньня і ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці, сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага разьвіцьця, дзяржаўную палітыку, у тым ліку па забесьпячэньні правоў і свабодаў грамадзян, бясьпекі краіны і ўмацаваньня яе пазыцыяў на міжнароднай арэне.

Пункт адліку: чвэрцьстагодзьдзя ад Лукашэнкавага прышэсьця

Галаўной арганізацыяй, якая будзе курыраваць працу над выданьнем, вызначаная Нацыянальная акадэмія навук. Яе кіраўніцтву даручана сфармаваць аўтарскія калектывы, пры неабходнасьці прыцягваць спэцыялістаў зь іншых рэспубліканскіх і мясцовых органаў. Усе структуры вэртыкалі абавязаныя забясьпечыць доступ да адпаведнай інфармацыі.

Адметна, што, згодна зь лёгікай аўтараў ідэі, адлік 25 гадоў беларускага сувэрэнітэту пачынаецца не ад 1991 году, а ад сярэдзіны 1990-х — том павінен выйсьці ў 2018 годзе, перад тым як споўніцца чвэрцьстагодзьдзя прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Адметна, што выданьне павінна паказаць «дасягненьні дзяржаўнай палітыкі на забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзян» ды «асаблівую ролю грамадзянскай супольнасьці ў пераадоленьні цяжкасьцяў, якія стаяць на шляху разьвіцьця краіны».

Для падрыхтоўкі навукова-папулярнага выданьня «Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэньня і здзяйсьненьняў» Савет міністраў абавязаны забясьпечыць бесьперабойнае фінансаваньне і спрыяць у матэрыяльна-тэхнічным пляне.

Невядома, у якія грошы стане бюджэту чарговы ідэалягічны шэдэўр. Мяркуючы па размаху «інвэстыцыяў» у падобныя праекты, эканоміць ніхто ня будзе. Напрыклад, некалькі гадоў таму на «мадэрнізацыю» афіцыйнага інтэрнэт-парталу прэзыдэнта і яго напаўненьне загадам таго ж Лукашэнкі было выдзелена ў эквіваленце больш за 1,5 мільёна даляраў. Пры тым, што распрацоўку стандартных сайтаў спэцыялізаваныя студыі ацэньваюць у 1,5–2 тысячы даляраў, а ў «максымальнай камплектацыі» кошты рэдка калі перавышаюць 10 тысяч.

«Наогул я проста шакаваны ўмовамі „доступу“ да нарматыўных актаў у Беларусі, — кажа каардынатар грамадзкай ініцыятывы „Справаводзтва па-беларуску“ Ігар Случак. — Калі я ў свой час навучаўся ў Эстоніі, то мог атрымаць на сайце афіцыйных актаў любы дзяржаўны дакумэнт у яго актуальным выглядзе — ад самага найпрасьцейшага да самага апошняга закону. У нас жа ў вольным доступе толькі асноўныя законы, кодэксы. Калі хочаш паглядзець нешта іншае, мусіш шукаць у папяровых выданьнях, пры гэтым ня факт, што яны будуць актуальныя. Гэта, на маю думку, сьвядомая палітыка, каб шараговыя грамадзяне не маглі ўсачыць за заканадаўствам. І гэта праблема з праблемаў».

Не даводзіцца сумнявацца, што тэхнічны бок «напружанай працы» найлепшых дасьледчыкаў краіны будзе ахінуты таямніцай. Затое зьмест можна сьмела пераказваць хоць сёньня.

Гістарычны базіс: рэанімаванае Полацкае княства ці 100 гадоў БНР

Андрэй Кіштымаў, вядучы дасьледчык сацыяльна-эканамічных праблемаў гісторыі Беларусі, у сярэдзіне нулявых стаў ахвярай акадэмічнай чысткі, якую перажыў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Пра неабходнасьць адзначыць юбілей дзяржаўнасьці «навукова-папулярным трактатам» ён мае такую думку:

Андрэй Кіштымаў
Андрэй Кіштымаў

«У дадзеным выпадку трэба бачыць стратэгічныя мэты, а яны такія. Якраз пайшла чарада юбілеяў: 2017-ты і 100-годзьдзе рэвалюцыі, наперадзе 2018-ты з круглай датай БНР. Каб нейкім чынам зьнізіць гістарычную напругу, трэба выдумляць іншыя юбілеі. Напрыклад, як гэты. Вядома, чвэрцьстагодзьдзе незалежнасьці — гэта добра, але яно па-любому ня можа засланіць стагодзьдзе БНР. Нават спроба чарговага абгрунтаваньня беларускай дзяржаўнасьці павінна на нечым стаяць.

З аднаго боку, будзем гаварыць пра 25 гадоў Рэспублікі Беларусь. Зь іншага — дзе шукаць яе падмурак? На вышэйшым узроўні рэабілітавана Полацкае княства — маўляў, давайце ўспомнім пра нашы карані. І літаральна адразу, пары тыдняў не прайшло, — зноў пра тое, што нашы карані маюць 25-гадовую гісторыю. То бок наш фундамэнт — з абломкаў СССР. Але савецкую спадчыну мы нібыта таксама не адмаўляем, хоць досыць цікава. Бо калі атрымліваеце нечую спадчыну, дык ня толькі з даходамі, але і з расходамі. Толькі што вылез адзін з „даўгоў“ савецкай улады — Курапаты. Па сутнасьці, дзяржава, якая абвясьціла сябе спадкаемцай БССР, аказалася няздольнай той доўг сплаціць».

Суразмоўца пры гэтым сумняецца, што да падсумоўваньня чвэрцьстагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці ёсьць сэнс прыцягваць гісторыкаў. На перакананьне спадара Кіштымава, з такой задачай цалкам справіліся б штатныя ідэолягі прэзыдэнцкай адміністрацыі:

«Гледзячы на сёньняшні стан рэчаў, на спробу падсумаваньня і нават падвядзеньня нейкага гістарычнага базісу, я наагул слаба разумею, навошта да гэтага прыцягваць Інстытут гісторыі. 25 гадоў — яшчэ далёка не гістарычны пэрыяд, калі па-сапраўднаму. Гэта цалкам можна было даручыць адміністрацыі прэзыдэнта, аналітычнай службе, ды нават ідэалягічнаму аддзелу гарвыканкаму.

Па вялікім рахунку, калі мы кажам пра гістарычную працу, зусім дрэнна ўяўляю, на якой першаснай базе гэта ўсё будзе рабіцца. Акрамя таго, другі фундамэнтальны камень любой гістарычнай працы — якая гістарыяграфія? То бок — што да сёньняшняга моманту пра гэта напісана? А тут, уласна кажучы, асабліва нічога і няма. Адзінае, што гаварылася пра Рэспубліку Беларусь, будуць выказваньні самой першай асобы. За 25 гадоў мы сапраўды мелі поўны спэктар гэтых выказваньняў — пачынаючы ад таго, што ў нас усё вельмі добра, і заканчваючы тым, што ўсё дрэнна. З той простай прычыны, што даводзіцца мяняць міністраў, мяняць прэмʼера, мяняць адміністрацыю. І мы таму сьведкі...»

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што рэдка калі кніжнае выданьне, ды яшчэ навукова-папулярнага кшталту, рэгулюецца асобным указам кіраўніка дзяржавы. А значыць, для таго, хто дакумэнт падпісваў, яно бясспрэчна мае стратэгічную важнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG