Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва «Менаблаграсэрвісу» злавілі на карупцыі. Шкода — паўмільёна рублёў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў і Генэральная пракуратура выявілі «крымінальнае пасярэдніцтва» і бюракратычныя бар’еры з карупцыйнымі праявамі з «сур’ёзнай шкодай дзяржаўным інтарэсам» у закупах для пасяўной у Менскай вобласьці.

Камэрцыйныя кампаніі, сьцьвярджае МУС, у змове са службовымі асобамі прадавалі па завышаных да 9 разоў цэнах запасныя часткі для сельскагаспадарчай тэхнікі: «ад плёнкі сенажнай упаковачнай, рамянёў, нажоў, дыскаў да рухавікоў, кампрэсараў, фрыкцыёнаў, падбарабаньняў і іншага абсталяваньня». Адзначаецца што службовыя асобы маглі закупляць запчасткі па дамовах наўпрост зь дзяржаўнымі і прыватнымі вырабнікамі.

Сума шкоды склала амаль 500 тысяч рублёў (каля 250 тысяч даляраў). Крымінальную справу распачалі за «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі» са шкодай у асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 424 КК РБ), за што пагражае ад 3 да 10 год турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Ці ёсьць у справе затрыманыя і колькі ўсяго фігурантаў, не ўдакладняецца. Сярод меркаваных карупцыянэраў згадваюцца генэральны дырэктар «Менаблаграсэрвісу» і начальнік аддзелу закупаў прадпрыемства (паводле сайту прадпрыемства, пасаду гендырэктара займае Вячаслаў Сасноўскі, але аддзел закупаў не пазначаны ў структуры кампаніі). МУС сьцьвярджае толькі, што праца па справе працягваецца, «прымаюцца комплексныя меры па прадухіленьні крымінальнага пасярэдніцтва і неканкурэнтных працэдураў».

Камітэт дзяржаўнага кантролю па выніках праверак перад пасяўной распачаў 49 крымінальных спраў, асобна адзначалася праблема сапсаваных мінэральных угнаеньняў.

У сакавіку Аляксандар Лукашэнка адзначаў, што цяпер пасяўная кампанія не павінна выклікаць «сумневаў ці цяжкасьцяў», як некалі, і што цяпер не патрэбна вялікая мабілізацыя людзей. У мінулым верасьні ён казаў, што 2018-ы будзе «галоўным годам» для беларускай сельскай гаспадаркі, у лістападзе абураўся, што міністры і «губэрнатары» давалі фальшывыя зьвесткі пра вынікі ўборачнай кампаніі.

За 2017 год у Беларусі асудзілі за карупцыю 780 чыноўнікаў. Але міжнародныя экспэрты адзначалі, што выкананьне Беларусьсю рэкамэндацый па барацьбе з карупцыяй у 2017 годзе працягвала заставацца «глябальна нездавальняючым». У гэтым годзе карупцыйныя затрыманьні і суды над чыноўнікамі працягнуліся — так, 30 траўня стала вядома, што КДБ затрымаў памочніка Лукашэнкі Сяргея Раўнейку, злавіўшы на атрыманьні хабару ў 200 тысяч даляраў.

Чаму сельская гаспадарка Беларусі стратная і што з гэтым рабіць

Лукашэнка паабяцаў закон аб «дыктатуры тэхналёгіяў» у сельскай гаспадарцы ​

«Аграспэцназ»: у беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG