Міхаіл Доўбаш, бацька Івана і Аляксея, беларусаў, якіх беспадстаўна абвінавацілі ў тэрарыстычных актах у бэльгійскай сталіцы, ня ведае падрабязнасьцяў пра выбухі ў аэрапорце і мэтро ў Брусэлі. Чуў толькі, што там учыненыя тэрарыстычныя акты. Трагедыю ўспрымае з болем.
Пра нейкую датычнасьць сыноў да выбухаў і слухаць ня хоча:
«Я веру ў сваіх сыноў, яны ня здольныя на такія ўчынкі. Так, яны прынялі іслам. Калі я з Аляксеем меў зносіны, то не ўхваліў пераход да іншай веры. Але ж кожны дарослы чалавек самастойны ў выбары. Іслам — такая ж старажытная рэлігія, як і наша».
Доўбаш-старэйшы даглядае бацькоў у вёсцы ў Ельскім раёне. Раней жыў у Гомелі, працаваў на ювэлірным заводзе «Крышталь». З жонкай Людмілай яны даўно разьвяліся. Яна зьехала ў Бэльгію, забраўшы сыноў.
Бацька паведаміў, што апошні раз старэйшы сын наведваў яго, а заадно й бабулю зь дзядулем, гады тры таму. Пасьля былі толькі тэлефонныя размовы. Адносіны захаваліся паважлівыя.
Бацька лічыць, што пры цяперашняй сыстэме камунікацыі можна проста чалавека «падставіць»:
«Нехта скарыстаўся імёнамі сыноў, каб рабіць свае нейкія справы. Але, на мой погляд, няма чаго ганяць вецер, калі вогнішча няма».
Міхаіл нічога не адказаў на пытаньне, дзе цяпер ягоны старэйшы сын Аляксей — у Беларусі ці ў Бэльгіі, хоць прэс-служба КДБ паведамляла, што падчас тэракту ў бэльгійскай сталіцы Аляксей Доўбаш знаходзіўся ў Гомелі.