Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква выдала кананічны пераклад «Новага Запавету»


У Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску прэзэнтавалі беларускамоўны пераклад Новага Запавету. Упершыню на кананічным выданьні «Новага Запавету» зьмешчаны беларускі арнамэнт.

Айцец Сергій Гардун пералічыў ранейшыя пераклады і выданьні Сьвяшчэннага Пісаньня на беларускую мову і спыніўся на іх недахопах.

Баптысцкі прэсьвітэр Лукаш Дзекуць-Малей разам з жонкай Серафімай пераклаў у Берасьці на пачатку 20-х гадоў чатыры Эвангельлі, якія ў 26-30-х гадах выйшлі асобнымі брашурамі ў баптысцкім выдавецтве «Компас». Рэдагаваў тэкст перакладу Антон Луцкевіч. У 1931 годзе выдадзены Новы Запавет і псалмы. На вокладцы быў васьміканцовы крыж. Гэты пераклад перавыдаваўся ў 1948 годзе ў Лёндане, у 1985 годзе ў Таронта і ў 1991 годзе без пазначэньня месца.

«Аднак нормам сучаснай літаратурнай мовы ён яўна не адпавядае», — сказаў айцец Сергій.

Вінцэнт Гадлеўскі
Вінцэнт Гадлеўскі

У 1939 годзе ў Вільні ўбачылі сьвет чатыры Эвангельлі і Апостальскія дзеі. Вінцэнт Гадлеўскі пасьпеў перакласьці і частку Старога Запавету. У 1998 годзе Гарадзенская рыма-каталіцкая дыяцэзія перавыдала гэты пераклад пад назвай «Чатыры Эвангельлі». Ксёндз Пётар Татарыновіч працягнуў справу Гадлеўскага і выдаў у Рыме ў 1954 годзе «Сьвятую Эвангелію, Апостальскія дзеі» са сваімі камэнтарамі, а ў 1974 годзе «Лісты сьвятых апосталаў».

«Абодва гэтыя пераклады моцна насычаны палянізмамі», — сказаў айцец Сергій.

Янка Станкевіч выдаў «Новы закон» асобным выданьнем у Нью-Ёрку ў 1970 годзе, а поўны пераклад пад назвай «Сьвятая Бібля» выйшаў у 1973 годзе.

«Пераклад нясе вельмі моцны адбітак асобы перакладчыка зь яго ўласным, субʼектыўным поглядам на мову і таму выклікае заслужанае непрызнаньне, хоць выкананы па-свойму акуратна і дакладна. Станкевіч пераклаў Біблію не на тую беларускую мову, якая існуе, а на тую, якую ён сам стварыў», — сказаў айцец Сергій.

У 1988 у Таронта выйшла «Напрастольнае сьвятоге Эвангельле», перакладзенае архіепіскапам Мікалаем Мацукевічам.

«Мова яго таксама далёкая ад сучаснай літаратурнай мовы, хоць і не ў такой меры як мова Станкевіча», — сказаў айцец Сергій.

Асобныя біблейскія кнігі перакладзены беларускім пастарам Янам Пятроўскім. Яны выйшлі ў ЗША.

Пераклады Сьвяшчэннага пісаньня і літургічных тэкстаў рабіў родны брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Яго пераклады Эвангельляў складаюць 5 сшыткаў рукапісаў. Два Эвангельлі былі апублікаваныя.

«Але паміж рукапісам і друкаваным выданьнем шмат адрозьненьняў, якія зьяўляюцца вынікам рэдактарскай праўкі Міколы Прускага. Шмат царкоўнаславянізмаў», — сказаў айцец Сергій.

Васіль Сёмуха пераклаў «Новы запавет» і «Псалтыр», а потым і ўсю Біблію ў яе пратэстанцкім складзе.

Васіль Сёмуха: «Беларускую Біблію хочуць чытаць нават атэісты»

Анатоль Клышка надрукаваў свае пераклады ў часопісе «Спадчына» і ў 2014 годзе выдаў поўны тэкст «Новага Запавету».

«У гэтых выданьнях ёсьць недахопы. Напэўна, пасьпешнасьцю перакладу тлумачыцца пропуск слоў і нават цэлых сказаў у перакладзе Сёмухі. У яго шмат неапраўданых нэалягізмаў. Падобныя нэалягізмы, хоць і ў меншай колькасьці, ёсьць у перакладзе Клышкі. Непрымальным таксама для царкоўнай традыцыі зьяўляецца ўжываньне слова „бацька“ адносна Бога-айца, што зьяўляецца характэрнай адметнасьцю перакладу Клышкі», — сказаў айцец Сергій.

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі перакладаў у 70-я гады. Толькі ў 1999 годзе выйшаў яго пераклад «Новага Запавету». Гэта было неафіцыйнае выданьне без бласлаўленьня герархіі. У 2003 годзе зноў выйшаў яго пераклад.

«Але, як аказалася, гэта два зусім іншыя тэксты, і не вядома, які насамрэч належыць Чарняўскаму. У 2012 годзе выдадзена Біблія ў яго перакладзе. І ў ёй тэкст Новага запавету адрозьніваецца ад папярэдніх. Які тэкст зроблены самім Чарняўскім, застаецца загадкай», — сказаў айцец Сергій.

У 2007 годзе праваслаўная царква выдала «Богаслужэбнае Эвангельле». Беларусы Польшчы перавыдалі яго ў 2008 годзе.

У 2012 годзе выйшаў пераклад Эвангельля камісіяй пры канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

«Мова яго выданьня сучасная, літаратурная. Адзінае, што для нас, праваслаўных, нязвыкла — гэта Матэуш, сьвятыня, Юзаф, пан Езус».

Паводле айца Сергія, цяперашні пераклад — гэта вынік 25-гадовай працы Беларускай біблейнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы. Пераклад зроблены з арыгінальнага грэцкага тэксту і адпавядае нормам сучаснай беларускай мовы, захоўвае пры гэтым устойлівую царкоўную тэрміналёгію.

Мітрапаліт Павел
Мітрапаліт Павел

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел сказаў, што «гэтае выданьне на сёньня зьяўляецца эталёнам, узорам». Аднак выдавецкая рада працягне працу над удасканаленьнем гэтага выданьня.

Міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч пажадаў падчас прэзэнтацыі, каб гэта падзея «стала падмуркам для новых крокаў узьяднаньня царквы з грамадзтвам, у фармаваньні ўплыву царквы на разьвіцьцё незалежнай сувэрэннай Беларусі».

Старшыня ТБМ, дэпутатка Алена Анісім сказала, што выданьне гэтага перакладу Бібліі — «працяг скарынаўскай традыцыі па пашырэньні ведаў на роднай мове», «вялікі здабытак і падарунак для вернікаў і неацэнны ўклад у разьвіцьцё сучаснай беларускай мовы».

Паводле айца Сергія, «Новы запавет» выйшаў накладам у 6 тысяч, але ў хуткім часе будзе перавыданьне, бо ўжо засталося мала экзэмпляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG