Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантралёрам Мінтрансу, якія бралі па 100 даляраў зь перагружаных аўтамабіляў, далі па 8 гадоў


Былыя кантралёры Міністэрства транспарту Мікалай Літошык (зьлева) і Аляксандар Грэковіч
Былыя кантралёры Міністэрства транспарту Мікалай Літошык (зьлева) і Аляксандар Грэковіч

У Менскім гарадзкім судзе агалошаны прысуд адказным супрацоўнікам транспартнай інспэкцыі Мінтрансу Аляксандру Грэковічу і Мікалаю Літошыку, якія, паводле суду, абкладалі данінай уладальнікаў грузавых аўтамабіляў, што рухаліся па краіне зь перагрузам.

Абодва атрымалі па 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і вялікімі штрафамі. Таксама былым начальнікам-кантралёрам пасьля адбыцьця пакараньня на 5 гадоў забаронена займаць кіроўныя пасады.

У справе фігуравала больш за 200 эпізодаў атрыманьня хабару Аляксандрам Грэковічам, які працаваў у транспартнай інспэкцыі Мінтрансу начальнікам аддзелу высокагабарытнага кантролю па Менску і Менскай вобласьці. Суд прызнаў даказаным, што Грэковіч атрымліваў хабар — звычайна па 100–200 даляраў з кіроўцы — за тое, што не правяраў яўна перагружаныя аўтамабілі ў той час, калі па краіне ўводзілі абмежаваньні для перагружанага транспарту.

У справе фігуравала больш за 20 транспартных фірмаў, зь якімі трывала «кантактаваў» Грэковіч. Прычым аказалася, што кантралёр браў хабар ня толькі грашыма, але і будаўнічымі матэрыяламі, прыкладам, бэтонам.

Сьледзтва налічыла за Грэковічам хабару больш як на 20 тысяч даляраў.

Мікалаў Літошык (зьлева) і Аляксандр Грэковіч, архіўнае фота
Мікалаў Літошык (зьлева) і Аляксандр Грэковіч, архіўнае фота

Дзясяткамі тысяч даляраў вымярала сьледзтва і хабар, які атрымліваў праз Грэковіча ягоны начальнік Мікалай Літошык, кіраўнік управы высокагабарытнага кантролю транспартнай інспэкцыі Мінтрансу. Паводле сьледзтва, толькі ад транспартнай фірмы «Даміно трэйд» Літошык атрымаў больш як 24 тысячы даляраў. Для яго такса была — 2 тысячы даляраў за месяц адсутнасьці кантролю. Сьледзтва назьбірала доказаў на 5 эпізодаў хабарніцтва з боку Мікалая Літошыка.

Цікава, што ў сьпісе маёмасьці, якую суд пастанавіў забраць у Грэковіча і Літошыка, няма шыкоўных аўтамабіляў ці дарагіх кватэр. У асноўным — бытавая тэхніка, тэлевізары, мабільныя тэлефоны, нязначныя сумы грошай. Усяго 11 рублёў было ў кашальку Грэковіча на момант арышту ў траўні. У Літошыка паводле суду забяруць аўтамабіль «Хёндэ» 2010 году выпуску, пабудову на зямельным участку, 3 паляўнічыя стрэльбы.

Суму ў 1200 даляраў, якая фігуравала ў справе як хабар Літошыку, суд вырашыў вярнуць банку. У лютым купюры былі памечаныя адмысловай фарбай перад апэратыўна-сьледчым экспэрымэнтам, каб затрымаць Мікалая Літошыка. Цяпер грошы адмыюць і вернуць у абарачэньне.

Суд даў падсудным яшчэ 1 месяц на тое, каб сплаціць штрафы ў 27 тысяч рублёў за страты, нанесеныя аўтарытэту дзяржавы.

«Пагарэў на бэтоне» — паводле сьледчых, транспартныя інспэктары бралі хабар рублямі, далярамі і нават бэтонам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG