«Народным» артыкул 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадскі парадак») сталі называць у Беларусі пасьля яго масавага выкарыстаньня для крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў мірных пратэстаў 2020 году і пазьнейшых акцый супраціву.
Колькі ўсяго беларусаў было прыцягнута да адказнасьці паводле 342 артыкула, дакладна падлічыць цяжка. Некаторыя асуджаныя і падазраваныя па гэтым артыкуле і іх сваякі ня хочуць розгаласу. Па самых сьціплых падліках, асуджана па 342-м было значна больш за 3200 чалавек, мяркуе праваабаронца «Вясны» Вікторыя і спасылаецца на табліцу.
Яна дадае, што многія справы яшчэ не дайшлі да судоў.
Фокус на пэнсіянэрах
17 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачалі судзіць 69-гадовую фітнэс-трэнэрку Натальлю Наважылаву, заснавальніцу вядомага клюбу «Багіра», у якім займалася нават нявестка Лукашэнкі. Наважылаву называлі «першай лэдзі беларускага фітнэсу», Лукашэнка ўзнагародзіў яе граматай. У верасьні 2020 году Натальля Наважылава падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў над мірнымі людзьмі.
У этэры Свабоды тры гады таму Натальля прызнавалася, што была ўдзельніцай усіх мірных маршаў 2020 году, менавіта так яна іх называла.
Толькі ў студзені 2025 году, паводле праваабаронцаў «Вясны», з 89 грамадзян, супраць якіх ужываўся крымінальны перасьлед, 55 чалавек (62%) асудзілі паводле 342 «народнага» артыкула.
Людзей па ім дагэтуль працягваюць затрымліваць.
Праваабаронцы заўважаюць такую тэндэнцыю: усё часьцей сталі прыходзіць менавіта да людзей пажылога веку, пэнсіянэраў. Сілавікі правяраюць тэлефоны, паказваюць апэратыўныя здымкі з маршаў, вязуць на допыт у Сьледчы камітэт. Там паказваюць тэчкі з крымінальнай справай, знаёмяць з пратаколам — што тыя зьяўляюцца падазраванымі паводле часткі 1 артыкула 342 КК. Свабодзе вядома некалькі такіх выпадкаў.
«Забралі пашпарт і суцешылі»
Спадарыня Ірына (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у 2019 годзе выйшла на пэнсію. Называе сябе прадстаўніцай тэхнічнай інтэлігенцыі — усё жыцьцё адпрацавала ў навукова-дасьледчым інстытуце. Не хавае, што ў 2020 годзе хадзіла на маршы пратэсту. Аднойчы на нядзельны марш, а калі ў кастрычніку 2020 году па панядзелках на асобныя акцыі пачалі выходзіць людзі пажылога веку, далучылася да іх.
«Законапаслухмяныя пэнсіянэры хадзілі выключна па тратуарах, ніхто нікуды ня бег, не выходзіў на праезную частку. Там зьбіралася вельмі прыстойная, інтэлігентная публіка. Пабачыла некалькі старых знаёмых. Атмасфэра на тых маршах была ўзьнёслая, былі крэатыўныя лёзунгі і транспаранты, усіх ужо не згадаю, але адзін з самых памятных: „Старыя — за маладых!“
Маршы былі даволі кароткія — ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Якуба Коласа, бо выходзілі людзі ва ўзросьце. Вельмі кранала, што пасьля маршаў маладыя людзі на аўтамабілях спыняліся і прапанавалі падвезьці да дому», — успамінае Ірына.
На пачатку лютага 2025-га, праз чатыры з паловай гады пасьля тых падзей, дадому да пэнсіянэркі прыйшлі чацьвёра ў цывільным. Адразу запатрабавалі паказаць тэлефон. Знайшлі там некалькі фота з тых «пэнсіянэрскіх маршаў» — на некаторых Ірына была на фоне бел-чырвона-белых сьцягоў. Паводзілі сябе яны даволі інтэлігентна, расказвае суразмоўца. Запыталіся, ці ёсьць у доме забароненая сымболіка, на што падпісаная, зь якіх крыніц атрымлівае інфармацыю. Правялі павярхоўны агляд, нават не ператрус, кажа жанчына.
Пасьля прапанавалі праехаць у Сьледчы камітэт. Там сьледчы паказаў тэчку з матэрыяламі на яе, уручыў пратакол на 4 старонках. У ім гаварылася, што жанчына падазраецца паводле часткі 1 342-га артыкула, былі тлумачэньні правоў і абавязкаў. Са спадарыні Ірыны ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Забралі пашпарт. Суцешылі, што адпусьцяць дадому да суду, але параілі шукаць адваката і двух паручальнікаў, якія возьмуць на сябе адказнасьць за тое, што жанчына не ўцячэ і будзе зьяўляцца на першае патрабаваньне сьледчага. Падкрэсьлілі, што паручальнікамі могуць быць асобы, «вартыя даверу».
«Куды я ў сваім узросьце бяз пашпарта магу зьбегчы? Я ведаю, наколькі ў Беларусі запалоханыя людзі — а паручальнік падпісвае фінансавае абавязаньне, што калі „ўзяты на парукі чалавек“ не апраўдае даверу, то з паручальніка могуць спагнаць штраф ад 30 да 500 базавых велічыняў! Я ж вывучыла ўжо 121 артыкул Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і тлумачэньні адвакатаў», — Ірына не хавае эмоцый.
Што кажа закон?
Тэрміны прыцягненьня да адказнасьці па асобных відах злачынстваў прапісаныя ў артыкуле 83 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Паводле яго, чалавек вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі з моманту зьдзяйсьненьня злачынства прайшло 2, 5, 10 ці 15 гадоў. «Экстрэмісцкія» артыкулы падпадаюць пад розныя катэгорыі. Гэта «менш цяжкія» (5 гадоў прыцягненьня да адказнасьці), «цяжкія» — 10 гадоў і «асабліва цяжкія» — 15 гадоў.
Артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак — падпадае пад «менш цяжкія» злачынствы. То бок самае позьняе — 15 лістапада 2025 году, праз 5 гадоў пасьля апошняй акцыі пратэсту, што адбылася ў Менску пасьля забойства Рамана Бандарэнкі, дзеяньне 342 артыкула скончыцца, што да ўдзелу ў маршах. З гэтым юрысты і зьвязваюць чарговы ўсплёск актыўнасьці ўладаў.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя (поўнага імя не называем дзеля бясьпекі. — РС) мяркуе, што менавіта тэрміны даўнасьці — самы вырашальны ў дадзенай сытуацыі фактар.
«Або зараз, або ніколі. Агулам, вялікія лічбы затрыманьняў і судоў па гэтым артыкуле заўсёды былі. Дакладную колькасьць асуджаных падлічыць цяжка. Гэта яшчэ тлумачыцца і тым, што перасьледаваць па 342-м артыкуле прасьцей за ўсё: шмат людзей удзельнічалі, у якасьці доказаў выкарыстоўваюцца білінгі мабільных тэлефонаў, відэа- і фатаздымкі і, вядома, паказаньні саміх людзей, хаця і атрыманыя ў парушэньне закону пад катаваньнямі», — мяркуе праваабаронца.
«Затрымаць як мага больш»
Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill, якая пагадзілася пагутарыць са Свабодай на ўмовах ананімнасьці, мяркуе, што перад праваахоўнымі органамі пастаўлена задача — застрашыць як мага больш людзей унутры Беларусі.
«Што тычыцца „народнага“ 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу, ведаю ад былых калег у Беларусі, а яны ведаюць ад пракурораў, што ёсьць устаноўка пасьпець затрымаць як мага больш людзей, бо летам-восеньню канчаецца тэрмін даўнасьці. То бок, калі ідзе гаворка, да прыкладу, пра ўдзел у самым масавым маршы 16 жніўня 2020 году, тэрмін прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці канчаецца 15 жніўня 2025-га. Вось і сьпяшаюцца яшчэ пасьпець застрашыць беларусаў», — кажа юрыстка.
Павышаную ўвагу да пэнсіянэраў, якіх да суду не зьмяшчаюць у СІЗА, а дазваляюць заставацца дома, ставячы пэўныя ўмовы з пошукам паручальнікаў, юрыстка тлумачыць тым, што ўлады ня хочуць пагаршаць статыстыку. Але спыняць рэпрэсіі таксама не зьбіраюцца і трымаюць людзей у напружаньні.
«З аднаго боку, улады ня хочуць паказваць, што дагэтуль адбываюцца новыя рэпрэсіі. Да прыкладу, калі ўзяць таго ж пэнсіянэра пад варту, зьмясьціць у СІЗА — праваабаронцы адразу прызнаюць яго палітвязьнем, журналісты зробяць розгалас. Таму ўлады шукаюць іншых шляхоў — пакідаюць чалавека дома, але палохаюць зьмяненьнем меры ўтрыманьня.
Мне падаецца, улады хочуць утрымацца на двух крэслах. Робяць усё, каб у людзей унутры краны страх заставаўся, заводзяць новыя справы, але не бяруць людзей пад варту з масай умоваў. А міжнароднай супольнасьці, да прыкладу, таму ж намесьніку памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па Ўсходняй Эўропе Крысу Сьміту, які нядаўна наведаў Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам, хочуць паказаць, што ў краіне ідуць паслабленьні, рэпрэсіі спыняюцца. Аднак насамрэч — набіраюць новых закладнікаў», — мяркуе юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill.
Форум