Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепш дыскусія, чым аўтарытарызм. Як працуюць маладыя ўкраінскія рэфарматары


Паседжаньне Нацыянальнай рады рэформаў Украіны
Паседжаньне Нацыянальнай рады рэформаў Украіны

Пакуль па гарызанталі беларускай улады дзясяткамі гадоў перасоўваюцца адны і тыя ж кадры, якія зь лёгкасьцю бяруцца за задачы, часта на маючы ў новай галіне ніякага практычнага досьведу, марыць пра эфэктыўны мэнэджмэнт не даводзіцца.  Зусім іншы прыклад адказнай дзяржаўнай палітыкі дэманструюць паўднёвыя суседзі Беларусі.

Два гады таму, пасьля перамогі «Рэвалюцыі годнасьці», ва Ўкраіне былі распачатыя маштабныя рэформы, якія закранулі практычна ўсе сфэры жыцьцядзейнасьці. Узяты шлях на эўраінтэграцыю, абвешчана вайна карупцыі, працягваецца татальная дэкамунізацыя, дзейнічае фактычная забарона на прафэсію для тых, хто супрацьстаяў дэмакратычным працэсам.

Дзеля калегіяльнага абмеркаваньня шляхоў разьвіцьця краіны створаная Нацыянальная рада рэформаў. Адным зь яе куратараў — намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ў пытаньнях адміністрацыйных, сацыяльных і эканамічных рэформаў, сакратар Нацыянальнай рады рэформаў Дзьмітро Шымкіў.

Абсалютная ўлада заўсёды заканчваецца зьнішчэньнем нязгодных

40-гадовы топ-мэнэджэр лічыцца наватарам украінскай палітыкі, мае досьвед пасьпяховага бізнэс-адміністраваньня, экс-гендырэктар кампаніі «Майкрасофт Украіна». Наогул у апошні час стаўка ў дзяржаўным апараце зроблена на маладых: кіроўныя пасады ў міністэрствах і ведамствах занялі 30-35-гадовыя адмыслоўцы з добрай адукацыяй і сучаснымі поглядамі на сьвет. Як кажа Дзьмітро Шымкіў, гэтыя людзі паводле вызначэньня ня могуць быць носьбітамі плянавай эканомікі:

Cакратар Нацыянальнай рады рэформаў Дзьмітро Шымкіў
Cакратар Нацыянальнай рады рэформаў Дзьмітро Шымкіў

«Калі разгледзім клясычныя гісторыі вэртыкалі кіраваньня ў краінах, якія лічацца пасьпяховымі ў рэфармаваньні, то бачна, што значная іх частка была ў руках аўтарытарных лідэраў. Усімі любімы Сынгапур, які згадваецца як узор рэфарматарскай палітыкі, — гэта вэртыкаль улады. Грузія — гэтаксама вэртыкаль улады. Ці гісторыя Польшчы: Лешак Бальцэровіч зрабіў нейкія рэчы цягам двух гадоў, наступныя шэсьць гадоў не прысутнічаў у палітыцы, а потым зноў вярнуўся. То бок, ёсьць пэўная інвэрсійнасьць сыстэмы.

Зьмены заўсёды маюць на ўвазе працяглую па часе распрацоўку самой рэформы і, адпаведна, яе ўкараненьне — існуе разнастайнасьць пунктаў гледжаньня, якая ўплывае на хуткасьць. Калі адзін пункт погляду — гэта воля толькі аднаго чалавека. Праўда, яна можа быць памылковая, часам можа быць абсалютна ня ў тым кірунку. А значыць, не заўсёды прыводзіць да добрых вынікаў — тут я стараюся быць паліткарэктным».

Дзьмітро Шымкіў кажа, што сучасная Ўкраіна выбудоўвае сваю палітыку, зыходзячы з разнастайнасьці пунктаў гледжаньня. Адпаведна, выключаны нават тэарэтычны разварот да аўтарытарнага стылю кіраваньня:

«Лепей дыскусія, чым аўтарытарызм. Пры тым, што хуткасьць рэформаў у аўтарытарнай дзяржаве больш шпаркая — там няма альтэрнатывы. Адзін чалавек сказаў — будзе так і не іначай — і далей па вэртыкалі падначаленыя ўсё зробяць. Калі ўгадаў — пашанцавала. А калі дзесьці памыліўся — уся сыстэма будзе крывая. У дэмакратычным грамадзтве ў выніку дыскусіі знаходзіцца аптымальны варыянт. Так, гэта даўжэй, бо на ўзгадненьне патрабуецца час.

Тым ня меней, дыскусія заўсёды карысная. Мяне так вучылі, я так вырас, я гэта ўжываў у бізнэсе. Чым больш разнастайная каманда, тым больш крэатыўныя рашэньні. Таму што розныя людзі якасна паляпшаюць эфэкт дыскусіі. Калі ў духу палітыкі партыі — усё аднолькава, „Шыхтуйся! Зважай!“ — гэта не працуе. Дакладней, прыводзіць да нейкіх вынікаў, але я не прыхільнік такой сыстэмы, гэта не мая філязофія. Аўтарытарызм заўсёды скатваецца на зьнішчэньне непакорных, нязгодных, пра незалежныя мэдыі ўвогуле маўчу, у аўтарытарных умовах яны ня могуць існаваць і пачынаюць паміраць».

Тут і ніжэй: паседжаньне Нацыянальнай рады рэформаў Украіны
Тут і ніжэй: паседжаньне Нацыянальнай рады рэформаў Украіны

На рэпліку карэспандэнта Свабоды — маўляў, вы добра ведаеце такую дзяржаву, ня трэба далёка хадзіць па прыклады аўтарытарнага выбудоўваньня вэртыкалі ўлады — Дзьмітро Шымкіў усьміхнуўся, але заглыбляцца ў тэму ня стаў:

«Я ведаю, так (сьмяецца). Але паколькі вы зь Беларусі, то пастараюся быць дыпляматычным... Канечне, розныя палітычныя сыстэмы маюць плюсы і мінусы. Напрыклад, я лічу, што Ўкраіна гістарычна рухалася лепей, здаравей і эфэктыўней, калі ў нас была дэмакратыя. Так, гэта вельмі турбулентна, бо заўсёды турбулентная сама дэмакратыя — шмат пунктаў гледжаньня, шмат эмоцый, шмат спосабаў знаходзіць кампрамісы. А гэта самае цяжкое, гэтаму цяжка вучыцца. Катэгарычнасьць у нашых культурах — Украіна, Расея, Беларусь — аб’ектыўна прысутнічае. Маўляў, хачу вось так і так мусіць быць. І ў выніку нараджаецца аўтарытарызм.

А неабходнасьць пачуць іншы пункт погляду і зразумець, што, магчыма, якраз у маёй пазыцыі трэба нешта памяняць, — гэта мэгаскладана. Складана ў бізнэсе, у працы, у жыцьці, у кіраваньні дзяржавай, усюды. Але ў выніку яно прыводзіць да яднальнага фактару, што якраз цалкам супярэчыць неэфэктыўнаму дырэктыўнаму прымусу».

Гіерархія адказнасьці супраць гіерархіі пагонаў і лямпасаў

«Я не люблю гіерархіі пагонаў і лямпасаў. Я люблю гіерерхію адказнасьці», — любіць паўтараць Дзьмітро Шымкіў, дэманструючы гэта ўласным прыкладам.

Яшчэ падчас навучаньня на факультэце тэлекамунікацый, радыёэлектронікі і электроннай тэхнікі ў Львоўскім унівэрсытэце стварыў адну зь першых кампутарных сетак ва Ўкраіне. У 1998 годзе пераехаў у Данію, працаваў у кампаніі ALTA Copenhagen. Вярнуўся на радзіму, заснаваў фірму Alfa Team, у выніку яе рэарганізацыі стаў на чале каманды распрацоўнікаў ва Ўкраіне, Даніі і ЗША. Удзельнік карпаратыўнай праграмы Гарвардзкага інстытуту дзяржаўнага кіраваньня імя Джона Кенэдзі дзеля выпрацоўкі сучасных падыходаў у разьвіцьці інавацыйнай дзяржаўнай палітыкі.

У 2009-м стаў генэральным дырэктарам «Майкрасофт Украіна», якое праз два гады было названа лепшым падразьдзяленьнем кампаніі ў сьвеце. Найлепшы топ-мэнэджэр Украіны згодна са штогадовым рэйтынгам «Топ-100». У сьнежні 2013-га Дзьмітро Шымкіў узяў адпачынак і пайшоў падтрымліваць Эўрамайдан — будаваў барыкады, прыбіраў сьнег, выходзіў на начныя дзяжурствы. Адным словам, біяграфія, якой, хіба за рэдкім выключэньнем, мог бы пахваліцца хоць адзін беларускі чыноўнік:

«Возьмем адукацыю. Усе лічаць, што разьбіраюцца ў адукацыі, што там складанага? Але можаце праэкспэрымэнтаваць, задаўшы пару пытаньняў: а колькі ў нас школаў, а колькі вучняў, а які заробак настаўніка пачатковых клясаў? Як правіла, вам адкажуць агульнымі словамі — „шмат“ ці „мала“. Але я хачу канкрэтна, у штуках, бо школы, унівэрсытэты, працэс ператоку людзей у іх — усё можна палічыць. То бок, існуе матэматыка, разуменьне праз лічбы. Таму адна з задач Нацыянальнай рады — падрыхтаваць матэрыялы, каб людзі, якія сядзяць за сталом, бачылі лічбы.

Напрыклад, гаворым пра рэгулятараў — банкі, сфэру энэргетыкі і г. д. Да мяне падыходзілі некаторыя дэпутаты і дзякавалі проста за тое, што ледзь не ўпершыню пабачылі, што, уласна кажучы, рэгулятар рэгулюе — аб’ём грошай, колькасьць кампаній. А далей ужо ідзе прадмет дыскусій, каб зразумець нюансы і рух у бок прыняцьця рашэньняў. Паколькі зьбіраюцца зацікаўленыя бакі, яны абмяркоўваць канкрэтныя пытаньні. Адпаведна, гэта прымушае нас прымаць калегіяльнае, кансэнсуснае рашэньне. Для гэтага і была ініцыяваная Нацрада».

Езьдзіць па сьвеце, каб пабачыць уласны накірунак разьвіцьця

У навейшай гісторыі Беларусі было некалькі спробаў сабраць за адным сталом зацятых апанэнтаў, каб выпрацаваць тое самае кансэнсунснае рашэньне, якое будзе на карысьць для ўсёй краіны. Аднак практыка пошуку шляхоў пэрспэктыўнага разьвіцьця ў агучваньні розных пунктаў погляду не прыжылася — найперш, з-за неадступлівасьці прадстаўнікоў уладнай вэртыкалі. Ва Ўкраіне, удакладняе намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, сакратар Нацыянальнай рады рэформаў Дзьмітро Шымкіў, сытуацыя прынцыпова адрозная:

«На пасяджэньнях Нацрады прысутнічаюць прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, Кабінэт міністраў і кіраўнікі камітэтаў, залежна ад тэматыкі, сьпікер Вярхоўнай Рады, лідэры фракцый і кааліцый, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. Мы рыхтуем матэрыялы. Вынікам працы — некалькі вельмі важных рэчаў. Найперш, адукаваньне і вывядзеньне ўсіх стэйкхолдэраў на адзін узровень. Што гэта азначае? Летась адбылося 21 паседжаньне Нацрады, у сярэднім яно цягнецца 1,5-2 гадзіны, неяк безь перапынку працавалі 4,5 гадзіны. Ідзе абмеркаваньне, пошук кансэнсусу.

Аднойчы падышлі людзі зь вялікім палітычным досьведам і сказалі: ніколі ня бачылі, каб палітыкі так захоплена абмяркоўвалі нейкія пытаньні. Што яшчэ важна — мэдыяў няма. Патлумачу, бо мэта вельмі простая: мы ня хочам ладзіць баі або спэктакль, калі хтосьці выступае на камэру, каб пакрасавацца. Мне патрэбная кантэнтная дыскусія, каб усе разумелі, што яны абмяркоўваюць, каб знаходзіўся кампраміс у пунктах гледжаньня. Прыйсьці да разуменьня сутнасьці прадмету, у чым яго плюсы і мінусы. Кожны выказвае сваё меркаваньне».

Пасьля «Рэвалюцыі годнасьці» Ўкраіна канчаткова вызначылася з цывілізацыйнымі прыярытэтамі і ўпэўнена рушыць у бок эўраінтэграцыі. Найважнейшым пунктам мусіць стаць рэалізацыя праграмы «Бязь візаў», дзякуючы якой мільёны ўкраінцаў на свае вочы пабачаць, што ахвяры на Майдане не былі дарэмныя — паводле суразмоўцы, Украіна мусіць стаць паўнавартасным удзельнікам эўрапейскіх працэсаў:

«Я лічу, што „Бязь візаў“ дае магчымасьць найперш падарожнічаць студэнтам, наогул большай колькасьці людзей выяжджаць за мяжу. Бо калі яны бачаць іншую краіну, іншыя ўмовы, у якіх жывуць тамтэйшыя жыхары, адпаведна, будуць хацець такіх зьменаў і ў сябе. Дакладна гэтак жа было і са мной.

Я са звычайнай сям’і, у мяне часьцяком не было грошай, каб пад’есьці. Я вырас у Савецкім Саюзе, дзе не было шалёных прыбыткаў, на якія я мог бы шыкаваць. Але мне вельмі хацелася паглядзець, як жывуць эўрапейскія краіны. У выніку ў 1990-х я пачаў падарожнічаць па Эўропе аўтастопам. Натуральна, мне хацелася, каб гэткі ж узровень жыцьця калі-небудзь стаў рэальнасьцю на маёй радзіме. Цяпер кожны зможа паўплываць на тое, каб дзяржава рушыла ў правільным кірунку. Украінцы, як і ўсе астатнія народы, маюць права бачыць сьвет, параўноўваць, прыўносіць лепшае ў сваё жыцьцё».

Нацыянальная рада рэформаў — адмысловы кансультатыўна-дарадчы орган пры прэзыдэнце Ўкраіны ў пытаньнях стратэгічнага плянаваньня, узгадненьня пазыцый дзеля ўкараненьня ва Ўкраіне адзінай дзяржаўнай палітыкі рэформаў і іх рэалізацыі. Створана прэзыдэнцкім загадам у жніўні 2014 году. Старшыня Нацрады рэформаў — прэзыдэнт Пётар Парашэнка. Склад Нацыянальнай рады фармуецца зь ліку чальцоў, якія на сталай аснове бяруць удзел у яго працы, а таксама экспэртаў, адмыслова запрошаных дзеля разгляду асобных пытаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG