Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэоляг «русского мира» выступіць у Менску. Класкоўскі: падставаў забараняць няма


Мікалай Старыкаў
Мікалай Старыкаў

Заплянаваная на 17 кастрычніка сустрэча з расейскім ідэолягам і пісьменьнікам Мікалаем Старыкавым у Менску адбудзецца. Пра гэта Свабодзе паведамілі праз тэлефон, па якім можна запісацца на ўдзел у мерапрыемстве.

«Так, усё ў сіле, усё адбудзецца. Для ўдзелу трэба паведаміць імя, прозьвішча і кантактны нумар тэлефону», — сказалі Свабодзе.

Візыт Мікалая Старыкава ў Менск арганізуюць інфармацыйны партал «Русь Молодая» і міжнародны мэдыя-клюб «Формат-а3».

«Шматпалярны сьвет і асяродкі нестабільнасьці» — так пазначана тэма размовы з расейскім госьцем.

За апошнія два гады Мікалай Старыкаў напісаў кнігі «Сталін. Успамінаем разам», «Геапалітыка: як гэта робіцца», «Украіна. Хаос і рэвалюцыя — зброя даляра», «Расея. Крым. Гісторыя», «Улада».

Мадэратарам сустрэчы мае быць беларускі тэлевядучы Вадзім Гігін.

Напярэдадні была адмененая сустрэча зь Мікалаем Старыкавым у «Доме кнігі „Сьветач“». На афіцыйным сайце "«Белкнігі» паведамляецца пра «тэхнічныя прычыны»:

«Прызначаная на 15 лістапада 2015 году ў 17.00 у кнігарні „Дом кнігі „Сьветач““ творчая сустрэча зь Мікалаем Старыкавым адмяняецца з тэхнічных прычын».

Адмена сустрэчы ў «Сьветачы» адбылася пасьля таго, як беларускія карыстальнікі сеціва пачалі пісаць скаргі. Яны заклікалі адмовіць Старыкаву, бо ён падтрымлівае сэпаратыстаў ва Ўкраіне і вядомы сваімі антыбеларускімі выказваньнямі.

Кнігі Старыкава на пачэсным месцы ў віцебскай кнігарні
Кнігі Старыкава на пачэсным месцы ў віцебскай кнігарні

Мэдыя-экспэрт Аляксандар Класкоўскі лічыць, што фармальна забараняць сустрэчу зь Мікалаем Старыкавым падставаў няма:

«Фармальных, напрыклад, юрыдычных падстаў забараняць такія сустрэчы няма. Таму што тады трэба выстаўляць нейкія абвінавачваньні ў экстрэмізьме, антыдзяржаўнай дзейнасьці ці замаху на нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ніхто ва ўладзе ня будзе ўжываць такія фармулёўкі. Чаму? Таму што хоць беларускія ўлады пасьля Крыму і зразумелі небясьпеку экспансіі „русского мира“ і стварэньня пляцдармаў у суседніх з Расеяй краінах, яны знаходзяцца ў пастцы братняй інтэграцыі. Тое самае тычыцца і вяшчаньня расейскіх каналаў у Беларусі — у самы разгар вайны на Данбасе вялася шалёная прапаганда, якая працягваецца і цяпер. Але спыняць ці фільтраваць гэтыя каналы, натуральна, беларускае кіраўніцтва ня будзе — бо адразу будзе скандал і абвінавачаньне ў здрадзе. А Лукашэнка і так час ад часу мусіць апраўдвацца, што, маўляў, ніякага павароту на Захад няма і мы па-ранейшаму адданыя хаўрусьнікі Крамля».

Паводле экспэрта, беларускія начальнікі круцяцца як уюны на патэльні: хочацца і застрахавацца ад «русского мира», і Крэмль не раззлаваць:

«Напрыклад, даходзяць чуткі, што мясцовыя вэртыкальнікі сталі пакрысе наяжджаць на казацкія клюбы і іншыя нефармальныя суполкі, якія фактычна займаюцца вайсковай падрыхтоўкай адэптаў „русского мира“. Той самы Лукашэнка ў свой час аддаваў спэцслужбам загад разабрацца з тымі, хто крычыць пра ўціск рускіх у Беларусі. Але гэта крокі непасьлядоўныя, таму што пастка братняй інтэграцыі, у тым ліку эканамічная і фінансавая залежнасьць ад Расеі, будзе прымушаць беларускае кіраўніцтва сябе стрымліваць і лавіраваць».

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што станаўленьне нацыянальнай самасьвядомасьці, з аднаго боку, патрэбнае вярхам Беларусі, а зь іншага — выклікае асьцярогу, бо тады трэба разьвіваць грамадзянскую супольнасьць.

«А гэта палохае беларускае начальства. Гэта мы ўбачылі ў рэакцыі на гісторыі з кадэтамі, якія сфатаграфаваліся ў майках з „Пагоняй“, а таксама ў тым, як „вінцілі“ футбольных зяўзятараў у шаліках з нацыянальнымі сымбалямі. Таму аднабокая арыентацыя на Маскву перакрывае пэрспэктывы дзяржаўнай працы над умацаваньнем нацыянальнай сьвядомасьці ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG