Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі ўлічаць гэты прагін», — спартовы аналітык пра скандал з расейскім сьцягам у Рыё


Беларуская каманда, выйшаўшы на цырымонію адкрыцьця Паралімпіяды з расейскім сьцягам, выставіла сябе ў непрывабным сьвятле перад міжнароднай супольнасьцю і цяпер павінна будзе панесьці суровае пакараньне.

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка.

Аналітык нагадаў, што старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель раней ужо заяўляў пра намер у знак салідарнасьці прайсьці на цырымоніі адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў з расейскім трыкалёрам у руках.

«Гэта значыць, ужо загадзя было відаць, што рыхтуецца такая акцыя. Як яе ацаніць? Калі Міжнародны паралімпійскі камітэт забараніў пранос сьцяга краіны, якая дыскваліфікаваная, то гэта, вядома, парушэньне і за гэта трэба караць па ўсёй строгасьці закону ўсю беларускую каманду і гэтага чалавека (які нёс сьцяг. — РС). Пакараньне павінна быць суровым, каб не панадна было. Бо гэта не капрыз — пазбавіць зборную Расеі ўдзелу ў Паралімпіядзе, гэта даказана на ўсіх узроўнях — былі суды, апэляцыі і г. д. Таму падтрымліваць расейскую каманду з боку іншай краіны — гэта як мінімум дрэнны тон.

Мы высеклі сябе самі, як тая унтэр-афіцэрская ўдава.

Якім можа быць пакараньне? Не магу сказаць дакладна. Для гэтага трэба ведаць добра законы МПК. Але ў любым выпадку, негалосна, стаўленьне да нас з боку судзьдзяў, з боку сусьветнай супольнасьці будзе ясным — што мы як былі, так і засталіся моськай у слана і ўвесь час будзем у гэтага слана ў нагах церціся. Мы высеклі сябе самі, як тая унтэр-афіцэрская ўдава. Навошта?.. Мы да гэтага часу глядзім у бок Расеі — гэта ў корані няправільна», — мяркуе спартовы аналітык.

Даўжэнка ня думае, што рашэньне наконт расейскага сьцяга было прынята на ўзроўні Міністэрства спорту — хутчэй гэта вырашалася на ўзроўні Паралімпійскага камітэту ці нават было ўласнай ініцыятывай некаторых сябраў беларускай дэлегацыі.

Я ня ведаю, хто нёс гэты сьцяг, але старасьць яму забясьпечаная.

«Я ня думаю, што той жа міністар спорту Шамко даў каманду — і так у іх гузоў на лбе досыць пасьля звычайнай Алімпіяды. Таму, хутчэй, гэта асабістая ініцыятыва, асабістыя саўковыя прагіны, якія ўласьцівыя ўсім, хто жыў у СССР. Я ня ведаю, хто нёс гэты сьцяг, але старасьць яму забясьпечаная — у Расеі ўлічаць гэты прагін, і дзесяць мэтраў, якія ён прайшоў з чужым для нас сьцягам, яму нешта прынясуць», — кажа ён.

Міжнародны Паралімпійскі камітэт мае намер правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да дэлегацыі зборнай Беларусі, адзін зь сябраў якой зьявіўся на цырымоніі адкрыцьця Паралімпіяды з расейскім сьцягам. Раней у МПК папярэдзілі, што падобныя паводзіны будуць расцэненыя як палітычны жэст.

У канцы жніўня Фэдэральны суд Швайцарыі адхіліў скаргу Паралімпійскага камітэту Расеі на рашэньне Спартовага арбітражнага суду не дапускаць расейскіх спартоўцаў да Паралімпіяды ў Рыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG