Куды пойдзе Расея ў наступныя 6 гадоў? Ці вызначае гэта тон перадвыбарчай кампаніі? Ці зьбіраецца Расея ваяваць? Пра ўсё гэта ў сёньняшняй Зоне Свабоды.
У ёй удзельнічаюць Юры Дракахруст, вядоўца тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі, і Валянцін Жданко.
Гурневіч: Цімур, і расейцы, і беларусы, дзякуючы статусу расейскіх тэлеканалаў у Беларусі, могуць назіраць расейскую выбарчую кампанію. З аднаго боку, выбараў як бы і няма, прынамсі, усім зразумела, хто на іх пераможа. Зь іншага боку, тон кампаніі, тое, як яна вядзецца — у якой ступені гэта вызначае, што будзе ў Расеі пасьля 18 сакавіка? Можа народ прагне менавіта гэтага — не заробкаў, не нармальнай мэдыцыны, не сумленных чыноўнікаў, а велічы сваёй краіны?
Алеўскі: Думаю, што не. Цяпер людзі жадаюць мець як раз якасную мэдыцыну і каб плацілі паболей грошай, таму што ідзе жабрацтва. Перадвыбарчая кампанія — гэта шоў. Яно скончыцца і ўсе пра гэта забудуць. Пасьля 18-га сакавіка будзе зусім неістотна, хто і як плакаў у студыі на дэбатах. Проста зьменіцца сетка тэлевяшчаньня. Дзякуючы гісторыі з атручваньнем у Солсбэры я зразумеў, што зьмянілася ў Расеі. Да гэтага часу была група людзей, якая назірала за падзеямі збоку, як людзі з унутранай міграцыі, якія маглі сабе дазволіць глядзець на супрацьстаяньне Расеі і Захаду і казаць «Вы звар’яцелі». Цяпер іх няма, гэтая вайна паміж Расеяй і Захадам датычыць кожнага. Усе сталі часткай супрацьстаяньня. Усім давядзецца аб’яднацца вакол Пуціна.
Гурневіч: А навошта аўтарытарныя лідэры ладзяць перад выбарамі такія спэктаклі? Выбараў няма, яны гэта ведаюць хіба ня лепш за ўсіх. А чаму паводзяць сябе так, нібыта ёсьць?
Дракахруст: Гэта сапраўды рытуал, але ён не пусты. Гэта чарговая каранацыя. Хто выйграе каранацыю — вядома, але нельга сказаць, што каранацыя — гэта нішто. Новы цар і людзям цікава, а што ён прынясе.
Алеўскі: Вы кажаце — каранацыя, а мне падаецца, што гэта провады.
Дракахруст: Магчыма і провады, але ў апошні раз. І ўсё ж такі ўзьнікае пытаньне: а з чым гэты сыйдзе? Парадокс палягае ў тым, што аўтарытарныя кіраўнікі на выбарах, якія ня выбары, часам паводзяць сябе так, нібыта гэта выбары. Яны павінна паказаць, што заваёўваюць народную любоў. Памятаеце, як у Шалкевіча: «Куда жэ цяпер, о ядры её маму, краіну сваю павяду?». І на гэтае пытаньне даводзіцца адказваць. Пуцін паказвае свае ракеты, каб паказаць народу, які ён абаронца, які ён круты. Агулам кажучы, перад пачаткам выбараў ён мог упасьці ў сьпячку ў Крамлі і спаць. Ён бы перамог іх і так. Але асаблівасьці рытуалу змушаюць паказваць сябе, як электаральнага змагара.
Гурневіч: Валянцін, вы нядаўна напісалі блог пра наведваньне ў Маскве мэмарыялу ахвярам сталінскага тэрору. Істотнае адрозьненьне ад Беларусі — у Расеі такія помнікі адкрываюць, на цырымоніі адкрыцьця помніку ўдзельнічалі прэзыдэнт і патрыярх. Пра Беларусь вельмі часта кажуць — рэлікт СССР, «савок». А пра Расея так можна сказаць? Яна робіцца ідэалягічна больш ці менш савецкай? У чым больш, у чым менш?
Жданко: Расея становіцца меней савецкай, але значна больш імпэрскай. Будучы ў Маскве, я наведаў гэты мэмарыял. Уявіць такі мэмарыял у Менску сёньня — немагчыма. Апошні раз я быў у Маскве 30 гадоў таму і гэтым разам доўга яе вывучаў, гуляў у ваколіцах Крамля. Я ўбачыў пантэон расейскіх імпэратараў. Гэта помнікі, якія паўсталі ў пуцінскую эпоху. Гэты пантэон складаецца з цароў, якія былі заваёўнікамі, якія пашырылі межы расейскай імпэрыі. Велічныя манумэнты Пятру І, Аляксандру І, Аляксандру ІІ. Летась паставілі помнік Уладзімеру Хрысьціцелю. Гэта арыентыры і сымбалі пуцінскай эпохі, тое, на што ён арыентуецца ў гісторыі. Людзі, якія памятаюць СССР, павінны былі б памятаць помнік Леніну на фоне сініх елак. Гэтага помніку ўжо няма. Яго перавезьлі ў Горкі, дзе Ленін памёр. Гэта ёсьць ідэалягічны курс, якім рухаецца сёньняшняя Расея. Для Беларусі гэты курс нічога добрага не нясе. Сёлета спаўняецца 4 гады ад анэксіі Крыму. У Пуціна застаецца час, каб паставіць яшчэ адну кропку ў сваім цараваньні. Для былых імпэрскіх ускраін, сёньняшніх незалежных дзяржаваў, гэта не азначае нічога добрага.
Алеўскі: Пуцін не будуе імпэрыю, ён ужо яе пабудаваў. Цяпер Пуцін будуе піраміду фараона, якая павінна застацца пасьля яго сьмерці. Усім ужо ясна, што Пуцін — гэта назаўсёды, да сьмерці.