Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: Спэцслужбы разрасьліся і змагаюцца за «доступ да цела» прэзыдэнта


Грыб: Спэцслужбы змагаюцца за «доступ да цела» прэзыдэнта
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:48 0:00
Наўпроставы лінк

Грыб: Спэцслужбы змагаюцца за «доступ да цела» прэзыдэнта

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб адказвае на пытаньні, ці здольныя беларускія спэцслужбы прадухіліць тэрарызм, ці трэба іх скарачаць, ці памірыцца Захад з Расеяй, і тлумачыць, чаму падчас прэзыдэнцкай кампаніі ён адмовіўся ўзначаліць выбарчы штаб Тацяны Караткевіч.

— На фоне тэрактаў у Парыжы людзі задаюцца пытаньнем: ці магчымае нешта падобнае ў Беларусі? Наколькі беларускія спэцслужбы эфэктыўна дзейнічаюць у сэнсе процідзеяньня тэрарызму?

— Мне падаецца, што тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі выключаць нельга. Проста таму, што яны могуць быць на тэрыторыі любой краіны, і пра гэта сьведчыць гісторыя. Нават калі не прымаць удзелу ні ў якіх ваенных дзеяньнях, то гэта таксама не гарантуе, што ў вашай краіне гэтага не адбудзецца.

Тэрарысты могуць апынуцца на тэрыторыі любой краіны. Немагчыма зачыніць усе межы, паветраныя прасторы, тэрыторыю. Прабачце, у нас 1300 кілямэтраў адзінай мяжы з Расеяй, якая нікім не ахоўваецца. Таму ўсё магчыма, і да гэтага мы павінны быць заўсёды гатовыя, і пільнасьць сярод насельніцтва і праваахоўных органаў павінна быць увесь час на пэўным узроўні.

— Шмат хто заяўляе, што беларускія спэцслужбы больш «заточаныя» дзейнічаць сярод палітычнай апазыцыі, чым змагацца з патэнцыйным тэрарызмам. Можа, проста сур’ёзнай тэрарыстычнай пагрозы пакуль не было?

— Нагадаю, што ў нас быў тэрарыстычны акт, калі ў 2011 годзе здарыўся выбух у менскім мэтро. Тады праваахоўным органам удалося даволі хутка злавіць злачынцаў. Але ж Канавалаў і Кавалёў і раней учынялі тэракты, але заставаліся ня знойдзенымі. Таму я б не казаў, што беларускія спэцслужбы маюць вялікі досьвед і дасягненьні ў гэтым кірунку. Што да прыпыненьня розных апазыцыйных дзеяньняў, то тут, вядома, яны маюць вялікія «посьпехі».

Але ж варта зразумець, што калі ў краіне спакойна і тэрактаў няма, то наступае зацішша, якое супакойвае, спрыяе таму, што людзі трацяць пільнасьць.

— На пачатку 90-х вы былі ў Вярхоўным Савеце старшынём камісіі якраз у справе нацыянальнай бясьпекі. Як бы вы ацанілі ступень падрыхтаванасьці беларускіх спэцслужбаў і таксама ступень супярэчнасьцяў паміж імі? Ці ёсьць сапраўды «вайна спэцслужбаў» паміж сабой, ці гэта легенды?

Тэрарысты могуць апынуцца на тэрыторыі любой краіны. Прабачце, у нас 1300 кілямэтраў адзінай мяжы з Расеяй, якая нікім не ахоўваецца.

— Вайна паміж спэцслужбамі заўсёды была, яшчэ ў часы Савецкага Саюзу — асабліва паміж КДБ і МУС. І цяпер яна толькі ўзмацнілася, бо колькасьць апэратыўна-вышуковых службаў у Беларусі значна павялічылася. Калі раней у краіне іх было дзьве, то цяпер — восем! І яны змагаюцца за давер вышэйшага кіраўніка — хто хутчэй данясе, даложыць, той будзе мець большыя дывідэнды. Таму так і атрымліваецца, што паміж імі ідзе моцнае суперніцтва.

— Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што колькасьць спэцслужбаў занадта разраслася, і іх трэба скарачаць. Ці было гэта сказана на публіку, ці бюджэт сапраўды ўжо не вытрымлівае столькі праваахоўных органаў? Ці не атрымаецца так, што пасьля парыскіх падзеяў скажуць — як можна скарачаць спэцслужбы на фоне тэрарызму?

— Я чуў гэтую заяву. Але Лукашэнка не ўдакладняў, каго і на колькі будуць скарачаць. Ён сёньня кажа адно, заўтра робіць іншае. Напрыклад, на інаўгурацыі Лукашэнка казаў, што ён супраць усялякіх рынкавых рэформаў, а днямі на сустрэчы з прадстаўнікамі МВФ казаў ужо зусім адваротнае, што ён за рэформы.

Можа быць, што і скароцяць. Але гэта будзе цяжка, бо кожная служба будзе даказваць сваю неабходнасьць. Таму застанецца той, хто апынуўся «бліжэй да цела».

— Цяпер шмат гавораць пра магчымае стварэньне новай кааліцыі Захаду і Расеі супраць тэрарызму. Штосьці падобнае было адразу пасьля 11 верасьня 2001 году. Ці адбудзецца гэта цяпер і ў якой ступені?

— Я б гэтага не выключаў. Тэрарызм пагражае ўсім, у Парыжы загінулі прадстаўнікі 15 краінаў сьвету. Але ці ўдасца аб’яднацца? На сёньня існуюць вельмі вялікія разыходжаньні паміж Захадам і Расеяй. Можа, што і выйдзе, — але я ня веру, што гэта будзе доўгатэрміновае аб’яднаньне.

— То бок можа адбыцца часовае аб’яднаньне. Але супярэчнасьці з-за Крыму і Данбасу глыбейшыя?

— Вядома. ЗША і Эўразьвяз настойваюць, што Крым — гэта тэрыторыя Ўкраіны. І калі Расея не жадае зьняць гэтае пытаньне — то ня можа быць доўгатэрміновых і сумленных адносінаў паміж Захадам і Расеяй.

— Прадстаўнікі каманды Тацяны Караткевіч падчас апошніх выбараў прапанавалі вам узначаліць яе ініцыятыўную групу, але вы адмовіліся. Чаму?

— Так, Андрэй Дзьмітрыеў мне прапанаваў узначаліць ініцыятыўную групу. Я абяцаў падумаць. Але на другі дзень адбылося паседжаньне Прэзыдыюму нашай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), і я ўбачыў, што партыя ў цэлым не падтрымлівае Караткевіч як кандыдатку ў прэзыдэнты. І я вырашыў, што ў гэтай сытуацыі прымаць прапанову Дзьмітрыева — гэту будзе азначаць рызыкаваць разладам у партыі. Таму я адмовіўся.

— А ваша асабістая ацэнка гэтай кампаніі?

— Мне здаецца, удзел Караткевіч паказаў, што наша ўлада вельмі слабая. Зусім не раскручаны кандыдат, маладая дзяўчына зусім зьнянацку пайшла на выбары — і атрымала 20–25 працэнтаў галасоў. Яе абакралі, напісалі толькі 4 працэнты — мужыкі ўкралі ў жанчыны галасы. Так што яе ўдзел паказаў, наколькі гэтая ўлада нямоцная.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG