Цыганкоў: Тэма Саўчанкі будзе уплываць на ўкраінска-расейскія дачыненьні даволі доўга. Перш за ўсё, варта нагадаць, што Надзея Саўчанка зьяўляецца дэпутатам украінскага парлямэнта ад фракцыі Бацькаўшчына, якую ўзначальвае Юлія Цімашэнка. Чыньнік Саўчанкі, незалежна ад партыйнай прыналежнасьці, стане пэўным сьцягам для ўкраінскай палітыкі. Гэта ўжо потым, калі яна, магчыма, вернецца ва Ўкраіну, з Саўчанкай будуць пагаджацца ці не пагаджацца, спрачацца зь ёй. Але на гэты момант яна зьяўляецца сымбалем процістаяньня Ўкраіны расейскай агрэсіі, сымбалем свабодалюбнага духу ўкраінскага народу. Так што яе вызваленьне стане скразной тэмай украінскай палітыкі на найбліжэйшы час, гэтага будуць аднолькава патрабаваць усе палітыкі, усе галіны ўкраінскай улады, незалежна ад ідэйных разыходжаньняў.
Нагадаю, што абмен палонных па прынцыпе «усіх на ўсіх» прадугледжаны яшчэ Менскімі пагадненьнямі. Ёсьць два расейскія афіцэры з ГРУ, якія затрыманыя ва Ўкраіне. Магчыма, акурат пачнуцца закулісныя перамовы наконт таго, ці гэта дастатковая «вага» для абмену Саўчанкі. Таксама вельмі істотны чыньнік — тое, што ў пытаньні Саўчанкі ёсьць пэўны кансэнсус і ў міжнароднай супольнасьці. Яе вызваленьня патрабуе Захад — Эўропа і ЗША — на самым высокім узроўні. Тут таксама гэтая тэма становіцца ўжо пэўнай справай прынцыпаў — ня толькі для ўкраінскіх палітыкаў, але і для Захаду.
Дракахруст: Чаму Украіна так змагаецца за сваю грамадзянку? Гэтая справа так сканструяваная Расеяй, што гэта суд над палітыкай Украіны як такой, бо Саўчанка ўзяла ў рукі зброю не з свайго асабістага жаданьня, яна была салдатам, вайскоўкай украінскіх узброеных сіл. Так што фактычна судзілі Ўкраіну за правядзеньне антытэрарыстычнай акцыі.
Судовы працэс над Саўчанкай даўно стаў інструмэнтам інфармацыйнай вайны
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўжо заявіў, што Украіна гатовая на абмен. Хоць тут узьнікае цікавая інфармацыя, што ўжо вяліся нават папярэднія перамовы, і расейцы сказалі, што не, двух нашых афіцэраў нам мала, мы хочам калідор на Крым — на што украінскі бок ім адказаў, што мы ўсё ж такі ня Ўсход, дзе прынцэс можна памяняць на паўцарства. Але хутчэй за ўсё гэта расейская пазыцыя запыту, гэта не значыць, што яне не пагодзяцца на абмен, бо сапраўды вельмі моцны будзе ціск на расейскія ўлады і вельмі шмат у гэтай справе вельмі спрэчных момантаў, і што тычыцца фактычнай датычнасьці Саўчанкі да сьмерці гэтых журналістаў, і што тычыцца яе статусу — некаторыя юрысты трактуюць самы суд як парушэньне Жэнэўскай канвэнцыі, бо яна фактычна зьяўляецца ваеннапалоннай.
некаторыя юрысты трактуюць самы суд як парушэньне Жэнэўскай канвэнцыі, бо яна фактычна зьяўляецца ваеннапалоннай
Карбалевіч: Судовы працэс над Саўчанкай даўно стаў інструмэнтам інфармацыйнай вайны. Навошта Расея штучна зацягвае гэты працэс? Можна даўно было б гэта закончыць і ажыцьцявіць гэты абмен ваеннапалоннымі. Маскоўскае кіраўніцтва хоча гэтым працэсам аказаць масавае ўзьдзеяньне на грамадзкую думку, найперш расейскага грамадзтва. Вось нядаўна Левада-цэнтар паказаў, што рэйтынг Пуціна зьменшыўся на 10% — гэта вынік, па-першае, эканамічных праблемаў, па-другое, вынік сыходу ўкраінскай тэмы на задні плян. І вось судовым працэсам Масква спрабуе актуалізаваць гэтую тэму. Таму што як яшчэ ўзьдзейнічаць — пачынаць новую вайну? Гэта невыгодна па шмат якіх прычынах, а з Саўчанкі можна выціснуць максымальна прапагандысцкі прадукт і адцягнуць увагу насельніцтва ад эканамічных праблем.
Расейскія мэдыі нават абвяргаюць розныя закіды заходніх краін, маўляў, гэта ціск на расейскі незалежны суд. Як вы там на Захадзе кажаце, што суд павінен быць незалежным, а самі патрабуеце ад расейскага кіраўніцтва націснуць на суд? Такія няхітрыя прыёмы. Але для сусьветнай супольнасьці і думкі гэты працэс нэгатыўна адбіваецца на вобразе Расеі, абвастраюцца антырасейскія настроі на захадзе, што нават прэзыдэнт ЗША Абама заклікаў Расею спыніць працэс і вызваліць Саўчанку.
Зразумела, што Украіна і яе мэдыі, палітыкі таксама выкарыстоўваюць гэтую сытуацыю на сваю карысьць, таму што тэма вельмі зручная і добра на ёй можна гуляць, каб паказаць адмоўную ролю Расеі ва ўкраінскім пытаньні.