Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча гатовая ўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў, — віцэ-прэмʼер Матэвуш Маравецкі


Матэвуш Маравецкі і намесьнік прэмʼер-міністра Беларусі Міхаіл Русы (справа)
Матэвуш Маравецкі і намесьнік прэмʼер-міністра Беларусі Міхаіл Русы (справа)

Беларусі і Польшчы неабходна ўзмацняць эканамічнае супрацоўніцтва на ўзроўні малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Польшча таксама гатовая ўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў, заявіў намесьнік прэмʼер-міністра, міністар разьвіцьця Польшчы Матэвуш Маравецкі па выніках ХХ Беларуска-польскага эканамічнага форуму «Добрасуседзтва-2016», які 24 кастрычніка прайшоў у Менску.

Форум сабраў больш за 500 прадстаўнікоў польскага і беларускага бізнэсу.

Беларусь і Польшча спадзяюцца павялічыць тавараабарот паміж дзьвюма краінамі да 4 мільярдаў даляраў праз 2 гады. А сёлета ён дасягне 2,5 мільярда, паведаміў віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы.

Польскі віцэ-прэмʼер Матэвуш Маравецкі адзначыў, што на гэты бізнэс-форум з Польшчы прыехала ў некалькі разоў больш фірмаў, чым на ранейшыя, і гэта сьведчыць пра зацікаўленасьць бізнэсу ва ўзаемным супрацоўніцтве.

Беларусь — сурʼёзны партнэр, які добра разьбіраецца ў справах Эўразійскага саюзу. А Польшча шмат гадоў ужо сябра Эўрапейскага Зьвязу. Так што краіны могуць стаць істотнымі партнэрамі на абедзьвюх пляцоўках, кажа спадар Маравецкі:

«І Беларусь, і Польшча ў мінулым былі ахвярамі вельмі цяжкіх часоў. Сёньня гэтае цяжкое гістарычнае мінулае і геаграфічнае становішча нам трэба перакаваць у сумесны посьпех і далейшае супрацоўніцтва. У Польшчы мы стварылі адмысловыя інструмэнты падтрымкі экспарту ў межах Банку нацыянальнай эканомікі і страхавой кампаніі. Сродкі ў памеры каля 10 мільёнаў даляраў можам прадастаўляць для падтрымкі экспарту. Сёньня з задавальненьнем магу адзначыць, што Беларусь — наш трэці па значнасьці партнэр. І ўжо тут, на месцы, мы прынялі важныя рашэньні. Мы стварылі нешта кшталту „гарачай лініі“ адзін з адным. Магчыма, мы будзем удзельнічаць у працэсах прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў у Беларусі».

Паводле словаў старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ўладзімера Ўлаховіча, «у распрацоўцы [знаходзяцца] каля 10 сурʼёзных праектаў, па якіх мы чакаем руху. У прыватнасьці, стварэньне ветрапарку ў Зэльве коштам каля 3 мільёнаў даляраў. Таксама прапрацоўваецца вялікі праект па стварэньні тэніснага цэнтру ў Менску з удзелам кампаніі Unibep, якая пабудавала гасьцініцу «Вікторыя», коштам каля 30 мільёнаў даляраў. У Горадні плянуецца пабудаваць гандлёвы цэнтар коштам звыш 60 мільёнаў, у СЭЗ «Магілёў» плянуецца рэалізацыя праекту па вытворчасьці прадукцыі на замову швэдзкай кампаніі IKEA.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG