Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наштампаваць і не прадаць. Каму патрэбны 120 тысяч кітайскіх легкавікоў з-пад Барысава

абноўлена

Беларуска-кітайскі аўтазавод "БелДжы" паміж Барысавам і Жодзіна
Беларуска-кітайскі аўтазавод "БелДжы" паміж Барысавам і Жодзіна

17 лістапада ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі ўрачыста запусьцілі завод па вытворчасьці кітайскіх аўтамабіляў Geely. Адпачатку афіцыйнае адкрыцьцё плянавалася на 1 студзеня 2017 году, аднак тэрміны некалькі разоў пераносілася.

Будаўніцтва новай вытворчай пляцоўкі пачалося пазалетась паміж Барысавам і Жодзіна, для рэалізацыі праекту быў атрыманы кітайскі крэдыт амаль на 160 мільёнаў даляраў.

Згодна з праектнай дакумэнтацыяй, на 120 гектарах тэрыторыі, якую перадалі кітайскаму боку ў арэнду на 99 гадоў, агулам паўстануць пяць прамысловых карпусоў і гатэль. Тут будзе ажыцьцяўляцца дробнавузлавая зборка, зварка элемэнтаў кузава, афарбоўка. Дагэтуль машыны зьбіраліся з гатовых фрагмэнтаў: дзьверы, крылы, бампэры паступалі з Кітаю.

Крызіс рынку

Як заявіў міністар прамысловасьці Беларусі Віталь Воўк, першая партыя машын, цалкам сабраных у Беларусі, зьявіцца ў продажы да канца лістападу. Мадэльную лінейку прадпрыемства «БелДжы» будуць складаць флягманскія красоверы Geely Atlas NL 3 і NL 4, а таксама кампактны сэдан.

Паводле чыноўніка, спачатку з канвэера будуць сыходзіць 60 тысяч аўто штогод з пэрспэктывай павелічэньня магутнасьці да 120 тысяч. Пры гэтым не выключаецца, што можна штампаваць нават 250 тысяч «беларускіх кітайцаў». Плянуецца, што тэхніка будзе пастаўляцца найперш у Расею.

Аўтацэнтар «Джылі» у Менску
Аўтацэнтар «Джылі» у Менску

Пра ўзорнае беларуска-кітайскае супрацоўніцтва на прыкладзе вытворчасьці легкавікоў Аляксандар Лукашэнка гаварыў падчас свайго леташняга візыту ў Пэкін. Аднак ёсьць сумнеў, што вонкаваму рынку, ня кажучы пра ўнутраны, патрэбна такая колькасьць кітайскіх аўтамабіляў.

Першы аўтамабіль з кітайскіх машынакамплектаў быў сабраны на часовых плошчах барысаўскага заводу «Аўтагідраўзмацняльнік» у 2013 годзе. Магутнасьць зборкі дасягнула 10 тысяч за год. Але ў рэальнасьці прадавалася каля 1 тысячы машын у Беларусі і меней за 5 тысяч у Расеі.

Новы завод на пачатковым этапе будзе вырабляць 60 тысяч аўто, гэта ў 10 разоў больш, чым усе дылеры «БелДжы» дагэтуль прадавалі на беларускім і расейскім рынках.

Паводле зьвестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у часы, калі Расея спраўна здымала нафтавыя дывідэнды, ёмістасьць унутранага рынку прагназавалася на ўзроўні 3 мільёны аўтамабіляў штогод. Летась гэтая лічба скарэктаваная больш як напалову — 1 мільён 400 тысяч. Ад 50 да 30 тысяч былі зьмененыя прагнозы ў дачыненьні Беларусі.

Нюансы лякалізацыі

Ад 2018 году нормамі ЭАЭС прадугледжаны ўзровень лякалізацыі для аўтавытворцаў у памеры ня меней за 50%. Гэта значыць, як мінімум палова агрэгатаў павінна вырабляцца ў Беларусі. Тутэйшыя Geely не адпавядалі падобным патрабаваньням, і гэта была адна з прычынаў, чаму спынілі вытворчасьць на «Аўтагідраўзмацняльніку».

Да апошняга часу пад выглядам камплектных частак на барысаўскі канвэер пастаўляліся цэлыя элемэнты кузава. Гэта дазваляла пазьбегнуць выплаты мыта як за новы аўтамабіль, але на справе азначала кантрабанду, якая не прадугледжвала нават мінімальнай лякалізацыі. Фактычна быў наладжаны рээкспарт новых кітайскіх аўто, сабраных у Беларусі, бяз сплаты абавязковага мыта.

Вытворчы корпус заводу «БелДжы»
Вытворчы корпус заводу «БелДжы»

Паводле разьлікаў эканамістаў, калі да 2018 году ня ўдасца давесьці лякалізацыю да 50%, Geely недаатрымае 27 мільёнаў даляраў, што дробязь для холдынгу з гадавой выручкай 4 мільярды. А вось Беларусь застанецца ў мінусе больш як на 140 мільёнаў даляраў па адным толькі крэдыце «Эксімбанку».

Беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства «БелДжы» створана ў 2011 годзе. Галоўнымі акцыянэрамі — ААТ «БелАЗ» (51,49%), Zhejang Jirun Automobile Co., Ltd. (33,47%), СЗАТ «Саюзаўтатэхналёгіі» (9,01%) і CITIC International Investment Limited (6,03%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG