Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 28 сьнежня падпісаў указ аб новай «Стратэгіі супрацьдзеяньня экстрэмізму ў РФ». Дакумэнт апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
У абноўленай стратэгіі ўпершыню ўведзена паняцьце русафобіі. Яна абазначаная як «непрыязнае, перадузятае, варожае стаўленьне да грамадзян Расеі, да расейскай мовы і культуры». Таксама русафобіяй ў дакумэнце названыя дыскрымінацыйныя дзеяньні з боку ўладаў «недружалюбных» Расеі дзяржаваў.
Стратэгія сьцьвярджае, што «экстрэмізм выкарыстоўваюць некаторыя дзяржавы для гібрыдных войнаў і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншых краін». Сярод крыніц экстрэмізму згадваецца Ўкраіна, дзе, на думку расейскіх уладаў, падтрымліваюцца «радыкальныя нэанацысцкія фармаваньні», якія пагражаюць Расеі.
У дакумэнце падкрэсьліваецца, што ўкраінскі крызіс служыць «інструмэнтам для распальваньня русафобскіх настрояў і гібрыднай вайны супраць Расеі». Ліквідацыя пагрозаў з тэрыторыі Ўкраіны названая ў стратэгіі ключавой задачай.
Сярод «фактараў дэстабілізацыі» ў дакумэнце названыя няўзгодненыя акцыі пратэсту, якія «наўмысна» пераходзяць у масавыя беспарадкі, а таксама «супрацьпраўная дзейнасьць мігрантаў» і «дэструктыўная праца міжнародных няўрадавых арганізацыяў».
Стратэгія прадугледжвае ўлік асобаў, якія выяжджаюць за мяжу для ўдзелу ў «экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама «для праходжаньня навучаньня ў навучальных цэнтрах недружалюбных дзяржаваў, у дзейнасьці якіх ёсьць прыкметы экстрэмізму». Пры гэтым крытэры вызначэньня «навучальных цэнтраў недружалюбных дзяржаў» у дакумэнце не ўдакладняюцца.
- У Беларусі за «экстрэмізм» затрымліваюць і судзяць у палітычна матываваных справах. У «сьпісе экстрэмістаў» ад МУС Беларусі фігуруюць больш за 4,8 тысяч чалавек.
- Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», з 2020 году сама меней 7 615 чалавек у Беларусі (паводле зьвестак на канец лістапада 2024 году) сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным перасьледам, у дачыненьні да сама меней 6 249 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды, у тым ліку за так званыя «экстрэмісцкія злачынствы». Гэта толькі зьвесткі, вядомыя праваабаронцам, рэальны маштаб рэпрэсіяў у краіне можа быць большым.
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
Форум