Назіральнік кампаніі «Права выбару» Сяргей Казлоўскі заяўляе, што 11 верасьня з 11 да 13 гадзіны на Свіслацкай выбарчай акрузе № 94 назіралася небывалая актыўнасьць «карусэльшчыкаў».
Жанчыны, пераважна настаўніцы, курсіравалі групамі па 6–8 чалавек паміж школай № 129 (участкі № 106 і № 107), гімназіяй № 28 (участкі №№ 108–110), школай № 123 (участкі №№ 111–113). Каля школ жанчыны дзяліліся на групы па двое і ішлі галасаваць. Бюлетэні атрымлівалі ў сябраў камісіяў з таго боку стала, што далей ад назіральнікаў.
Крыху пазьней назіральнікі «Права выбару-2016» зафіксавалі тых жа жанчын на другім баку Серабранкі — каля сярэдняй школы № 134, дзе ўчасткі №№ 124–126.
«Да 11 гадзіны на ўчастках галасавала па 30–40 чалавек, а з 11 раніцы да 13 гадзіны, калі запусьцілі карусэль, на ўчастках дадалося недзе па сотні галасоў. А ў 15:00 на ўчастках, нягледзячы на тое, што тут гучаць песьні, наліваюць сьпіртное, выязны гандаль — людзей амаль няма», — цытуе Сяргея Казлоўскага прэс-служба кампаніі «Права выбару».