Судзьдзя Аляксандар Петраш прызнаў Максіма Вінярскага вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце і аштрафаваў на 50 базавых велічынь. Гаворка пра акцыю ў гадавіну рэфэрэндуму 1996 году, якая прайшла ў Менску 24 кастрычніка на заклік былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча.
Максім Вінярскі на судзе не прызнаў сябе вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце, хоць не адмаўляў, што прысутнічаў на плошчы Незалежнасьці ўвечары 24 кастрычніка. Максім Вінярскі даводзіў суду, што не выкрыкваў ніякіх лёзунгаў і не трымаў у руках плякатаў. На пачатку суду Максім Вінярскі заявіў пра недавер да судзьдзі Аляксандра Петраша і ўвесь працэс, адказваючы на пытаньні судзьдзі, не ўставаў.
8 студзеня Максім Вінярскі таксама быў асуджаны ў Маскоўскім судзе Менску за ўдзел у акцыі пратэсту студэнтаў ад 2 сьнежня і атрымаў у якасьці пакараньня штраф памерам 70 базавых велічынь, зь іх 30 базавых велічынь судзьдзя Тацяна Матыль прысудзіла актывісту за непавагу да суду.