Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС — адзінае ведамства, якое ня трэба скарачаць


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

У Міністэрстве замежных спраў — сурʼёзныя скарачэньні ў рамках агульнай кампаніі па «аптымізацыі» колькасьці чыноўнікаў у краіне.

Скарачэньні ідуць па ўсім дзяржапараце, да канца сьнежня тысячы людзей страцяць сваю былую працу ў міністэрствах і ведамствах. Дзяржаўная машына выконвае распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі, які за апошнія гады ня раз казаў, што колькасьць чыноўнікаў трэба зьменшыць. Напрыклад, у сьнежні мінулага году кіраўнік Беларусі заявіў: «Мы плянавалі 50 працэнтаў скараціць. Але вельмі цяжка будзе на першым этапе. Урад прапануе, і я накіраваў вам гэтыя дакумэнты сёньня — парадку 30 працэнтаў атрымліваецца, нават 33–35. Гэта добры крок на гэтым этапе».

«Скарачэньне чыноўнікаў» — гэта такі вечназялёны мэм, фэтыш, пра які любяць казаць усе — ад апазыцыйных палітыкаў да простых людзей і саміх чыноўнікаў. Калі хочаш здабыць папулярнасьць — гавары пра скарачэньне чыноўнікаў, гэта бяспройгрышны варыянт.

Але калі б у мяне спыталі, ці ёсьць ведамства, якое ня трэба скарачаць — я б адказаў адназначна: Міністэрства замежных спраў.

І рэч ня ў тым, што ў гэтым ведамстве працуюць нейкія асабліва прагрэсіўныя ці патрыятычныя людзі. Людзі там як паўсюль — вельмі розныя.

Рэч у абʼектыўных функцыях, якія выконвае гэтая структура. Незалежна ад сваіх палітычных поглядаў кожны чыноўнік МЗС выконвае функцыю разьвіцьця міжнародных адносінаў Беларусі зь іншымі краінамі. То бок фактычна — умацоўваньня беларускага сувэрэнітэту.

Вось, напрыклад, існуе структура, якая займаецца змаганьнем супраць апанэнтаў улады — то якія б ні былі асабіста супрацоўнікі гэтай структуры, якія б чалавечыя якасьці яны ні мелі — яны будуць займацца палітычным вышукам, сачэньнем, праслухоўваньнем і гэтак далей.

А супрацоўнікі МЗС (паўтаруся, незалежна ад сваіх асабістых якасьцяў) паляпшаюць адносіны Беларусі зь іншымі краінамі. Праца ў іх такая. Ніхто зь іх ня мае задачы пагоршыць гэтыя адносіны. І гэта ня тая дзейнасьць, якую можна рабіць больш эфэктыўна меншай колькасьцю людзей.

Скараціце, напрыклад, Міністэрства прамысловасьці. Цалкам.

Таму — гэта ня тая функцыя, якую можна скарачаць. Гэта ня тая функцыя, на якой трэба эканоміць. Гэта тая функцыя, якую трэба павялічваць.

Колькі разоў у гісторыі міжнародных дачыненьняў нейкая істотная міждзяржаўная праблема вырашалася толькі пасьля таго, як у міністэрстве замежных спраў гэтай краіны прызначаўся чалавек, адказны за яе вырашэньне.

Таварышы з Адміністрацыі прэзыдэнта, калі вам неабходна выканаць вызначаную «зьверху» норму скарачэньня чыноўнікаў — скараціце, напрыклад, Міністэрства прамысловасьці. Цалкам. Бо такога міністэрства няма ў ніводнай краіне сьвету, і Беларусі, відавочна, яно ня надта патрэбнае.

Дый увогуле — скарачайце спэцназаўцаў, а не дыпляматаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG