Расейскія грамадзяне ва Ўкраіне ня могуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта Расеі.
Каля пасольства ў Кіеве зьбіраецца акцыя пратэсту супраць выбараў у РФ.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны паведаміла, што ў дзень выбараў на тэрыторыю пасольства ў Кіеве і консульстваў у Харкаве, Адэсе і Львове будуць дапускацца толькі дыпляматы.
«Улічваючы публічныя акцыі пратэсту ва ўкраінскім грамадзтве, грэбаваньне з боку Расеі законнымі патрабаваньнямі ўкраінскага боку, каб пазьбегнуць правакацый і магчымых цяжкіх наступстваў, падразьдзяленьні Нацпаліцыі і Нацгвардыі забясьпечаць у гэты дзень належную ахову ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў і ўстаноў, а таксама прылеглых да іх тэрыторый», — заявіла МУС.
Украіна накіравала ноту ў МЗС Расеі з пратэстам супраць правядзеньня выбараў прэзыдэнта Расеі ў акупаваным Крыме. Эўрапейскі Зьвяз пацьвердзіў, што ня будзе прызнаваць вынікаў выбараў у Крыме.
У адказ Расея абвінаваціла Ўкраіну ў парушэньні міжнародных абавязальніцтваў і ўмяшаньні ва ўнутраныя справы РФ.