Апазыцыйны палітык расказаў Свабодзе, што ўжо пачынаў пісаць успаміны пра дзейнасьць дэпутатаў групы «Рэспубліка», калі сядзеў у калёніі ў 2005–2006 гадах, але тыя сшыткі зьнішчылі супрацоўнікі КДБ.
«Новым штуршком для напісаньня кнігі стала размова з Уладзімерам Парфяновічам. Мы павіншавалі адзін аднаго з Калядамі і Новым годам. Згадалі пра працу ў Палаце прадстаўнікоў. Успомнілі пра галадоўку, якую трымалі ўтрох разам з генэралам Фраловым. З жалем успомнілі генэрала, які ўжо два гады як сышоў у лепшы сьвет.
Парфяновіч параіў, каб я напісаў кнігу пра тое, як мы былі дэпутатамі, як стваралі апазыцыйную групу „Рэспубліка“, як здолелі сёе-тое зрабіць. І чаму многае, на што спадзяваліся, не атрымалася.
Я ўжо аднойчы спрабаваў за гэта ўзяцца, калі сядзеў у калёніі. Нават сьпісаў два сшыткі. Але перад маім вызваленьнем адбылася гісторыя, пра якую я, здаецца, не расказваў раней журналістам. Начальнік калёніі забараніў мне браць з сабою мае нататкі. Разам зь ім тады быў нейкі невядомы мне чалавек. Я думаю, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Мне не хацелася, каб запісы трапілі ў КДБ. І я спытаўся: а што, ніякай альтэрнатывы гэтаму рашэньню няма? І вось той чалавек у цывільным кажа: ёсьць, можна спаліць гэтыя нататкі ў нашай прысутнасьці. Гэтым і скончылася — расклалі вогнішча ў двары калёніі і ўсё да апошняй старонкі спалілі.
Расклалі вогнішча ў двары калёніі і ўсё да апошняй старонкі спалілі
Так што цяпер фактычна даводзіцца ўсё ўспамінаць ад самага пачатку. Адзінае, што спрыяе — зьявіўся вольны час. Летам 2016 году пасьля 12 гадоў беспрацоўя я афіцыйна пачаў працаваць, даглядаў інваліда першай групы. Але, на вялікі жаль, гэты чалавек нядаўна памёр. І я цяпер зноў беспрацоўны.
А тут яшчэ на сям’ю звалілася вялікая бяда. Мой бацька, якому 73 гады, перанёс інсульт. Дактары кажуць, што яму неўзабаве дадуць інваліднасьць першай групы. Таму давядзецца дапамагаць маці глядзець за бацькам. А ў вольны час буду працягваць пісаць парлямэнцкую „сагу“».
Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргея Скрабца амніставалі на год і вызвалілі 15 лістапада 2006 году.
Дэпутацкая група «Рэспубліка» была створаная ў Палаце прадстаўнікоў 2 скліканьня, ёй кіравалі спачатку Валер Фралоў, пасьля Сяргей Скрабец. У розны час у складзе групы было ад 8 да 13 дэпутатаў. Група, у якую ўваходзілі пераважна дэпутаты-бізнэсоўцы, выступала за прыняцьцё новых эканамічных законаў, якія б адпавядалі канонам рынкавай эканомікі. Некаторыя з дэпутатаў, у прыватнасьці Парфяновіч, Скрабец і Фралоў, далучалі да гэтых патрабаваньняў палітычныя.