Будоўля Нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Менску ня можа пачацца з-за таго, што зацікаўленыя дзяржаўныя структуры лабіруюць інтарэсы розных замежных інвэстараў. З гэтай жа прычыны тармозіцца і перапрафіляваньне ў лёгкаатлетычную арэну стадыёна «Дынама».
Днямі чыноўнікі розных узроўняў зрабілі шэраг заяваў, якія не дадаюць пэўнасьці наконт далейшых пэрспэктываў згаданых спартовых аб’ектаў. Дзеля справядлівасьці, больш гаварылі пра «нацыянальны стадыён», які пакуль не існуе нават на паперы. «Дынама» збольшага застаецца за кадрам.
Тры гады таму Аляксандар Лукашэнка нечакана зьмяніў першапачатковае рашэньне перарабіць знакамітую дынамаўскую арэну ў чыста футбольную, загадаўшы стварыць тут Нацыянальны алімпійскі цэнтар па лёгкай атлетыцы. За гады «рэканструкцыі» будаўнікі толькі і пасьпелі, што зруйнаваць унутраную частку арэны, і цяпер напаўзруйнаваная спаруда ў цэнтры гораду больш нагадвае рымскі Калізэй. Пры гэтым складаецца ўражаньне, што сутнасьць далейшых плянаў, якія за прамінулы час шмат разоў перапісваліся, застаецца абсалютна незразумелай нават для саміх рэалізатараў праекту перабудовы.
Тым часам намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка абвясьціў, што галоўны футбольны стадыён, які мае паўстаць на месцы сталічнага стадыёну «Трактар» ці побач зь ім (мэтазгоднасьць захаваньня «Трактара» яшчэ абмяркоўваецца), будзе будаваць кітайская кампанія, якая выйграла тэндэр. Прыблізны кошт працаў — блізу 100 мільёнаў эўра, умяшчальнасьць — да 35 тысяч гледачоў, канец працаў — верасень 2018-га.
У сваю чаргу, старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас ня быў такі катэгарычны. Хоць і пацьвердзіў, што кітайская прапанова выглядае найбольш прывабна ў параўнаньні з чатырма іншымі, аднак канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае, юрыдычная дамова не падпісаная. Пры гэтым конкурсны эскіз кітайскай кампаніі, назва якой не афішуецца, так і ня стаў здабыткам галоснасьці.
У аб’ектыўнасьці тэндэру на будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёну ў раёне вуліц Ванеева і Партызанскага праспэкту сумняюцца прадстаўнікі вугорскай кампаніі «4D Architects». За аснову іх прапановы ўзяты стадыён у Дэбрэцэне, збудаваны летась. Паводле крытэраў функцыянальнага прызначэньня і візуальнага ўспрыняцьця экспэрты прызналі яго чацьвёртым у сьвеце. Кошт эўрапейскай прапановы — 80 мільёнаў эўра, пры гэтым роля генпадрадчыка перадавалася беларускай кампаніі, што станоўча адбівалася на кошце. Вугорцы маюць намер патрабаваць тлумачэньняў, на якой падставе экспэрты аддалі перавагу засакрэчанаму кітайскаму варыянту, і дэманструюць грамадзкасьці ўласны эскіз.
Першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях фізычнай культуры і спорту Максім Рыжанкоў ня стаў тлумачыць, якімі прыярытэтамі кіраваліся пры выбары праекту, але запэўніў, што будаўніцтва стадыёну пачнецца адразу ж, як толькі ўдасца знайсьці для гэтага грашовыя сродкі:
«Быць краінай, якая разьвівае футбол і дзе ён самы масавы від спорту — як паводле колькасьці камандаў, якія гуляюць у нашым унутраным чэмпіянаце, так і паводле колькасьці тых, хто займаецца гэтым відам спорту, — і пры гэтым ня мець Нацыянальнага футбольнага стадыёну... Так нельга. Вядома ж, гэтае пытаньне на парадку дня стаіць, і, паверце, калі б сёньня былі сродкі на яго будаўніцтва, то проста сёньня заклалі б першую цагліну. На жаль, грошай у дзяржаўнай казьне больш не зьяўляецца, затое пры гэтым ёсьць яшчэ цэлы шэраг іншых праектаў, якія сёньня ў працы. Я разумею, як толькі які-небудзь вольны рэсурс зьявіцца, адразу ж паскорацца працы па «Трактары».
29 верасьня на брыфінгу для журналістаў першы намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян паставіў пад сумнеў словы Максіма Рыжанкова наконт недахопу грошай, даючы зразумець, што працэс упіраецца ў няздольнасьць дамовіцца з патэнцыйнымі інвэстарамі:
«Што тычыцца Нацыянальнага футбольнага стадыёну, я ня ведаю, пра якія менавіта грошы гаварыў Максім Рыжанкоў — гэта дзяржбюджэт ці сродкі НАК? Але ён мусіць ведаць, што для будаваньня стадыёну створана асобнае таварыства, заснавальнікі якога — Менгарвыканкам, фірма „Трайпл“ і Беларуская фэдэрацыя футболу. Ёсьць указ прэзыдэнта, якога, наколькі я ведаю, ніхто не адмяняў. Калі Максіму Ўладзімеравічу як памочніку прэзыдэнта даручана яго адмяніць, тады пытаньні да яго».
На перакананьне Сяргея Сафар’яна, тэндэрная камісія абсалютна слушна спыніла выбар на кітайскай фірме, якая бярэцца збудаваць арэну «пад ключ». А паскорыць пачатак працаў перашкаджаюць лабісты вугорскай кампаніі, якія настойваюць, што вынікі конкурсу сфальшаваныя:
«Мусіруецца нядобрасумленная інфармацыя адносна вугорскай фірмы. Каб не яе пазыцыя, а таксама асобных арганізацыяў і фізычных асобаў, якія лабіруюць яе інтарэсы, думаю, стадыён ужо даўно б будаваўся. Але калі яна прайграла тэндэр, пачаліся рознага кшталту інсынуацыі наконт рашэньня тэндэрнай камісіі. Мала таго, што яны сарвалі рэканструкцыю стадыёна „Дынама“, калі пасьля выйгранага тэндэра зьмянілі першапачатковыя ўмовы фінансаваньня і крэдытаваньня, дык так і цяпер: прайграўшы, пачынаюць ціск на выбар камісіі; выкарыстоўваюць усе магчымыя спосабы, падключаючы нават Міністэрства замежных спраў. Калі ў кагосьці будзе жаданьне паглядзець вынікі тэндэра, думаю, яны будуць надрукаваныя. А да таго часу казаць, што ў вугорцаў лепшая прапанова — сама менш непрыгожа. Камусьці хочацца падаць іх як незаслужана пакрыўджаных, і гэта цягнецца ўжо некалькі гадоў — непасрэднае лабіраваньне кампаніі, якая нічога сабой не ўяўляе».
Пакуль спартовыя чыноўнікі абараняюць інтарэсы сваіх пратэжэ, Беларусь па-ранейшаму застаецца без сучаснай футбольнай арэны. На гэтым тле абсалютнай авантурай выглядалі спробы беларускіх уладаў прыняць некалькі матчаў юбілейнага Чэмпіянату Эўропы 2020 году. Адпаведная заяўка ад імя Беларускай фэдэрацыі футболу была накіраваная на разгляд у штаб-кватэру УЭФА. Тое, што ў краіне няма стадыёну, адпаведнага міжнародным стандартам, а замежных інвэстараў, якія браліся перабудаваць арэны «Дынама» і «Трактар», ад працаў адхілілі, тады ў Менску называлі «часовымі цяжкасьцямі». Аднак час ідзе, а сутнасна нічога не зьмяняецца.