18 сакавіка ў Расеі адбудуцца выбары прэзыдэнта, але няма сэнсу пытацца хто з кандыдатаў правёў найбольш эфэктыўную кампанію, у каго найбольш пераканаўчая плятформа, ці хто выйдзе ў другі тур, піша аналітык Радыё Свабода Робэрт Коўлсан. Цяперашні расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін забясьпечыў сабе чацьверты тэрмін, але гэта ня значыць, што з гэтай выбарчай кампаніі нельга зрабіць карысных высноваў. Коўлсан зьвяртае ўвагу на некалькі рэчаў.
Пуцін паставіў сябе вышэй за палітыку
Фармальна ў расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічаюць восем кандыдатаў — дзейны прэзыдэнт Пуцін і сем альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Але насамрэч Пуцін ігнараваў выбарчую кампанію. Ён ня ўдзельнічаў у тэледэбатах (як і падчас ранейшых такіх «кампаніяў»). У яго не было афіцыйнай перадвыбарчай плятформы. Ён ня езьдзіў сустракацца з выбарнікамі, цалаваць дзяцей ці адказваць на нечаканыя пытаньні журналістаў.
Замест гэтага ўся яго кампанія складалася з пампэзных імпрэзаў — такіх як зручна перанесены на 1 сакавіка зварот да нацыі ці кароткае выступленьне на стадыёне перад прыхільнікамі 3 сакавіка, дзе ён рабіў расплывістыя абяцаньні, кшталту «мы зробім усё магчымае, каб [нашыя дзеці і ўнукі] былі шчасьлівыя».
Прыхільнікі расейскага прэзыдэнта могуць скардзіцца на дзяржаўную палітыку ці на праблемы ў сваім жыцьці, але яны ня зьвязваюць гэтыя праблемы з Пуціным.
Але яшчэ больш важна тое, што Пуцін паставіў сябе цалкам па-за межы палітыкі і вышэй за палітыку. 65-гадовы прэзыдэнт, які кіруе краінай ўжо больш за 17 гадоў, зрабіўся такім жа сымбалем Расеі як матрошка ці двухгаловы арол. Прыхільнікі расейскага прэзыдэнта могуць скардзіцца на дзяржаўную палітыку ці на праблемы ў сваім жыцьці, але яны ня зьвязваюць гэтыя праблемы з Пуціным.
Дзесяцігодзьдзі жорсткага кантролю Крамля над дзяржаўнымі мэдыямі і палітычнымі працэсамі прывялі да таго, што можна бурчаць пра карупцыю ці малыя пэнсіі, але пры гэтым крытыка асабіста Пуціна разглядаецца як нешта на мяжы зь дзяржаўнай здрадай. Часам можна нават пачуць камэнтары, што самі па сабе прэзыдэнцкія выбары — гэта абраза для статусу Пуціна.
«Кіраванасьць» пачынаецца загадзя
Мы шмат гадоў чулі, што Расея гэта «кіраваная дэмакратыя», але з кожным выбарчым цыклем маштабы гэтай «кіраванасьці» ўражваюць усё больш.
Кантроль за выбарамі адбываецца ўжо ў кантэксьце жорстка кантраляванай палітычнай прасторы, у якой няма значных незалежных фігураў. Апытаньне за апытаньнем сьведчыць, што большасьць расейцаў «ня бачаць альтэрнатывы» Пуціну, і гэта адна з найбольш паказальных рысаў цяперашняй палітычнай сыстэмы ў краіне.
Ці можна назваць папулярным рэстаран, калі ён у горадзе адзін, а ўсе астатнія рэстараны спалілі?
Знакаміты шахматыст і крытык Пуціна Гары Каспараў напісаў у адказ на пытаньні пра папулярнасьць Пуціна: «Мне хацелася б спытацца ў адказ... ці можна назваць папулярным рэстаран, калі ён у горадзе адзін, а ўсе астатнія рэстараны спалілі?».
Але пры гэтым апошнія 18 месяцаў Крэмль рэжысуе выбарчы працэс. У праблемных рэгіёнах памянялі губэрнатараў. Дату выбараў прызначылі на гадавіну анэксіі Крыму. Ключавыя незалежныя арганізацыі, такія як «Левада-центр» і арганізацыю па назіраньні за выбарамі «Голос» абвясьцілі замежнымі агентамі. Аднаго зь лідэраў апазыцыі Аляксея Навальнага не дапусьцілі да выбараў праз абвінавачваньні ў эканамічных злачынствах. Гэтыя абвінавачваньні шмат хто называе палітычна матываванымі. Для гарантыі, брата Аляксея Навальнага, Алега, асудзілі на 3.5 гады зьняволеньня — гэты тэрмін якраз скончыцца празь некалькі месяцаў.
Міжволі ў галаву прыходзіць, што Навальнага не дапусьцілі да выбараў яшчэ й таму, што ягонае імя было б у бюлетэні якраз перад Пуціным.
Узровень «кіраванасьці» відаць і па тым, як выглядаюць выбарчыя бюлетэні. Прозьвішча Пуціна там у самым цэнтры, а вакол яго пустая прастора. Міжволі ў галаву прыходзіць, што Навальнага не дапусьцілі да выбараў яшчэ й таму, што ягонае імя было б у бюлетэні якраз перад Пуціным.
Вядома ж, сумна вядомая «фабрыка троляў» актыўна працавала, каб стварыць патрэбны вобраз выбараў і кандыдатаў. 15 сакавіка на адным з каналаў у Telegram была апублікаваная інструкцыя як трэба адказваць на непазьбежныя абвінавачаньні ў фальшаваньні выбараў. Там жа быў і сьпіс спасылак на артыкулы, якія, як выглядае, ужо апублікавалі для такіх адказаў.
Невысокія чаканьні грамадзтва
Шмат хто з расейцаў, нават маладых, традыцыйна лічыць стабільнасьць галоўнай каштоўнасьцю. Большасьць расейцаў ня лічаць выбары свабоднымі і справядлівымі, але гэта іх ня вельмі хвалюе. Вельмі мала расейцаў бачыць у выбарах рэальную магчымасьць нешта зьмяніць. Паводле апытаньняў, расейцы прыхільна ставяцца да «рэформаў», але толькі калі гэтыя «рэформы» не канкрэтызуюцца.
Ён і галоўны лібэрал, і нацыяналіст, і імпэрыяліст, і сацыяліст.
«Недахоп палітычных альтэрнатываў значыць, што большасьць рэспандэнтаў асацыююць імя Ўладзімера Пуціна з надзеямі на рэформы», — пісалі аналітык «Левада-центр» Дзяніс Волкаў і палітоляг Андрэй Калесьнікаў у выданьні «Ведомости» у сьнежні 2017 году.
«Мадэль, якая існуе шмат гадоў, — прэзыдэнт увасабляе ў сабе надзеі ўсіх груп і слаёў, ён і галоўны лібэрал, і нацыяналіст, і імпэрыяліст, і сацыяліст — ператварае Пуціна ў вачах многіх і ў галоўнага рэфарматара. Ствараецца ўражаньне, што гэта быў бы найбольш жаданы і зручны для ўсіх сцэнар: зьмяніць усе, нічога не зьмяняючы, нічым не ахвяруючы і нічым не рызыкуючы, не прыкладаючы ніякіх намаганьняў».
За фасадам — пагроза ужыць сілу
Нягледзячы на кіраваную і кантраляваную палітычную прастору, заўсёды прысутнічае пагроза ужыць сілу. Насельніцтва ведае, што паліцыя і суды — гэта інструмэнты ўраду. Няма надзеі, што адна з галінаў улады запярэчыць іншай, каб абароніць правы асобы.
У 2016 годзе, Пуцін стварыў Нацыянальную гвардыю, якая па сутнасьці 400-тысячная паліцэйская сіла, для здушэньня апазыцыйных дэманстрацый і кантролю за дысыдэнтамі, якіх улады абвінавачваюць у «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Каб парушыць ілюзію ўсеагульнай згоды, у сёньняшняй Расеі трэба мець не абы-якую мужнасьць.
Зьявілася шмат паведамленьняў пра тое, што навучальныя ўстановы і дзяржаўныя прадпрыемствы пагражаюць навучэнцам і працоўным непрыемнымі наступствамі, калі тыя ня пойдуць галасаваць.
Амаль штодня адбываюцца ператрусы ў рэгіянальных штабах Навальнага, які заклікае да байкоту выбараў. Нават адзіночныя пікеты, якія застаюцца ў Расеі законнымі, рэгулярна спыняюцца ўладай.
Калі коратка, каб парушыць ілюзію ўсеагульнай згоды, у сёньняшняй Расеі трэба мець не абы-якую мужнасьць. Зь іншага боку, згода можа быць узнагароджаная кар’ерным ростам. Апытаньне ў лютым паказала, што 69 працэнтаў расейцаў разглядаюць працу ў ФСБ як «прывабную кар’ерную магчымасьць».
Апазыцыя загнаная ў кут
У выніку амаль двух дзесяцігодзьдзяў «кіраванай дэмакратыі» амаль не засталося рэальных палітычных шляхоў для нейкай альтэрнатывы рэжыму Пуціна. Досьвед колішніх лібэралаў сьведчыць і пра марнасьць надзеяў на «рэформы знутры». Нікіта Бялых — былы паплечнік забітага Барыса Нямцова — стаў губэрнатарам Кіраўскай вобласьці і цяпер сядзіць у турме паводле абвінавачаньняў у карупцыі. А колішняя старшыня камісіі па правах чалавека пры прэзыдэнце Эла Памфілава ў 2016 годзе ўзначаліла Цэнтральную выбарчую камісію.
Спрэчкі пра байкот адбываліся падчас кожных прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў часы Пуціна, і яны самі па сабе забіраюць шмат энэргіі.
Вечны лібэральны кандыдат у прэзыдэнты Грыгорый Яўлінскі спакушае выбарнікаў фантастычнай ідэяй, што ён зможа прымусіць Пуціна памяняць палітыку, калі набярэ дастаткова галасоў, каб адбыўся другі тур выбараў. Кандыдатка Ксенія Сабчак абвясьціла, што створыць новую палітычную партыю на падмурку цяперашняй кампаніі, каб ўдзельнічаць у выбарах у Дзяржаўную думу ў 2021 годзе, але няма падстаў лічыць, што яе ініцыятыва будзе больш пасьпяховай.
Аляксей Навальны заклікае да байкоту выбараў, а Сабчак, Яўлінскі ды іншыя кажуць, што калі апазыцыя не пайшла б на выбары, гэта толькі ўзмацніла б вобраз усеагульнай падтрымкі Пуціна. Такога кшталту спрэчкі, у той ці іншай форме, адбываліся падчас кожных прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў часы Пуціна, і яны самі па сабе забіраюць шмат энэргіі.
Зьмены магчымыя, толькі калі ёсьць альтэрнатыва.
У інтэрвію Радыё Свабода ў 2011 годзе Яўлінскі выказаўся пра палітычную сытуацыю ў Расеі словамі, якія магчыма нават больш актуальныя сёньня: «У грамадзтве расьце стомленасьць. Расьце незадаволенасьць. Расьце адчужэньне. Ня толькі праз карупцыю, непавагу да правоў уласнасьнікаў, але і таму што ўсё ўжо доўга застаецца нязьменным, а гэта выклікае адчужэньне. Зьмены магчымыя, толькі калі ёсьць альтэрнатыва».