Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Заслаўскай царкве пачалі весьці службы на беларускай мове. Дзе яшчэ?


Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква, фота Ўладзiмера Мальцава
Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква, фота Ўладзiмера Мальцава

Беларуская мова ўсё часьцей гучыць у праваслаўных цэрквах Беларусі, але агулам там дамінуюць царкоўнаславянская (у набажэнствах) і расейская (у казаньнях).

5 чэрвеня ў Спаса-Праабражэнскай царкве Заслаўя (колішнім кальвінскім зборы) другі раз прайшла ранішняя служба на беларускай мове. Сёньня ў храме ўспаміналі сьвятую Эўфрасіньню Полацкую. Вернікам раздалі аркушы з асноўнымі малітвамі па-беларуску. На службу запрасілі хор Сьвята-Петра-Паўлаўскага сабору зь Менску.

Першая беларускамоўная служба адбылася тыдзень таму, сказаў Свабодзе прыхаджанін Дзьмітры Гаранскі.

Настаяцель храма протаярэй Мікалай Мазгоў атрымаў блаславеньне мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла. Мяркуецца, што службы па-беларуску будуць весьціся ў дні беларускіх сьвятых, па вялікіх царкоўных сьвятах.

Сергій Лепін
Сергій Лепін

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін сказаў Свабодзе, што калі ёсьць ініцыятыва вернікаў, зварот сьвятара, заўсёды даецца дазвол на правядзеньне набажэнстваў па-беларуску, і нават пажартаваў, адказаўшы прымаўкай:

«„Які поп, такі і прыход“. Ніводнай адмовы яшчэ не было. Калі ёсьць пажаданьні паствы, пажаданьні сьвятароў, эпархія гэта вітае і ніколі не адмаўляе», — сказаў Лепін.

Паводле Лепіна, для арганізацыі беларускамоўнай службы пішацца адпаведнае прашэньне на імя эпіскапа. Ніякіх дадатковых іспытаў, залікаў сьвятару здаваць ня трэба. Мяркуецца, калі сьвятар просіць дазволіць весьці набажэнствы па-беларуску, то ён валодае беларускай мовай.

«Тэарэтычна ўсе сьвятары, якія атрымалі адукацыю ў беларускіх духоўных школах, ведаюць беларускую мову», — кажа айцец Сергій Лепін.

Дзе яшчэ ў цэрквах ёсьць беларускамоўныя службы

Сьвята-Петра-Паўлаўскі сабор у Менску
Сьвята-Петра-Паўлаўскі сабор у Менску

Пакуль яшчэ няма цэркваў, прыходаў, дзе ўсе службы цалкам вядуцца па-беларуску. Ёсьць храмы, дзе набажэнствы ідуць на царкоўнаславянскай мове, а пропаведзі — па-беларуску. Протаярэй Сергій прывёў прыклад Ракава, дзе Сьвятое Пісаньне чытаецца па-беларуску. Ёсьць розныя варыянты.

У Сьвята-Петра-Паўлаўскім саборы Менску кожную сераду з 17-й да 18-й на беларускай мове чытаюць акафіст Віленскім мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію і кожную суботу служаць беларускамоўную літургію. Акрамя таго, штогод малітоўна памінаюць вядомых дзеячоў беларускай культуры — Канстанціна Астроскага, Ларысу Геніюш, Максіма Багдановіча і іншых — у дні іх памяці.

У Менску літургіі па-беларуску праходзяць і ў іншых месцах: у храме Архістраціга Божага Міхаіла і ў царкве сьвятой Ксеніі Пецярбурскай (яны месьцяцца побач у мікрараёне Сухарава), у царкве Сьвяціцеля Кірылы Тураўскага пры Менскай духоўнай акадэміі. У Менскай вобласьці — у праваслаўных храмах Івенца, Любані. Па-беларуску служаць у чатырох праваслаўных храмах Горадні.

На пытаньне Свабоды, ці будуць вернікам больш зразумелыя службы па-беларуску, чым на даволі складанай царкоўнаславянскай мове, протаярэй Сергій адказаў, што праблема неразуменьня набажэнстваў — часьцяком ня толькі моўная.

«Значная частка саміх тэкстаў складаная. Яны і па-расейску, і па-беларуску будуць цяжкія. Нават калі ня браць тэксты набажэнстваў, а тэксты, да прыкладу, пасланьняў апосталаў Паўла ці Пятра. Яны вельмі цяжкія, і зразумець іх можа толькі дасьведчаны, адукаваны вернік. На якой бы мове вы ні чыталі вышэйшую матэматыку, для вас многае будзе не зусім зразумела. Так і тут.

Але царкоўнаславянская мова дый наагул іншыя славянскія мовы бліжэйшыя да беларускай, чым да расейскай, таму беларусы прасьцей разумеюць іншых славянаў», — перакананы протаярэй Сергій Лепін.

Расклад літургій на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі на чэрвень 2018 году можна паглядзець тут.

Калі праваслаўныя сьвятары загавораць па-беларуску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG