Аляксандар Лукашэнка ў час паездкі ў Буда-Кашалёўскі раён, куды ён паехаў замест Брусэлю, распавёў, як правёў тэст электрамабіля Tesla:
«На ім можна зь любой хуткасьцю ехаць, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Шчыра прызнаюся: я на ім па кальцавой дарозе праехаў з хуткасьцю 280 км/гдз і спалохаўся, што ён можа ўзьляцець. Самалёт ўзьлятае і садзіцца з такой хуткасьцю. Вельмі добры аўтамабіль».
Пра якую менавіта мадэль Tesla ішла гаворка, не ўдакладняецца. Але ў канцы жніўня Лукашэнка езьдзіў на Tesla Model S P100D — паводле афіцыйных характарыстыкаў, тая можа разганяцца толькі да 250 км/гдз (але затое можа разганяцца ад 0 да 100 за 2,4 сэкунды і можа праехаць без падзарадкі больш за 600 км). З «Тэслаў» хутчэй можа ехаць толькі адна машына: разганяцца да цэлых 400 км/гдз можа абноўлены Tesla Roadster, але ён паступіць у продаж толькі ў 2020 годзе.
Tesla прадставіла электрычныя грузавік і спорткар. А што зь беларускімі электрамабілямі?
Лукашэнка таксама выказаўся пра беларускі электрамабіль, выраблены на «Белджы» — сваю Geely, што яму падарылі раней, ён зьбіраецца пратэставаць у бліжэйшыя выходныя:
«Добры аўтамабіль, — казаў Лукашэнка пра Geely. — Не таму, што я прэзыдэнт і гэта наш аўтамабіль. Аўтамабіль годны. Я вельмі прыдзірлівы да такіх рэчаў. Галоўнае — свой, на месцы яго можна адрэмантаваць».
Калі электрычны Geely «крыху ўдасканаліць», казаў Лукашэнка, гэта будзе «добры аўтамабіль для масавага спажываньня» (нядаўна Лукашэнка таксама даў парады па ўдасканаленьні клюшак, вырабленых беларускімі зьняволенымі). Ён дадаў, што калі ў Беларусі запусьцяць АЭС, «у нас будзе дастатковы запас электрычнасьці».
Згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі, на адной зарадцы электрамабіль на базе Geely SC7 можа праехаць крыху болей за 100 кілямэтраў. Зараджаецца яна 6 гадзінаў ад крыніцы сілкаваньня ў 220 вольт, альбо 3-4 гадзіны ад 380 вольт. Падчас выпрабаваньняў аўто разганялася да 110 кілямэтраў за гадзіну.
Лукашэнка ж казаў, што беларусы мусяць «з кітайцамі ці самі — але хацелася б з Кітаем» зрабіць такія акумулятары, што давалі б зараду на 600 км без падзарадкі пры хуткасьці ў 100 км/гдз. Паралельна з Geely работы над электрамабілем вядзе беларуская Акадэмія навук.
«Я ўжо на якіх толькі трактарах, аўтамабілях, грузавіках ні езьдзіў, — распавёў таксама Лукашэнка. — Нават на ГАЗ-51 і трактары МТЗ-50 — гэта першы мой досьвед быў у калгасе. Брат старэйшы працаваў, я паспрабаваў арганічнае ўгнаеньне ўносіць, гэта няпростая апэрацыя была, з гэтага я пачынаў. Але электрамабіль — гэта ня толькі хобі. Я хачу, каб у Беларусі быў свой электрамабіль».