Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык на прэс-брыфігну пракамэнтаваў выпадак на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё, дзе нехта (меркавана, дырэктар цэнтру падрыхтоўкі лёгкаатлетаў Андрэй Фомачкін) пранёс сьцяг Расеі, дыскваліфікаванай праз допінгавы скандал.
«Не гатовы камэнтаваць гэта з пункту гледжаньня правілаў міжнароднага паралімпійскага руху. Але гэта ўчынак. Наш спартовец павёў сябе сур'ёзна, па-таварыску і па-мужчынску. Калі за такія ўчынкі трэба адказваць, будзем адказваць», — заявіў Мірончык.
У Міжнародным паралімпійскім камітэце выявілі асобу «сьцяганосца», абмяркоўваюцца магчымыя дысцыплінарныя меры. Раней у МПК папярэдзілі, што падобныя паводзіны будуць расцэненыя як палітычны жэст. Мінспорту ж пакуль «ня ведае», хто нёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды.
«Гэты жэст сябры беларускай дэлегацыі зрабілі на знак салідарнасьці з расейскімі паралімпійцамі, якія былі адхіленыя ад удзелу ў спаборніцтвах у Рыё без пацьверджаных парушэньняў антыдопінгавых правілаў і пэрсанальнай дыскваліфікацыі», — раней паведаміў старшыня паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель.