Намесьніка дырэктара «Гроднаэнерга» па капітальным будаўніцтве Станіслава Скавародцава абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў 14 тысяч рублёў, а таксама ў раскрыцьці службовай тайны. Справу пачаў разглядаць Горадзенскі абласны суд 21 траўня.
Згодна з абвінавачваньнем, чыноўнік атрымаў хабар ад пастаўшчыка электратэхнічнага абсталяваньня. Карупцыя была выяўленая праз супрацоўнікаў КДБ. Службовец цягам 2014 — 2017 гадоў дапамагаў фірме «Белтэхпромэнэрга» перамагаць у тэндэрах па пастаўцы абсталяваньня. За хабары ён інфармаваў зацікаўленых асобаў пра тое, якое менавіта абсталяваньне патрэбна, хто яшчэ хоча яго ім прадаць і за якія цэны. Таксама ён перадаў копію службовага дакумэнту асобе, якая ня мела права яго бачыць. Агульная сума хабараў склала каля 14 тысяч рублёў.
За хабар у буйным памеры яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі, за выдаваньне службовай тайны — тры гады пазбаўленьня волі.
Сьледчыя наклалі арышт на маёмасьць Скавародцава: нерухомасьць, банкаўскія грашовыя сродкі ў суме амаль 31 тысяча даляраў і больш за 5 тысяч рублёў, калекцыю дарагіх манэтаў і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці.
Станіславу Скавародцаву 47 гадоў. Ён да суду трымаўся пад вартай. Мае вышэйшую адукацыю. Скончыў палітэхнічны інстытут у Менску і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Працаваў на пасадзе ў «Гроднаэнэрга» з канца 2012 году. Мае сям’ю, паўналетнюю дачку.