Ва ўмовах зьмяншэньня рэальных заробкаў, выкліканага дэвальвацыяй рубля, зьніжаецца і попыт беларусаў на адпачынак за мяжой. У той жа час кампаніі, арыентаваныя на ўязны турызм, ад таньнейшых паслугаў толькі выйграюць. Што не дае напоўніцу адчуць выгоды курсавой розьніцы — дык гэта сьціплы паток іншаземцаў. Як прыцягнуць валюту ў Беларусь? Якія рэцэпты на гэты конт даюць самі замежнікі?
Эдуард Ленгле жыве ў невялікім гарадку Вэстэрштэдэ ў Ніжняй Саксоніі. У Нямеччыну пераехаў на пачатку 1990-х з Казахстану, калі была абвешчаная праграма рэпатрыяцыі этнічных немцаў з постсавецкіх тэрыторыяў. Яшчэ за савецкім часам служыў у паветрана-дэсантных войсках у Беларусі. Зноў трапіў у знаёмыя мясьціны толькі праз чвэрць стагодзьдзя — летась з жонкай Сафіяй прыяжджалі ў Менск на чэмпіянат сьвету па хакеі.
Што ведаюць немцы пра Беларусь? Ці ёсьць хоць якая цікавасьць да краіны, адгароджанай ад астатняй Эўропы памежнымі пераходамі і візавымі фармальнасьцямі?
«Найперш, пра Беларусь у нас не асабліва і гавораць, у Эўразьвязе цяпер ёсьць што абмяркоўваць. Зь іншага боку, пасьля паездкі ў Менск на хакейны чэмпіянат уражаньне пра краіну склалася вельмі добрае — зрэшты, яно было станоўчае і падчас маёй службы ў Баравусе пры канцы 1980-х. Няхай я прадстаўнік іміграцыі ў Нямеччыне і ведаю, напэўна, крыху больш, чым карэнныя немцы, але, кантактуючы зь мясцовымі, зрабіў адназначную выснову: яны выяўляюць досыць вялікую цікавасьць да Беларусі».
Беларусь — гэткая незразумелая пляма ў Эўропе. Нібыта і ёсьць, але цяжка даступная.
Эдуард Ленгле лічыць, што паўнавартасным двухбаковым кантактам найперш перашкаджае ізаляванасьць Беларусі. Між тым, на яго думку, адмена візавага рэжыму на час мінулагодняга хакейнага першынства яскрава прадэманстравала, што гэта быў цалкам апраўданы крок — столькі замежнікаў у Беларусь яшчэ не прыяжджала:
«Беларусь — гэткая незразумелая пляма ў Эўропе. Нібыта і ёсьць, але цяжка даступная. Я ведаю, што шмат хто паехаў бы турыстам нават дзеля, як кажуць, спартыўнага інтарэсу. Перадусім гэта тычыцца людзей, якія практыкуюць актыўны адпачынак, падарожнічаюць на машынах. Думаю, яны з прыемнасьцю паехалі б паглядзець краіну. Але загвоздка ў візе, з-за візы ніхто ня хоча абкладаць сябе клопатамі. Сабраць дакумэнты, запоўніць іх, даставіць у амбасаду — усё гэта вымагае шмат высілкаў, а немцы такі народ, які цэніць час і хоча карыстацца выгодамі. Напрыклад, кансулят ЗША ёсьць у Бэрліне, у Боне, у Гамбургу. Вялікая краіна, усё зразумела. А беларускага, наколькі разумею, нават у Боне не засталося, толькі ў Бэрліне. Можна самому дакумэнты адвезьці, адаслаць ці афармляць праз турфірму, але ўсё гэта надта клопатна, немцы да такога не прызвычаіліся».
Суразмоўца перакананы, што акурат цяпер Беларусь магла б скарыстацца зручным момантам — у сьвеце якраз адбываецца пераразьмеркаваньне турыстычных патокаў:
«Асабіста маё меркаваньне: калі б была магчымасьць бязьвізавага ўезду ў Беларусь, гэта пазытыўна адбілася б на ўсёй краіне. Хай гэта не такія вялікія грошы, але нейкая валюта заходзіла б, чаму не? Як вядома, апэтыт прыходзіць падчас ядзеньня, людзі перадаюць свае ўражаньні адзін аднаму, і зьвесткі хутка распаўсюджваюцца. Таму што Гішпаніяй, Грэцыяй, Турэччынай ды іншымі краінамі народ ужо аб’еўся, цікава паглядзець штосьці прынцыпова іншае. Тупа валяцца на пляжы шмат каго ўжо не задавальняе, хочацца бачыць і адкрываць для сябе нешта новае. Да таго ж у Беларусі сапраўды ёсьць што паглядзець».
Эдуард Ленгле кажа, што для нямецкіх падарожнікаў Беларусь магла б стаць зьвяном, якое б лягічна «замкнула» маршрут праз Польшчу і далей на Літву з выхадам на колішнія землі Прусіі:
«Так, гэта вельмі цікавы маршрут, і Беларусь цалкам у яго ўпісваецца. Зноў жа, надзвычай выгадна, калі падарожнічаць на аўтамабілі: Нямеччына, Польшча, ва Ўкраіну ўезд бязьвізавы, адпаведна, туды можна завярнуць. Адтуль заехаць у Беларусь, пасьля чаго праскочыць Літву, Латвію, Эстонію, а на зваротным шляху — праз Калінінградзкую вобласьць і поўнач Польшчы, былыя прускія землі. Зразумела, што ў такім варыянце ўзьнікаюць пытаньні з Расеяй, хоць, можа, там таксама калі-небудзь дойдуць да неабходнасьці дэізаляцыі. Але мы цяпер гаворым пра Беларусь. Думаю, шмат хто выказаў бы жаданьне праімчацца па такой вось вялікай пятлі».
Апошнім часам у Нямеччыне імкліва набірае папулярнасьць адпачынак на колах. Цэлымі сем’ямі грузяцца ў трэйлеры і на такі амэрыканскі манер падарожнічаюць па Эўропе. Хоць ня так масава, як за акіянам, але на эўрапейскіх дарогах кунгі — рэч сапраўды звыклая. Як кажа Эдуард Ленгле, у немалой ступені гэтаму спрыяе неспакойная сытуацыя на поўначы Афрыкі ды ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі — эўрапейцы мусяць шукаць альтэрнатыву звыкламу адпачынку:
«Так, трэйлеры набіраюць папулярнасьць. Усё больш людзей выбірае менавіта такі від адпачынку, таму што цяперашняя нестабільнасьць у арабскім сьвеце робіць людзей больш асьцярожнымі. Калі пачынаюць вырашаць, усё часьцей прыходзяць да высновы: лепш застацца ў Нямеччыне ці дзесьці ў Эўропе, чым ехаць у непрадказальныя Эгіпет, Туніс ці іншыя краіны. І гэтым трэба скарыстацца. Тое, што там хваляваньні, вядома, нікога ня радуе, але такую сытуацыя варта выкарыстаць проста дзеля таго, каб прапанаваць нешта іншае, нешта адметнае. У Беларусі столькі азёраў, столькі запаведнікаў — калі ласка, арганізуйце туры, рыбалку, паляваньне, гэта ж залатое дно! Шмат немцаў на паляваньне езьдзіць у Польшчу, і хто сапраўды мае такое захапленьне, гатовы за прыемнасьць плаціць вялікія грошы. Таму можна зарабіць без асаблівых укладаньняў».
Ніякай катастрофы, усё, як мне падалося, прайшло без эксцэсаў, усё было бясьпечна.
Перад абвяшчэньнем бязьвізавага ўезду на час хакейнага першынства ўлады Беларусі пралічвалі магчымыя выдаткі ад беспрэцэдэнтнага рашэньня. Аднак практыка паказала, што за месяц «вольніцы» лякальнай катастрофы не адбылося, нацыянальная бясьпека не пацярпела. Наадварот, замежнікі пакінулі ў гатэлях і кавярнях столькі грошай, што гасьцей добрым словам згадваюць дагэтуль:
«Ніякай катастрофы, усё, як мне падалося, прайшло без эксцэсаў, усё было бясьпечна. Прынамсі, асабіста я сябе адчуваў цалкам спакойна, езьдзіў па Менску, езьдзіў па Беларусі, нікога гэта не зьдзіўляла. Ну, і міліцыя працавала граматна, асабліва сябе не выпячвала, але ўсё трымала пад кантролем. Таму толькі пазытыўныя ўражаньні».
Міністэрства спорту і турызму Беларусі ня раз заклікала ўрад распачаць лібэралізацыю візавага рэжыму, як гэта зрабіла Ўкраіна — грамадзянам краін Эўразьвязу ўезд у гэтую дзяржаву свабодны. Аднак сілавыя структуры выступаюць супраць пасьпешлівых захадаў, аргумэнтуючы сваю засьцярогу пытаньнямі нацыянальнай бясьпекі.