Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі зьбіраюцца пікетаваць расейскую амбасаду і пасьля прысуду Саўчанцы


З 10 раніцы да 18:30 вечара працягваўся ў Менску каля амбасады Расеі пікет актывістаў, якія патрабуюць вызваленьня Надзеі Саўчанкі. Пра тое, што суд расейскага гораду Данецку асудзіў украінскую лётчыцу на 22 гады зьняволеньня пікетоўцы даведаліся ад карэспандэнта Свабоды, але пасьля гэтага не згарнулі свае расьцяжкі і пікет не спынілі.

Актывістка Вольга Мікалайчык:

«Гэта абуральны прысуд, як і сам суд над чалавекам, які бараніў сваю радзіму — Украіну. Праўда, мы ад пуцінскага суду іншага і не чакалі. Дарэчы, вельмі падобна на прысуды палітвязьням, якія мы чулі ў беларускіх судах, калі суд даваў на год меней, чым патрабаваў пракурор. Дыктатарскія рэжымы аднолькавыя.

Што да нас, дык такі прысуд дадае волі далей змагацца за свабоду Надзеі Саўчанкі. Удзельнікі пікету абмеркавалі сытуацыю і вырашылі: калі Надзея Саўчанка абвесьціць сухую галадоўку, мы заўтра адновім пікетаваньне, але будзем праводзіць яго вахтавым мэтадам. Хутчэй за ўсе, будзем выходзіць на пікет увечары, перад канцом працоўнага дня расейскіх дыпляматаў. Яны ад нас цэлы дзень хаваліся, але ўвечары, калі разьяжджаліся па ўтульных менскіх кватэрах, пачулі нашы патрабаваньні вызваліць Надзею ды іншых закладнікаў пуцінскага рэжыму», — паведаміла Вольга Мікалайчык.

Паводле яе, 22 сакавіка, як і напярэдадні, міліцыянты працягвалі складаць пратаколы на ўдзельнікаў акцыі. «Склалі сьпіс недзе на 12–15 чалавек. Значыць, зноў будуць пратаколы, а пасьля суды. Але нас гэта не спыняе», — заявіла актывістка.

22 сакавіка нападаў на пікетоўцаў не было, хаця спрэчкі зь мінакамі, якія падтрымлівалі расейскі суд над Саўчанкай, здараліся, адзначыла актывістка:

«Нават зноў прыяжджаў той мужчына, які ўчора на нас кідаўся з сапёрнай рыдлёўкай. Але папярэдзіла яго, што буду падаваць у суд за пагрозы, бо нумар ягонага аўтамабіля ў нас ёсьць на відэа, дык ён хуценька зьбег. Але былі сёньня і тыя, хто нас падтрымліваў», — апавяла Вольга Мікалайчык.

Удзельнікі пікету каля расейскай амбасады таксама патрабавалі ад кіраўніцтва Расеі вызваленьня расейскіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG