У Маскоўскім судзе Менску 25 траўня зноў пачалі судзіць Генадзя Зубарава, былога генэральнага дырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтру (БПЦ). Яму інкрымінуюць хабар у асабліва буйным памеры, за што пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Экс-банкаўскі мэнэджар ужо мае судзімасьць. У лютым 2018 году Маскоўскі суд прызнаў яго вінаватым у хабарніцтве і асудзіў на 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У Зубарава паводле суду былі канфіскаваныя і сам ён добраахвотна вярнуў 3,5 мільёна даляраў, якія трымаў на некалькіх замежных рахунках. Назіральнікі адзначалі, што гэтая сума — рэкордная для беларускага хабарніка, якога злавілі за руку.
1. Што гэтым разам інкрымінуюць Генадзю Зубараву?
Зноў хабар. Паводле сьледзтва, яшчэ ў 2003–2004 гадах у Маскве Генадзь Зубараў дамовіўся пра атрыманьне «адкатаў» з прадстаўніком дачыннай фірмы канцэрну NCR у Нямеччыне. Грошы прызначаліся за садзейнічаньне ў пастаўках банкаматаў беларускім банкам. Некалькі гадоў хабар спраўна асядаў на рахунку Зубарава, адкрытым у латвійскім банку «Цытадэле». Гэтак ён атрымаў больш за 120 тысяч даляраў. Зь першай крымінальнай справы вядома, што на тыя даходы быў набыты дом на возеры Балатан у Вугоршчыне і дарагая мадэль «Мэрсэдэса». Сам ён казаў, што мог бы тое купіць і за легальны заробак, бо атрымліваў дастаткова.
2. Чым Зубараў адзначыўся ў справе Багавіка?
«Віну цалкам прызнаю, але ад паказаньняў у судзе адмаўляюся. Дадаць да сказанага на сьледзтве няма чаго», — заявіў 25 траўня Генадзь Зубараў. Судзьдзі Вользе Малашэнцы давялося зачытваць паказаньні падсуднага, якія ён даваў на сьледзтве. Рабіла яна гэта так хутка, што прысутным цяжка было разабраць дэталі. Дырэктарам БРЦ Генадзь Зубараў быў ад 2002 году. Да прыходу ў БПЦ працаваў у «Беларусбанку», дзе яго замяніў Генадзь Багавік, летась асуджаны на 8 гадоў за хабар у суме 94 тысячы даляраў. Гэты хабар Багавіку даваў якраз Зубараў. Багавік нядаўна выйшаў на волю. Па непацьверджаных зьвестках, яго памілаваў Аляксандар Лукашэнка.
3. Ці магчыма, што і Генадзя Зубарава хутка вызваляць?
Датэрміновы выхад на волю Генадзя Зубарава тэарэтычна таксама магчымы. «Грошы ён усе вярнуў, нават болей, чым „нахапаў“, калі меркаваць па матэрыялах першай справы. Але пытаньне, ці будзе каму прасіць за яго, як за Генадзя Багавіка, бацька якога — вядомы футбаліст? Калі знойдуцца людзі, для якіх лепш, каб Зубараў быў на волі, то чаму не?», — выказаў меркаваньне адзін з назіральнікаў за другім судом. Паводле яго, павелічэньня ўжо атрыманага Зубаравым тэрміну чакаць не выпадае.
4. Чаму хабар у 120 тысяч даляраў не разгледзелі ў першай справе?
Паводле абаронцы падсуднага, гэтага не адбылося з тэхнічных прычын. Фармальнае тлумачэньне — тое, што своечасова не прыйшло пацьверджаньне з банку, ці ўсе «хабарныя» грошы Зубараў вярнуў, у тым ліку тыя, якія назьбіраліся ў латвійскім банку «Цытадэле». «Калі б дадзены эпізод быў належным чынам расьсьледаваны раней, падчас першай крымінальнай справы, ён бы разглядаўся на тым працэсе», — мяркуе адвакатка. Ад далейшых камэнтароў абаронца Генадзя Зубарава адмовілася.
5. Чаму топ-мэнэджэр так лёгка пагадзіўся браць хабар?
Паводле паказаньняў Зубарава, у 2004 годзе яго не давялося ўгаворваць браць хабар. «Мне паступіла прапанова рэгулярна атрымліваць узнагароду за спрыяньне ў «прасоўваньні банкаматаў NCR на рынак Беларусі», — казаў сьледчым Генадзь Зубараў. Паводле ягоных паказаньняў, грошы пералічваліся пад выглядам платы за пэўныя паслугі, што яго задаволіла. Зубараў ня памятае, ці заключаліся зь ім нейкія дамовы аб паслугах і ці падпісваў ён іх асабіста. Пра тое, што атрымаў 120 тысяч даляраў, згадаў у 2016 годзе, ужо седзячы ў ізалятары КДБ. Тады вырашыў добраахвотна вярнуць увесь хабар, у тым ліку і гэты. «Ва ўчыненым шчыра раскайваюся», — запэўніў суд Генадзь Зубараў, якога трымаюць у жалезнай клетцы.