На старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку на выбарчым участку напаў мужчына, які прадставіўся назіральнікам ад Сацыяльна-спартовай партыі і назваў імя: Мікалай Рыгоравіч Бяцешка.
Лябедзька зайшоў на выбарчы ўчастак у Менску, перадаў сябрам камісіі зварот ад грамадзкай ініцыятывы «Жанчыны супраць фальсыфікацыяў». Пасьля перадачы звароту каля выхаду яго дагнаў мужчына, спрабаваў вырваць пляншэт з рук. Міліцыянт, які прысутнічаў пры гэтым, бязьдзейнічаў.
Лябедзьку ўдалося ўключыць на пляншэце камэру.
Калі Лябедзька сказаў, што мужчына «паводзіць сябе як бандзюган», мужчына адказаў:
«А я і ёсьць бандзюган».
Юрысты партыі бачаць у дзеяньнях «бандзюгана» склад злачынства: рабунак і пагрозы фізычнай расправай (па-за камэрай той паабяцаў Лябедзьку «яшчэ заўтра паразмаўляць»). Але Лябедзька ня ведае, ці будзе «марнаваць час на зварот у міліцыю». Ён згадвае: справа па нападзе на Міколу Казлова на выбарах 2015 году, калі той злавіў «карусель» на галасаваньні, ня вырашаная дагэтуль, нападнікі не прыцягнутыя да адказнасьці.
«Што патрэбна было зрабіць — я зрабіў, — кажа Свабодзе Лябедзька. — Я проста інфармую, што ў нас ёсьць нейкая разнавіднасьць „цітушак“, якія, відаць, базуюцца ў Сацыяльна-спартовай партыі. Яна зьяўляецца раз на 4–5 год, у ёй раптам сотні людзей, іх уключаюць ва ўсе камісіі. Тыпаж гэтага „цітушкі“-назіральніка я сёньня пабачыў і прадʼявіў».
Ад Сацыяльна-спартовай партыі на парлямэнцкіх выбарах сёлета выстаўлены 361 назіральнік. Для параўнаньня, ад АГП — 23, усяго ад партыяў — 3035.