Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на беларускія храмы нацягваюць залатыя «цыбуліны»?


Царква ў Капылі
Царква ў Капылі

На сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў — зьмены іх аўтэнтычнага выгляду і «насаджэньня пазалочаных купалоў-цыбулін».

Свабода пацікавілася ў адмыслоўцаў, ці падзяляюць яны меркаваньне аўтараў пэтыцыі, што «цыбулізацыя» храмаў ёсьць мэтанакіраваным зьнішчэньнем культурных асаблівасьцяў Беларусі.

«Мы пакідаем за сабой права пагаджацца не заўсёды»

Старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) пратаярэй Сергій Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўсе настаяцелі прыходаў, якія карыстаюцца помнікамі архітэктуры, ведаюць, што рэстаўрацыю трэба праводзіць з дазволу Міністэрства культуры.

«Беларуская праваслаўная царква мае асаблівы клопат аб захаваньні матэрыяльнай спадчыны, Яна наогул зьяўляецца найбуйнейшым карыстальнікам помнікаў у Беларусі. Я згодны з тым, што бываюць нейкія асобныя выпадкі, і нашы ўласныя ўнутраныя службы самакантролю праводзяць разбор недарэчных фактаў», — сказаў айцец Сергій.

Протаярэй Сергій Лепін
Протаярэй Сергій Лепін

​Ён лічыць, што ў цэлым эксплюатацыя і рамонт будынкаў, якія зьяўляюцца помнікамі архітэктуры, «адбываецца згодна з заканадаўствам і фінансавымі магчымасьцямі прыходаў».

«Царква шмат робіць для захаваньня гістарычнай спадчыны. Толькі адзінкавыя аб’екты атрымліваюць ад уладаў дадатковае мэтавае фінансаваньне, ва ўсіх жа астатніх выпадках мы адшукваем уласныя сродкі. І гэта ўжо не адзінкавыя будынкі», — сказаў айцец Сергій.

Паводле яго, менавіта тое, што храмы знаходзяцца ў карыстаньні царквы, захоўвае іх ад разбурэньня, а многія адбудаваны літаральна з руінаў і нават зь небыцьця.

«Згодзен, усё можна рабіць лепш, у тым ліку і тое, што робіць царква. Але прашу заўважыць, што рэстаўрацыя храмаў наўрад ці можа падтрымлівацца на больш высокім узроўні, чым рэстаўрацыйная справа па краіне ў цэлым».

​Пратаярэй Сергій Лепін кажа, што пра кожны выпадак меркаванага парушэньня падчас рэстаўрацыі трэба казаць асобна, дакладна ведаючы гісторыю ўзгадненьняў або, наадварот, самавольных зьменаў.

Мы прыслухоўваемся да заўваг грамадзтва, але пакідаем за сабой права пагаджацца не заўсёды

«Маю запэўніць, што мы таксама занепакоеныя несанкцыянаванымі зьменамі альбо ўтрыманьнем помнікаў у неналежным стане, але ініцыятары пэтыцыі лепш бы спачатку вызначыліся з канкрэтным сьпісам помнікаў ды высьветлілі, на што ёсьць дазвол, а на што няма. Калі рэстаўрацыя праведзена згодна з зацьверджаным праектам, то пра якое парушэньне можа ісьці гаворка? Мы прыслухоўваемся да заўваг грамадзтва, але пакідаем за сабой права пагаджацца не заўсёды», — сказаў айцец Сергій.

Суразмоўца кажа, людзі з падобнымі да аўтараў пэтыцыі прэтэнзіямі «вельмі часта маюць ня веды, а фобіі і прадузятасьці да БПЦ». Ён перакананы, што зьбіраць сродкі для рэстаўрацыі помнікаў куды больш плённа, чым подпісы.

«Хай бы заклапочаная грамадзкасьць адкрыла грашовы рахунак, зьбірала грошы, выяўляла помнік, дапамагала яго адрэстаўраваць „як трэба“ і ў якасьці падзякі атрымлівала б справаздачу, адпаведную яе ўяўленьням аб празрыстасьці. Захаваем спадчыну разам, сябры».

«Трэба змагацца не з смаркатымі насоўкамі, а з інфэкцыяй»

Архітэктар праваслаўных цэркваў і выкладчык Менскай духоўнай акадэміі ​Генадзь Лаўрэцкі, які ўзначальваў архітэктурна-мастацкую раду Беларускага экзархату, у размове са Свабодай зьвяртае ўвагу на тое, што «ўсе гэтыя прыбудовы і „цыбулінкі“» ёсьць «двухбаковым дзеяньнем», бо рашэньні наконт гісторыка-культурных помнікаў не прымаюцца без удзелу Міністэрства культуры, створанай пры ім Навукова-мэтадычнай рады.

Генадзь Лаўрэцкі
Генадзь Лаўрэцкі

— Шмат помнікаў дайшло да нас у пераробленым выглядзе, і ёсьць такі тэрмін, як стылёвае напластаваньне. І калі здымаюць нейкія больш позьнія прыбудовы, то гэта падобна на тое, як вырываюць старонкі з кнігі.

Я вельмі адмоўна стаўлюся да дзеяньняў Мураўёва пасьля паўстаньня (пасьля задушэньня паўстаньня 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага на загад Мураўёва ўніяцкія храмы на Беларусі перарабляліся пад праваслаўныя. — РС). Але гэта была гісторыя. І гэтаксама, як цяпер зносяць помнікі Леніну і савецкім змагарам у Эўропе, тое самае неяк атрымліваецца і з помнікамі.

Я таксама вельмі адмоўна стаўлюся да дзеяньняў Мураўёва

Вядома ж, вялікага розуму, каб зьняць «цыбуліну», ня трэба. Але ж трэба зьберагчы для помніка ўсю ягоную гісторыю. І такую, і гэткую. Калі ён быў перароблены і гэтая пераробка ня надта адпавядае помніку, яго стылёвай арыентацыі, безумоўна, трэба пазбаўляцца ад яе.

Але ж калі гэта частка гісторыі, то няхай будзе, бо гэта помнік нашай Беларусі, і часам на адным аб'екце можна пабачыць усе праявы пэрыяду.

Возьмем у Наваградку Барысаглебскую царкву, там ёсьць і час старадаўні беларускі ХІІ стагодзьдзя, ёсьць гатычны кавалак, ёсьць уніяцкі і ёсьць позьні. І ўсе яны для нас каштоўныя, і помнік экспануе ўсю гісторыю архітэктуры, якая была ў Беларусі.

А безумоўна, усе гэтыя пытаньні павінны вырашацца грамадзтвам, ёсьць прапанова, ёсьць у канцы Мінкульт, і нейкае паразуменьне трэба знаходзіць.

Барысаглебская царка ў Наваградку да таго, як на ёй устанавілі купалы з какошнікамі і «цыбулінамі». Навуковым кіраўніком праекта быў якраз Генадзь Лаўрэцкі
Барысаглебская царка ў Наваградку да таго, як на ёй устанавілі купалы з какошнікамі і «цыбулінамі». Навуковым кіраўніком праекта быў якраз Генадзь Лаўрэцкі

— Аўтары пэтыцыі і некаторыя адмыслоўцы кажуць, што «цыбуліны» абсалютна нехарактэрныя для беларускага дойлідзтва, што гэта нешта штучнае, расейскае...

— «Цыбуліны», як іх называюць, — гэта полымя сьвечкі. Такая форма зьявілася даволі рана і была яна і ў Беларусі, і ў готыцы, калі паглядзець на Заходнюю Эўропу. Тое, што лічыцца цяпер расейскім, шатровае дойлідзтва, гэта ўсё прыйшло ад нас, зь Беларусі.

Тое, што іх узялі да сябе маскоўскія дойліды, гэта іх праблема

І што тычыцца гэтых «цыбулін», гэтай «полымепадобнай» формы, то паглядзіце на завяршэньне Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы, там ёсьць гэтыя какошнікі, і ніхто гэтага не баяўся ў ХІІ стагодзьдзі. Тое, што іх узялі да сябе маскоўскія дойліды, гэта іх праблема. І тое што яны гэта сваім назвалі — ну што ж. Гэта ўсё ад нас ідзе.

Новы залаты выгляд капліцы ў Сынкавічах
Новы залаты выгляд капліцы ў Сынкавічах

— Некаторыя адмыслоўцы зьвязваюць гэта са сьвядомым уплывам Маскоўскага патрыярхату...

— Пакуль наша царква будзе часткай Маскоўскай, так будзе ўвесь час. Наогул, усе гэтыя «цыбуліны» — гэта толькі вынік. Трэба змагацца не з усімі гэтымі «цыбулінамі», а з тым, што ў галаве ў людзей. З тым, што іх выклікае. Бо як сябе сьвятар усьведамляе, такую палітыку ён і праводзіць.

«Калі б Беларусь захапілі манголы, то ў нас былі б нейкія пагады»

Архітэктар касьцёлаў Аляксей Яроменка аб’ехаў усю Беларусь, браў удзел у складаньні каталёгу сьвятыняў для Каталіцкай царквы. Таксама ён фіксаваў, як сам кажа, «архітэктурныя анэкдоты», у ліку якіх пераробленыя ў праваслаўныя цэрквы каталіцкія і ўніяцкія храмы.

Аляксей Яроменка
Аляксей Яроменка

— Калі рымска-каталіцкая ці грэка-каталіцкая сьвятыня пераабсталёўваецца пад праваслаўную царкву і на былым барокавым ці нэагатычным аб’ёме зьяўляюцца дамінанты, якія жудасна дысануюць, гэта я і называю архітэктурнымі анэкдотамі.

Напрыклад, былое мястэчка Гавязна, цяпер Вішнявец. Грэка-каталіцкая царква пераабсталяваная пад праваслаўную, і там нібы прасам па гзымсе зрабілі плоскасьць, зь якой тырчаць непрапарцыйныя вежачкі з гэтымі «цыбулінамі».

Ці ў Пінску былы касьцёл бэрнардынцаў — цяпер праваслаўная царква сьвятой Барбары. Зь некаторых пунктаў агляду за барокавым шчытом гэтай «цыбуліны» наогул не відаць. Але ў бок адыдзеш — а яна там схавалася, нібыта партызан.

Я за тое, каб яны заставаліся як мага больш «цыбулістымі», «исконно» праваслаўнымі, расейскімі і надалей

Але я менавіта за тое, каб яны заставаліся як мага больш «цыбулістымі», «исконно» праваслаўнымі, расейскімі і надалей. Бо гэта ж Маскоўскі патрыярхат на Беларусі. Няхай ён адрозьніваецца ад усіх астатніх вось такой адметнай рысай.

Бо калі б Беларусь захапілі манголы, то ў нас былі б нейкія пагады.

Царква ў Пінску
Царква ў Пінску

Але калі лёс на Беларусі будзе больш нацыянальны, калі, напрыклад, адродзіцца Віленская мэтраполія Канстантынопальскага патрыярхату, калі ў нас будзе свая беларуская царква грэцкага абраду, тады яна няхай і адрозьніваецца гэтымі купаламі.

— Чаму, на ваш погляд, узьнікаюць такія «анэкдоты»?

— Таму, што беларускі грэцкі абрад быў заваяваны Маскоўскім патрыярхатам. Бо на нашыя землі прыйшла Расейская імпэрыя з гэтымі сваімі «цыбулінамі». Нехта ў Расеі бачыць улюблёнага старэйшага брата, нехта ваяўнічага імпэрыяліста, але гэта такая адметная рыса. Што да будынкаў, то тут справа толькі пра рэстаўрацыю.

На маю думку, параўнальна добра прыстасаваны пад праваслаўны катэдральны сабор былы касьцёл бэрнардынак у Менску. Там збольшага няма гэтых «цыбулін», зрабілі ўсё ж такі барочныя купалы на вежах. Але на галоўным фасадзе зьявіліся мазаікі, якія дагэтуль ніколі не псавалі аб’ём.

— Гэта Міністэрства культуры дае дазвол на такія пераробкі, альбо сьвятары з уласнай ініцыятывы падладжваюць выгляд сьвятыняў да маскоўскага ўзору?

— Наколькі я ведаю, Міністэрства культуры ніколі на гэта не пагадзілася б. Як у Слоніме: ніхто ні да кога не хадзіў, бацюшка вырашыў. Недзе знайшлі ці то зьвесткі, ці то плёткі, што бэрнардыны пабудавалі на месцы праваслаўнай царквы. Але калі так і насамрэч было, то там была праваслаўная царква Канстантынопальскага патрыярхату.

Царква ў Слоніме
Царква ў Слоніме

Для мяне гэта нэгатыўная, для некага пазытыўная, але гэта такая візытоўка Маскоўскага патрыярхату

Праваслаўная царква ў нас такая прывілеяваная, што выканкамы зь ёй ня сварацца, не жадаюць праблем — і ўсё так і застаецца.

Я ўздымаў бы пытаньне штрафаў ці санкцый адносна такіх будынкаў, як бэрнардыны ў Слоніме. Там захаваліся і кружала, і кроквы старажытныя, драўляныя, і фатаздымкі добра вядомыя. Але калі на вежах слонімскіх бэрнардынаў зьявіліся залатыя «цыбуліны», то з гледзішча архітэктуры гэта таксама чарговы анэкдот.

Але чым горш, тым лепей. Для мяне гэта нэгатыўная, для некага пазытыўная, але гэта такая візытоўка Маскоўскага патрыярхату.

«Гэта мэтанакіраваная імпэрская палітыка Расеі»

Беларускі архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга лічыць, што перабудова праваслаўных храмаў накіравана на зьнішчэньне культурных асаблівасьцяў Беларусі.

— Гэта ж ня сёньня пачалося — фактычна ад першых дзён акупацыі 1795 году. Гэта мэтанакіраваная імпэрская палітыка Расеі. А задача любой імпэрскасьці — ліквідаваць усе нацыянальныя асаблівасьці. Бо якраз гэтыя асаблівасьці даюць самаідэнтыфікацыю. Зьнішчэньне самаідэнтыфікацыі — галоўная стратэгічная задача. Яна вырашаецца тактычнымі прыёмамі — праз пазбаўленьне мовы, гісторыі, спадчыны.

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга
Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга

​Нашы помнікі мелі тры сцэнары ўтрыманьня — на прыкладзе Менску. Поўнае зьнішчэньне, як было з ратушай. Перабудова ў іншае, непазнавальнае, як з катэдры зрабілі дом фізкультурніка. Альбо застаўленьне помніка нечым іншым, каб яго закрыць, візуальна забіць, як Залатагорскі касьцёл.

І «цыбуліны» — гэта працяг вельмі далёкага працэсу. Гэта наогул прыём арабскай архітэктуры, гэта Тадж-Махал, Бухара і г.д. Нідзе праваслаўныя храмы ня маюць гэтых «цыбулін» з разьдзьмутымі бакамі. Гэта азіяцкая, блізкаўсходняя, мусульманская традыцыя, якую расейцы перанялі як сваю.

Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін з былой жонкай Людмілай каля Тадж-Махала
Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін з былой жонкай Людмілай каля Тадж-Махала

І што такое нацягваньне расейскіх «цыбулін» на беларускія храмы, якія да Маскоўскай патрыярхіі нічога агульнага ня мелі ад пачатку? Гэта фактычна тая ж мэтафара — як зь Беларусі зрабіць Расею, то бок пазбавіць яе сваёй мовы. Калі чалавек мяняе свой унутраны код, пераходзіць на іншую мову, ён робіцца іншым. Калі мы на беларускія храмы нацягваем расейскія «цыбуліны», яны робяцца Расеяй. Гэта такі мэтадалягічны асыміляцыйны прынцып.

— У Праваслаўнай царкве кажуць, што ўсе «цыбуліны» узгадняліся зь Міністэрствам культуры.

— Міністэрства культуры займаецца легітымацыяй зьнішчэньня гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі, — экспэрт

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG