Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абураны, што ў беларускага сьцяганосца расейскага трыкалёра адабралі акрэдытацыю


Дырэктар Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы Андрэй Фомачкін з расейскім сьцягам на адкрыцьці Паралімпіяды
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы Андрэй Фомачкін з расейскім сьцягам на адкрыцьці Паралімпіяды

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла, што пранос расейскага сьцяга беларускай дэлегацыяй на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё — «была ініцыятыва каманды».

Натальля Эйсмант адзначыла, што Аляксандар Лукашэнка абураны дзеяньнямі прадстаўнікоў Міжнароднага паралімпійскага камітэту адносна спартоўцаў і чальцоў беларускай дэлегацыі на адкрыцьці Паралімпіяды, перадае БЕЛТА.

«Дзеяньні Міжнароднага паралімпійскага камітэту працягваюць выклікаць зьдзіўленьне. Нават журналісты ведаюць ня ўсе факты, — адзначыла прэс-сакратарка. — Паводле маёй інфармацыі, сама цырымонія, працэдура вынасу расейскага сьцяга нашай дэлегацыяй павінна была выглядаць зусім інакш: за нашым асноўным сьцяганосцам-вазочнікам у дэлегацыі рушылі яшчэ чатыры вазочнікі, і менавіта ў іх пры выезьдзе на стадыён былі два вялікія сьцягі — беларускі і расейскі. Менавіта яны павінны былі везьці побач гэтыя сьцягі на чале беларускай дэлегацыі. Але міжнародныя спартовыя функцыянэры, доўга ня думаючы, скруцілі нашых алімпійцаў-вазочнікаў, адабралі ў іх гэтыя сьцягі і не дазволілі людзям ціха, спакойна і мірна выказаць сваё меркаваньне. Гэты факт абурыў многіх, асабліва абурыў прэзыдэнта нашай краіны».

Натальля Эйсмант пракамэнтавала пазбаўленьне акрэдытацыі на Паралімпіядзе беларускага спартовага чыноўніка, які вынес расейскі сьцяг:

«Гэтым фактам таксама вельмі многія абураныя. У чарговы раз Міжнародны паралімпійскі камітэт паказаў сваю так званую дэмакратычнасьць. Гэтым фактам абураны прэзыдэнт Беларусі. Тым, што чалавеку закрылі рот, і цяпер не даюць выконваць свае наўпроставыя абавязкі».

Паводле Эйсмант, афіцыйная пазыцыя прэзыдэнта Беларусі адназначная — гэта падтрымка і салідарнасьць з расейскімі паралімпійцамі:

«Мы лічым, што гэта абсалютна непрымальна, фактычна, гэта злачынства, калі цалкам здаровыя людзі, у чыіх руках сканцэнтравана пэўная ўлада, прыціскаюць, крыўдзяць, а ў чымсьці нават зьневажаюць людзей, у якіх магчымасьці крыху абмежаваныя».

Натальля Эйсмант падкрэсьліла, што ў Беларусі лічаць цалкам дзікай сытуацыю, пры якой на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў не павінна было быць расейскага сьцяга:

«Гэтую несправядлівасьць наша каманда і ўхіліла. Гэта была ініцыятыва каманды».

Прэс-сакратарка таксама заявіла, што ня можа не выкліка́ць пытаньняў і сама прычына, паводле якой расейскую каманду адхілілі ад спаборніцтваў.

Маўляў, калі будуць прадʼяўленыя доказы датычнасьці да допінгавага скандалу, то «мы можам нават прынесьці прабачэньні за тое, што, як сёньня вельмі гучна напісала заходняя прэса, беларусы сапсавалі цырымонію адкрыцьця».

«А пакуль гэтых доказаў няма, мы лічым, што мы ня толькі яе не сапсавалі, але аднавілі справядлівасьць і паступілі абсалютна правільна», — заявіла Эйсмант.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG