У Беларускай праваслаўнай царкве мяркуюць, што для актывізацыі пытаньня аб наданьні аўтакефаліі, як ва Ўкраіне, няма ніякіх падстаў.
Старшыня Сынаідальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату, доктар тэалёгіі, протагерэй Сяргей Лепін расказаў Свабодзе аб пазыцыі Беларускай праваслаўнай царквы ў пытаньні аўтакефаліі.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў нядзелю заявіў, што Канстанцінопальскі патрыярхат пачынае працэдуры, неабходныя для наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.
Канстантынопальскі патрыярх заявіў, што абмяркуе зь сястрынскімі цэрквамі наданьне аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.
— Як вы ацэньваеце імкненьне Ўкраінскай праваслаўнай царквы да аўтакефаліі?
— Мы зыходзім з таго, што ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве ёсьць кананічныя структуры Праваслаўнай царквы, якія цалкам маюць права прадстаўляць усю паўнату інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва Ўкраіны. І па-за ініцыятывамі гэтых структураў усе спробы вырашэньня пытаньня аб наданьні аўтакефаліі антыпрадуктыўныя.
Мы спадзяёмся, што сытуацыя ва Ўкраіне будзе разьвівацца згодна з канонамі, а ўсім, хто мае тое ці іншае дачыненьне да гэтай праблемы, Гасподзь дасьць мудрасьці, цярпеньня і адказнасьці.
— А ці лічыць Беларуская праваслаўная царква Канстантынопаль сваёй мацярынскай царквой?
— Хутчэй бабуляй, таму што Беларуская праваслаўная царква зьяўляецца часткай Расейскай праваслаўнай царквы. А Расейская праваслаўная царква калісьці нарадзілася з улоньня царквы Канстантынопальскага патрыярхату.
Зразумела, гісторыя і Кіеўскай мітраполіі ў прыватнасьці, і Расейскай праваслаўнай царквы ўвогуле генэтычна зьвязаныя з Канстантынопальскай праваслаўнай царквой. У гэтым сэнсе яна мацярынская для нас.
РПЦ сёньня — ужо «дарослая» памесная Царква, а ня частка Канстантынопальскай. У той час як Беларуская праваслаўная царква — частка РПЦ.
Але РПЦ сёньня — ужо «дарослая» памесная Царква, а ня частка Канстантынопальскай. У той час як Беларуская праваслаўная царква — частка РПЦ.
А ўсе разам мы разам — Адзіная Сьвятая Саборная Апостальская Царква праваслаўных. І я спадзяюся на тое, што ніякія палітычныя супярэчлівасьці, якія існуюць цяпер у сьвеце, ніяк не паўплываюць на добры стан нашых адносінаў, у тым ліку і літургічных.
— А магчымы такі варыянт, што і Беларуская праваслаўная царква таксама прыйдзе да аўтакефаліі?
— Я думаю, што сёньня для актывізацыі пытаньня аб наданьні аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царкве няма ніякіх падставаў.