Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, якая цяпер знаходзіцца ў Бэрліне, пракамэнтавала прысуд украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы. Суд у Данецку Растоўскай вобласьці прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай і асудзіў на 22 гады зьняволеньня.
«Гэта ўжо ня проста злачынства ўлады, гэта нейкае варʼяцтва ўлады, якая ўжо знаходзіцца ў нейкім экстазе ад сваіх магчымасьцяў і ад сваёй беспакаранасьці. Бо ўсім жа відавочна, што гэта палітычны працэс, які ня мае пад сабой ніякіх падстаў. Што судзяць не Надзею Саўчанку, а судзяць Украіну. Украіне хочуць паказаць, сьвету хочуць паказаць, што, маўляў, ніхто нам ня ўказ. Але ўсё гэта нагадвае нейкае варʼяцтва. Нейкую агонію. Бо палітыка ўсё ж, як бы там ні было, гэта разумныя дзеяньні ў пэўнай ступені. А гэта ўсё нават не разумна.
Мы ўсе захопленыя мужнасьцю Надзеі, мы ўсе яе не пакінем і будзем далей за яе ўсе змагацца. І ўсё-ткі я спадзяюся, што мы пераможам. Ну ня могуць жа яны быць мацнейшыя за ўсіх нас».
Раней Сьвятлана Алексіевіч і яшчэ амаль 300 дзеячаў навукі, культуры, бізнэсу з усяго сьвету падпісалі зварот у абарону Надзеі Саўчанкі. У звароце яны заклікаюць эўрапейскіх лідэраў «прыняць надзвычайныя меры з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызваленьня» Надзеі Саўчанкі.
Але чаму ўлады Расеі застаюцца непахіснымі? На гэта Сьвятлана Алексіевіч сказала:«Гэта ўжо нейкае варʼяцтва ўладаў ад сваіх магчымасьцяў сёньняшніх. Гэта варʼяцтва ад нашага маўчаньня, што мы ўсе маўчым. Ну што там некалькі дзясяткаў і нават соцень чалавек? А народ жа маўчыць. Нядаўна я прачытала інтэрвію зь людзьмі з Данецку. Ведаеце, ніводзін не сказаў нешта іншае, апроч як „страляць, да сьценкі“. Я спужалася такога народа».